У Раісы Шылец са Сцежарнага ёсць занятак для душы

Грамадства

У многіх людзей ёсць сваё хобі. Той занятак, які здольны адцягнуць ад паўсядзённых клопатаў, ад розных думак і проста даць магчымасць адпачыць душой.

Раіса Шылец – працавітая і прыгожая жанчына, любімая жонка, маці і бабуля, нарадзілася ў вёсцы Сцежарнае. Яна ніколі не пакідала родны край. Разам з мужам жывуць у згодзе і дабрабыце пяцьдзясят тры гады. Мне пашчасціла пазнаёміцца з ёй.

Любімы занятак Раісы Іванаўны – вышыўка гладдзю. Звычайна той, хто ўпершыню ўбачыў яе работы, з захапленнем гаворыць: “Якая неверагодная прыгажосць!” Колькі патрэба часу, цярпення, каб з дапамогай нітак стварыць на палатне чарговы шэдэўр. На працягу дваццаці пяці гадоў яна не выпускала з рук іголку, любімай справе аддавала ўвесь свой вольны час. А пачалося ўсё яшчэ ў чацвёртым класе.

Раіса Шылец часта бывала ў доме сваёй суседкі, якая вельмі прыгожа вышывала. Пахадзіла да яе, прыгледзелася, як тая акуратна, сцяжок за сцяжком, вышывала кветкі, іншыя ўзоры, і вырашыла сама паспрабаваць.

– Хто Вам у гэтым дапамог? – цікаўлюся ў жанчыны.

– Аднойчы пасля школы я пайшла да нашай майстрыхі па вышыўцы гладдзю цёткі Каці, каб навучыцца гэтай справе. Яна мне не адмовіла.

– І вы адразу, узяўшы з сабой неабходнае, пачалі вышываць?

– Не. У мяне не было нічога, таму яна дала ўсё сваё: пяльцы, матэрыял, ніткі.

– З чаго патрэба было пачынаць, каб спасцігнуць гэтую тэхніку?

– Нацягнуць на пяльцы матэрыял. Пасля таго як я гэта зрабіла, цётка Каця паказала мне, як дзейнічаць іголкай, у якіх месцах яе перакалваць, каб было роўна і акуратна. Калі вышываць гладдзю і не перакалваць іголку, атрымаецца не вельмі прыгожа. Давядзецца перарабляць усё спачатку.

– Мабыць, ваша суседка была цудоўным настаўнікам?

– Ведаеце, можна сказаць і так. Не кожны здольны цябе навучыць, і не кожнага ты зможаш зразумець. А я ўсё схапіла на ляту і пачала вышываць самастойна. Хаця ўсё роўна хадзіла да майстрыхі, калі што не атрымлівалася.

Так Раіса Іванаўна пачала пераносіць на палатно знаёмыя і блізкія сэрцу малюнкі прыроды, узоры. Рабіла з вялікім задавальненнем і энтузіязмам, амаль кожны дзень з ранку да вечара. Пасля замужжа, калі пайшла на працу, вышывала ў вольныя хвіліны. Аздабляла навалочкі, прасціны, ручнікі, абрусы, набожнікі. Работы Раісы Іванаўны бралі не раз на творчыя выставы.

Калі я да яе прыйшла, каб яна паказала свае работы, я проста разгубілася ў гэтай прыгажосці. І адначасова стала сумна, што мала хто зараз займаецца такім рамяством.

Вышыўка гладдзю ва ўсе часы дапамагала ўнесці нотку вытанчанасці ў вясковую хату. Арыгінальныя прадметы інтэр’еру, цацкі для маленькіх дзяцей, бялізна і многія іншыя рэчы ўпрыгожвалі любое памяшканне. Аздобленае такім чынам адзенне ўнясе непаўторнасць у гардэроб кожнай жанчыны.

Вышыўка – гэта творчасць, занятак, які прыносіць радасць. Калі пасля завяршэння чарговай працы на паркаль «выпархне» матылёк, які сядзеў на кветцы, а, магчыма, і прыгожая птушка, адчуваеш гонар за сябе і за рамяство, якое спасціг. Гэтыя пачуцці Раісе Іванаўне добра вядомыя. Яна перажывае іх кожны раз пасля таго, як вышыта новая рэч, у якую ўкладзены любоў і майстэрства, і ўсё атрымалася так, як было задумана.

Ганна ШУЛЬГА,
студэнтка Гомельскага
дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Францыска Скарыны



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *