Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская сустрэлася з жыхарамі Чамярыскага сельскага Савета

Главное Грамадства

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Жанна Чарняўская і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Калясан завіталі сёння ў Чамярысы. Прадстаўнікі ўлады заўсёды адкрыты для канструктыўнага дыялогу, а такія сустрэчы дазваляюць ім хутчэй даведацца аб праблемах людзей і прыняць меры па іх вырашэнні.

Жанна Мікалаеўна  паведаміла прысутным, што дзеючым парламентам ужо разгледжана каля 80 разнастайных дакументаў. Адзін з іх – праект новага КаАП, асноўнай задачай якога стане не пакаранне чалавека, а папярэджанне правапарушэнняў, іх прафілактыка. Адміністрацыйныя правапарушэнні, дарэчы, у залежнасці ад ступені іх грамадскай шкоднасці і цяжару наступстваў будуць падзелены на тры катэгорыі: праступак, значныя правапарушэнні і грубыя правапарушэнні.

Распрацоўка новага Кодэкса аб недрах, па словах парламентарыя, таксама прадыктавана часам. Ім найперш плануецца ўпарадкаваць бурэнне свідравін на ваду. Дарэчы, тэма вады сёння адна з набалелых для вяскоўцаў: з кожным годам усё больш пусцеюць калодзежы, мялеюць рэкі. Прыйшла пара задумацца аб беражлівым стаўленні да гэтага важнага і каштоўнага дару прыроды.

Пракаментавала Жанна Мікалаеўна і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №171 “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”. Так, для маці, якія нарадзілі чацвёра і больш дзяцей, перыяды, калі яны не працавалі ў сувязі з доглядам за малалетнімі дзецьмі, цяпер будуць залічвацца ў агульны стаж для назначэння пенсіі ў межах 12 гадоў (зараз – 9). Дакументам таксама павялічваецца тэрмін выплаты дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі – з 6 да 12 месяцаў. Акрамя таго, для прызначэння такой дапамогі павялічваецца крытэрый патрэбнасці – са 100% да 115% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Ёсць прыемная навіна і для сямейных пар, у якіх няма дзяцей: Указам №171 прадугледжваецца правядзенне адной бясплатнай спробы ЭКА (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці супрацьпаказанняў).

Змяненні таксама закранулі грамадзян з інваліднасцю, бацькоў дзяцей-інвалідаў, асоб, якім можа прызначацца працоўная пенсія ў выпадку страты (смерці) карміцеля, і інш.

Звярнула ўвагу дэпутат Палаты прадстаўнікоў і на дасягненні нашай краіны: у медыцыне, адукацыі, IT-сферы. Размова  вялася таксама аб развіцці сельскай мясцовасці, будаўніцтве жылля для маладых спецыялістаў і мнагадзетных сем’яў, іншых актуальных для вяскоўцаў тэм.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *