Славутыя армейскія традыцыі працягвае моладзь

Важное Грамадства

Аляксандр Лутчанка з гонарам носіць гадзіннік, які яму ўручыў міністр абароны

 

У жыцці кожнага юнака настае час, калі Айчына заклікае яго на ваенную службу. Гэта хоць і складаны, але вельмі карысны перыяд, бо армія з’яўляецца сапраўднай школай жыцця, якая дае шмат навыкаў для станаўлення асобы. Менавіта ў вайсковай часці можна набыць дадатковую спецыяльнасць, палепшыць сваю фізічную форму, ды і проста стаць больш дысцыплінаваным, сабраным, уважлівым.

Як паведаміў намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне ваеннага камісарыята Хойніцкага і Брагінскага раёнаў Сяргей Паўленка, нядаўна пачалася чарговая прызыўная кампанія, якая працягнецца да мая. Нашы землякі заўсёды былі прыкладам мужнасці і адвагі, узорам нясення вайсковай службы. Многім з іх даводзілася неаднойчы ў свой адрас чуць словы падзякі ад камандзіраў. А Аляксандру Лутчанку з Вуглоў нават пашчасціла прыняць удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання ваеннаслужачых тэрміновай службы, якая адбылася ў Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл у лістападзе мінулага года. Юнак увайшоў у лік 60 лепшых, каму міністр абароны Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў уручыў гадзіннікі. Ганаровымі гасцямі гэтай сустрэчы сталі маці ваеннаслужачых.

Лісты з падзякай бацькам Аляксандра ад міністра абароны і камандзіра вайсковай часці

Дарэчы, Аляксандр усур’ёз задумаўся аб тым, каб прадоўжыць службу ў арміі па кантракце. Да прызыву юнак скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй па спецыяльнасці “эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. А зараз праходзіць службу ў 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Пад кіраўніцтвам высокакваліфікаваных выкладчыкаў ён таксама атрымаў спецыяльнасць “механік-вадзіцель БАЗ-5937(39)”.

За час службы Аляксандр зарэкамендаваў сябе толькі з лепшага боку, мае чатыры заахвочванні. І, як вынік, стаў намеснікам камандзіра ўзвода. На гэтай пасадзе праяўляе не толькі свае лідарскія якасці, але і дысцыплінаванасць, з’яўляецца прыкладам для падначаленых. Не застаецца юнак у баку і ад грамадскіх спраў. Ён абраны старшынём савета сяржантаў воінскай часці.

– З дзяцінства я глядзеў на ваеннаслужачых з пачуццём гонару і павагі. Сёння, калі за спінай большая палова тэрміну, з упэўненасцю раблю свой выбар на карысць працягу службы па кантракце. І бацькі мяне ў гэтым падтрымліваюць, – прызнаецца Аляксандр. – Лічу, што армейскую школу мужнасці павінен прайсці кожны малады чалавек.

Кірыл Галяк (у цэнтры) з армейскімі сябрамі.

Такія паняцці, як абавязак, гонар, служба Айчыне маюць вялікае значэнне і для жыхара Брагіна Кірыла Галяка. Юнак праходзіць тэрміновую службу ў вайсковай часці 3310 унутраных войскаў МУС. 23 студзеня ў 17.10, падчас патрулявання вуліц Салігорска, вайсковы нарад, начальнікам якога з’яўляецца Кірыл, атрымаў паведамленне аб знікненні дзіцяці. Ваеннаслужачыя адразу ж накіраваліся на пошукі. Хлопчык быў знойдзены літаральна праз 30 хвілін. Як высветлілася, ён заблудзіў і не ведаў, як самастойна дабрацца да дому.

І ўжо ў 18.36 Арцём быў перададзены маме. Пераканаўшыся, што з малым усё ў парадку, і пачуўшы у свой адрас шмат цёплых слоў, вайсковы нарад на чале з Кірылам Галяком прадоўжыў патруляванне.

Маладое пакаленне абаронцаў Айчыны дастойна працягвае славутыя традыцыі продкаў. Бацькі могуць ганарыцца сваімі сынамі, а мы – быць спакойнымі за краіну, пакуль на варце стаяць такія землякі.

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ваенны камісарыят Хойніцкага і Брагінскага раёнаў віншуе ўсіх са святам, якое даўно ўжо стала для нас знакам мужнасці і доблесці. Яно ўвасабляе адвагу і гонар людзей, якія абаранялі нашу краіну ва ўсе перыяды яе гісторыі. Гэта свята ўсіх, хто нясе службу ў радах Узброеных Сіл. Здароўя і даўгалецця ветэранам, паспяховай мірнай службы салдатам і афіцэрам!

Вольга ПАЛЯШЧУК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *