Брагінчане далучыліся да праекта “Новае жыццё ў абмен на крышачкі”

Общество

Сацыяльна-экалагічны дабрачынны праект “Новае жыццё ў абмен на крышачкі” ў нашым раёне рэалізуецца дзякуючы цэнтру творчасці дзяцей і моладзі і піянерскай арганізацыі.

Збор пластыкавых крышак ад бутэлек, тэтрапакетаў і дой-пакаў з-пад разнастайных напояў, бытавой парфумерыі і хіміі пачаўся 1 лютага і носіць пастаянны характар. Як паведаміла метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля ФУРС, сродкі, атрыманыя ад продажу пластыкавых крышачак, будуць накіраваны на аказанне дапамогі хворым дзецям і дарослым.

Вядома ж, гэта не адзіная мэта сацыяльна-экалагічнага праекта. Яго арганізатары звяртаюць увагу людзей на неабходнасць паляпшэння экалогіі, папярэджанне забруджвання навакольнага асяроддзя праз скарачэнне звалак, эфектыўнае выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў і інш.

Да збору крышачак актыўна далучыліся вучні Вуглоўскай СШ.

ЧАМУ МЕНАВІТА КРЫШАЧКІ?

На збор менавіта пластыкавых крышачак паўплывалі некалькі фактараў.

Экалагічнасць: з улікам аб’ёмаў штодзённага спажывання пластмаса з’яўляецца адной з істотных пагроз экалогіі нашай планеты, паколькі разлагаецца на працягу пяці тысяч гадоў. У адрозненне ад паперы, шкла і металу пластмаса можа быць вельмі таксічнай, атручвае ваду і глебу.

Бяспека: крышачкі вырабляюцца з найбольш бяспечных відаў пластмасы. У адрозненні ад бутэлек яны не ўтрымліваюць вадкасці, а значыць, магчымасць узнікнення цвілі і працэсаў закісання – мінімальная. Крышачкі таксама бяспечныя для дзяцей, бо не маюць вострых краёў у адрозненне ад металічных і шкляных прадметаў.

Камфорт: пластмасу патрэбна здаваць чыстай, а памыць крышачку прасцей, чым адыходы іншых відаў, у тым ліку бутэлькі. Іх таксама больш зручна збіраць, захоўваць і транспартаваць.

Цана: кошт аднаго кілаг-рама крышачак, як правіла, вышэй, чым кошт іншых відаў другаснай сыравіны.

Яркасць: кантэйнер з рознакаляровымі, яркімі кры-шачкамі выглядае прывабна і выклікае цікавасць.

Кампактнасць: адыходы іншых відаў пластмасы, у тым ліку бутэлек, займаюць больш месца, чым крышачкі, якія нават не патрэбна прасаваць. Дарэчы, адна непрасованая літровая бутэлька весіць каля 30 г і займае месца 58-мі крашачак, маса якіх каля 123 г.

Захопленасць працэсам: апускаць новыя крышачкі ў кантэйнер і з нецярпеннем чакаць, калі ён цалкам запоўніцца, будзе займальна і дзецям, і дарослым любога ўзросту.

Пазнавальнасць: падчас удзелу ў акцыі пашыраюцца веды людзей аб відах пластмасы, працэсах яе перапрацоўкі, а таксама экалогіі.

ЦІ ЎСЁ ПАДЫХОДЗІЦЬ?

Перш чым кінуць пластыкавую крышачку ў спецыяльны кантэйнер, патрэбна яе ўважліва абгледзець. На ўнутраным баку павінна быць нанесена маркіроўка з трох стрэлак у форме трохвугольніка, у сярэдзіне якога ёсць лічба і абрэвіятура:

2 (HDPE ці PE HD)

а) крышачкі ад упаковак тэтра-пак і дой-пак (без ахоўных кольцаў, на якія накручваецца крышачка, напрыклад, малако, малочныя і кісламалочныя прадукты, сок, згушчанае малако, кетчуп, маянэз, соусы, дзіцячае харчаванне (ёгурт, пюрэ і г.д.);

б) крышачкі ад пластыкавых бутляў (малако, малочныя і кісламалочныя прадукты, вада, сок, газіраваныя і негазіраваныя напоі, алей, воцат, вітаміны, БАДы, медыкаменты);

в) крышачкі, кольцы і пластыкавыя ручкі ад 5- і 6-літровых каністраў (вада, нехарчовыя вадкасці).

4 (LDPE ці PEBD)

а) крышачкі ад 19-літровых бутляў з-пад вады;

б) крышачкі ад бляшаных слоікаў з-пад кавы, чаю, какавы.

5 (PP)

а) крышачкі ад бытавой парфумерыі і хіміі;

б) пластыкавыя яйкі ад кіндэр-сюрпрызаў;

в) мерныя шкляначкі і лыжачкі ад прыпраў, сумесяў для дзіцячага харчавання, каўпачкі ад фламастараў і маркераў, крышачкі і слоічкі ад акварэльных фарбаў, пластыліну, гуашы і г.д.

Акрамя таго, пластыкавыя вырабы абавязкова неабходна памыць і выняць з іх укладышы (гумовыя, кардонныя і г.д.).

Далучыцца да дабрачыннага праекта “Новае жыццё ў абмен на крышачкі” можа кожны жадаючы.



Добавить комментарий