28 мая — Дзень пагранічніка. Ахова гранiц краiны – высокі гонар і вялікая адказнасць

Грамадства

Старшы прапаршчык Аляксандр Музычэнка ўзнагароджаны медалём “За адзнаку ў воінскай службе”

“Дзяржаўная граніца – пад надзейнай аховай”, – запэўнілі на заставе “Камарын”, дзе мы пабывалі напярэдадні прафесійнага свята абаронцаў беларускіх рубяжоў.

У ліку першачарговых задач “зялёных фуражак” – кантроль за выкананнем насельніцтвам пагранічнага заканадаўства. Важнасць гэтай работы разумеюць усе. Асабліва ў святле апошніх падзей. А наколькі якасна ваеннаслужачы выканае сваю баявую задачу, у многім залежыць ад таго, у якіх умовах ён будзе служыць, наколькі сытна паесць, ці будзе цалкам абмундзіраваны. Усё гэта ляжыць на плячах старшыны заставы Аляксандра Музычэнкі, які служыць тут практычна з дня заснавання. Грамадзянскія прафесіі на такі адказны пост змяніў у 2014 годзе. Да гэтага Аляксандр Васільевіч працаваў спачатку ветурачом, а потым – у запаведніку.

– Аб перспектывах пагранічнай службы даведаўся ад жонкі Наталлі, кантралёра АПК “Камарын”, – дзеліцца старшы прапаршчык. – У жніўні ўжо будзе восем гадоў, як выконваю абавязкі старшыны.

А пасада гэтая, трэба сказаць, даволі адказная. У ліку штодзённых задач – не толькі забеспячэнне парадку на заставе, кантроль за захоўваннем узбраення і тэхнікі, але і выхаваўчая работа, падтрыманне маральнага духу ваеннаслужачых. Пра кожнага са сваіх падначаленых старшына ведае практычна ўсё: ад месца нараджэння і тэрміну службы да сямейнага становішча і асабістых якасцяў. Сочыць за знешнім выглядам салдат, патрабуе ад іх дысцыплінаванасці і размяркоўвае гаспадарчыя нарады.

Аляксандр Васільевіч праводзіць экскурсію па казарме, дзе ў кожнага пакоя – сваё прызначэнне: у адным захоўваюцца рэчы ваеннаслужачых, у другім яны спяць, у трэцім арганізавана пральня…

Вучэбны кабінет, дзе праводзяцца заняткі, знаходзіцца ў асобным памяшканні. Тут сустракаем Аляксандра Мецяленку. У органах пагранічнай службы малады чалавек ужо год:

– Я задаволены, што трапіў менавіта сюды. Падабаецца калектыў – усе дысцыплінаваныя, адказныя, дружныя.

На кухні гаспадарыць Арцём Лісоўскі з Рагачова:

– На гэтай заставе я яшчэ толькі тыдзень. А прызваўся мінулай восенню. Спачатку была “вучэбка”, дзе спасцігаў асновы ваеннай навукі, потым асвойваў прафесію повара. Дарэчы, да арміі атрымаў спецыяльнасць зваршчыка, а тут давялося рэзка перакваліфікавацца. Зараз майстэрства гатаваць стравы адточваю на практыцы. Спадзяюся, што атрымліваецца смачна. Пакуль ніхто не скардзіўся.

Тым часам старшы прапаршчык працягвае знаёміць са сваімі “ўладаннямі”:

– Вось тут у нас высаджаны памідоры і перцы, а ў цяпліцы ёсць яшчэ цыбуля і радыска…

Так, нечакана. Але, як бачым, за імунітэт ваеннаслужачых можна не хвалявацца – вітамінамі яны забяспечаны. Прычым вырошчваюць іх самастойна. Знайшлося на ўчастку месца і для клубніц, якія ўжо зацвілі і абяцаюць добры ўраджай. Дапаўняе падсобную гаспадарку куратнік.

Асобная тэрыторыя адведзена для вальераў з сабакамі. На заставе іх чацвёра, усе – аўчаркі: бельгійская, усходне-еўрапейская і дзве нямецкія. Для заняткаў па фізічнай падрыхтоўцы абсталявана спартыўная пляцоўка. Усё прадумана да дробязяў.

Начальнік заставы Аляксей Гарошка лічыць калегу сваёй правай рукой, надзейным тылам. Цалкам яму давярае. Напярэдадні прафесійнага свята за высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне воінскага абавязку, асобыя заслугі ў ахове дзяржаўнай граніцы і высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці старшы прапаршчык Аляксандр Музычэнка ўзнагароджаны медалём “За адзнаку ў воінскай службе”. Нагадаем таксама, што прозвішча старшыны пагранзаставы “Камарын” занесена на Дошку гонару Брагінскага раёна.

Віншуем абаронцаў беларускіх рубяжоў з прафесійным святам, якое яны будуць адзначаць 28 мая. Дзякуючы ім, адважным і ўважлівым, мы можам быць упэўнены ў сваёй бяспецы. Моцнага здароўя, поспехаў і мірнага неба!

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *