Чарговая апаратная нарада пачалася з абмеркавання пытанняў добраўпарадкавання

Важное Официально

Чарговую апаратную нараду старшыня раённага выканаўчага камітэта пачаў з абмеркавання ДОБРАЎПАРАДКАВАННЯ. Шмат зроблена ў райцэнтры, і ўсё патрабуе беражлівага стаўлення і захаванасці. Разбіўка клумб, азеляненне, навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях – тыя работы, якія неабходна выконваць зараз. Адпаведным службам патрэбна звярнуць увагу на дарожныя знакі,  а то часам яны нават ад невялікага ветру хіляцца і выконваюць больш ролю флюгераў, чым функцыі, неабходныя для бяспекі руху альбо інфармавання, – канстатаваў Аляксандр Кохан.

На паляпшэнне спраў у АПК  павінны быць накіраваны намаганні ўсіх, хто задзейнічаны ў сельгасвытворчасці. Гэта датычыць і ветэрынарнай службы, і насеннай інспекцыі, і “Брагінаграсэрвіса”, і Брагінскага ПМС. Але гэта не значыць, што партнёры аказваюць дапамогу, працуюць, а тэхніка сельгаспрадпрыемстваў павінна прастойваць. Так адносяцца да справы толькі абыякавыя выканаўцы, якім нельга займаць кіруючыя пасады. Вясенняя пасяўная завяршаецца, і ўкласціся ў вызначаныя тэрміны – задача аграрыяў раёна.

Больш прынцыповымі павінны быць падыходы да вытворчасці малака. Ад таго што яно прадаецца нізкагатунковым, гаспадаркі губляюць значныя сродкі. Пра гэта ведаюць, але выпраўляць сітуацыю не спяшаюцца. Правесці неабходныя мерапрыемствы, каб палепшыць якасць малака, даручана галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу раёна Надзеі Шкуратавай. Каб своечасова ўплываць на становішча спраў, больш аператыўна неабходна працаваць эканамічнай службе ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і ААТ. Менавіты яна павінна біць трывогу, калі зніжаецца вытворчасць прадукцыі або яе якасць. І тут нельга абыходзіцца толькі канстатацыяй лічбаў ці фактаў. Неадкладнае рэагаванне, выезд у падраздзяленні, высвятленне абставін і выкараненне недахопаў – гэты правераны часам дзейсны ланцужок не спрацоўвае, таму што не выкарыстоўваецца. Канстатавалі, “паклалі” на паперу – і на гэтым усё закончылася. Падобнага дапускаць нельга, – папярэдзіў  кіраўнік раённай вертыкалі.

Аб рабоце МАБІЛЬНАЙ ГРУПЫ праінфармаваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Даўгулявец. Яе прадстаўнікі наведалі аб’екты КЖУП “Брагінскае”. Недахопаў тут шмат, і гэта парадаксальна: арганізацыя, якая павінна адказваць за парадак на тэрыторыі значнай часткі раёна, не можа яго навесці на ўласных плошчах. Гэта датычыць і зносу аб’ектаў,  і элементарнай чысціні на падведамасных тэрыторыях і вакол іх. Адпаведныя даручэнні старшыня райвыканкама адрасаваў дырэктару КЖУП “Брагінскае” Аляксандру Атрошчанку. Шэраг заўваг прагучала і ў адрас ААТ “Камарынскі”.

Па інфармацыі намесніка начальніка РАНС Віктара Цімоніна, пажараў за тыдзень не здарылася. Наглядальныя камісіі працавалі па графіку. Асаблівая ўвага надаецца праверцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, дахавых і падвальных памяшканняў у шматкватэрных дамах.

Начальнік РАУС Валерый Чэкан паведаміў: за тыдзень на нумар 102 паступіла больш за 50 паведамленняў. Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу, выяўлены выпадак самагонаварэння, зафіксавана некалькі дарожна-транспартных здарэнняў.

Аб выкананні прагнозных паказчыкаў паведаміла начальнік аддзела эканомікі Людміла Шахніцкая. Не ўсе даведзеныя заданні выконваюцца. У першую чаргу гэта датычыць сферы гандлю. Пашырэнне зоны абслугоўвання і з’яўленне канкурэнтаў прывяло да таго, што раённае спажывецкае таварыства пагоршыла якасць работы. Шукаць шляхі выпраўлення сітуацыі, пашыраць асартымент, прапаноўваць новыя паслугі  – задача праўлення.

Навядзенне парадку на сельскіх тэрыторыях, стварэнне новых архітэктурных форм павінна працягвацца, – звярнуўся  Аляксандр Кохан да прысутных на нарадзе старшынь сельвыканкамаў. Традыцыйным у раёне стаў КОНКУРС па добраўпарадкаванні. У гэтым годзе таксама будуць вызначаны лепшыя падвор’і, арганізацыі і ўстановы, сельскія Саветы.

На апаратнай нарадзе разгледжаны і іншыя пытанні: будаўніцтва, зносу непрыдатных для выкарыстання аб’ектаў, разлікаў за энерганосьбіты, пагашэння крэдыторскай запазычанасці.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *