30 мая мудрыя наказы ў дарогу атрымаюць юнакі і дзяўчаты, якія ўступаюць у дарослае жыццё. Для іх прагучыць званок. Апошні…

Грамадства

Выпускніцы Камарынскай СШ Дар’я і Сафія ўжо вызначыліся, дзе працягнуць навучанне.

Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна было іх першае верасня. А ўжо… Зусім самастойныя, са сфарміраванымі поглядамі. Што чакае там, за паваротам?

Хвалююцца і выпускнікі, і іх настаўнікі, і бацькі. У думках кожнага, відаць, прамільгне: як хутка ляціць час! А душу ў гэты святочны майскі дзень напоўніць цэлая гама пачуццяў – ад радасці да суму.

Жаданымі гасцямі і ўдзельнікамі ўрачыстасці, прысвечанай заканчэнню навучальнага года, будуць прадстаўнікі раённай улады, мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутацкага корпусу. Заахвочванні атрымаюць юныя асобы, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, творчай, інтэлектуальнай, спартыўнай і іншай дзейнасці. Многім бацькам уручаць лісты з падзякай за дастойнае выхаванне сваіх дзяцей.

Пажаданні ўсім, для каго надышоў час развітвацца з дзяцінствам, – самыя цёплыя і душэўныя, а наказы ў дарогу – мудрыя і слушныя: несці ў свет дабро, сумленнасць і высакароднасць, не забываць тых, хто на працягу школьных гадоў быў побач, шчодра дзяліўся ведамі.

Сёлета, дарэчы, адзінаццатыя класы ў нашым раёне заканчваюць 97 вучняў, дзявятыя – 168. Ва ўсіх наперадзе – абавязковыя выпускныя іспыты: экзаменацыйная кампанія пройдзе з 1 па 9 чэрвеня. А будучых абітурыентаў чакае яшчэ і ЦТ, паступленне ў выбраную навучальную ўстанову. Удачы!

Няхай накіроўваюць, натхняюць, дапамагаюць мудрыя наказы настаўнікаў, здабытыя веды і сяброўства, тысячы вялікіх і малых падзей, з якіх было саткана школьнае жыццё.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *