Чамярыскі сельскі Савет: роднай старонцы прысвячаецца

Важное Грамадства

У кожнага чалавека сваё паняцце малой радзімы. Хтосьці ўсёй душой прыкіпеў да куточка, дзе нарадзіўся і вырас, любіць яго і паважае людзей, якія жывуць побач, клапоціцца пра кожнае пасаджанае дрэўца, захоўвае чысціню і парадак. А хтосьці, на вялікі жаль, абыякава ставіцца не толькі да ўласнага двара і сваёй хаты, але і да ўсяго наваколля. Некаторыя “гаспадары” пакідаюць пасля сябе такі след, што патрэбен не адзін суботнік, каб прыбраць яго з твару зямлі. Прыкра, але гэта так… І такіх слядоў, як можна прыкмеціць, на Брагіншчыне нямала. Каб аб’яднаць людзей у справе на карысць роднага краю, у раёне быў аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, які прадоўжыцца да 16 красавіка. Гэта час, калі людзі ўзбройваюцца граблямі, сякерамі, піламі, рыдлёўкамі і прыводзяць у парадак свае сядзібы, навакольныя тэрыторыі.

Не засталіся ў баку ад такога маштабнага мерапрыемства і жыхары Чамярыскага сельсавета. Яны ахвотна і з энтузіязмам выйшлі на вуліцы вёсак, каб прывесці іх у належны стан. Асаблівая ўвага ўдзялялася тым падворкам, дзе ўжо доўгі час адсутнічаюць гаспадары, а таксама тэрыторыям, пакрытым зараснікамі, смеццем, сухімі галінамі і паваленымі дрэвамі. На дапамогу прыйшлі таксама мясцовыя працоўныя калектывы: работнікі адукацыі, аховы здароўя, культуры, а таксама арганізацыі, замацаваныя за сельсаветам, – ветстанцыя і Брагінскі ўчастак ПДРЭЗ. Зрабілі многа, але шмат яшчэ патрэбна і добраўпарадкаваць.

Асобна хачу спыніцца на вёсцы Грушнае. Яе жыхары, каб хоць у нейкай ступені палепшыць знешні выгляд свайго куточка, уключаліся ў вялікую ўборку дзве суботы запар.
Думаю, што ў многіх, хто бываў у гэтым населеным пункце, склалася аб ім, мякка кажучы, не лепшае ўражанне. Віной таму – уплыў чарнобыльскай катастрофы: людзей высялялі. У выніку засталося шмат пустых хат, якія зараз зеўраюць чорнымі вокнамі ды парослай дзікай раслінасцю ў дварах. А людзі, якія шастаюць тут, пакідаюць пасля сябе смецце і разбурэнні.

Жывуць у вёсцы і сумленныя асобы, якія любяць, нягледзячы ні на што, малую радзіму, хварэюць за яе душой. Па ініцыятыве старасты вёскі Наталлі Лявоненкі яны выйшлі папрацаваць на агульную карысць, адклаўшы дамашнія вясеннія справы. Людзі актыўна, з бадзёрым настроем высякалі кусты, пілілі, прыбіралі смецце… Рабілі ўсё з жаданнем – без прымусу, бо разумелі: самім тут жыць, хадзіць па гэтых вуліцах. А нехта заўважыў: як будзе прыемна ўбачыць станоўчыя змены тым, хто прыедзе на малую радзіму на Радуніцу. Гэта было вельмі прыемна пачуць. Значыць, ёсць сярод нас жыхары, якія клапоцяцца пра ўтульнасць і для сябе, і для іншых. Ёсць, на жаль, і такія, хто лічыць мерапрыемствы па добраўпарадкаванні “дурной справай” і застаецца ад іх у баку. Але я веру, што ў вёскі з такой смачнай назвай будзе добрая будучыня, і яна заслугоўвае таго, каб быць дагледжанай, утульнай і прыгожай.

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ, в.а. старшыні Чамярыскага сельскага выканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *