За радком Дэкрэта №18. Мэта адна – захаваць сям’ю

Грамадства

Дзяржава і грамадства з сябе адказнасці не здымаюць

У большасці з нас слова сям’я выклікае толькі самыя светлыя пачуцці. Гэта каханне, дзеці, дом. А калі глядзець шырэй, то яшчэ і клопат, узаемаразуменне, падтрымка, апора ў жыцці. На жаль, бываюць і прыкрыя выключэнні. Напрыклад, калі бацькоў бярэ ў палон алкаголь. Уздзейнічае на розум, выцясняе маральныя прынцыпы і духоўныя каштоўнасці, вядзе да бездані.Так узнікае праблема сямейнага недабрабыту – адна з вострых. Перш за ўсё таму, што пакутуюць дзеці. І менавіта па гэтай прычыне – з-за ўцягвання ў гарэлку самых блізкіх людзей – найчасцей трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча. У такім статусе ў нашым раёне, па даных на першага лютага, знаходзіцца 11 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 29 непаўналетніх. Адпаведнае рашэнне прымаецца на пасяджэнні каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18.

Каб абараніць правы і законныя інтарэсы дзяцей, ліквідаваць прычыны і ўмовы, што прывялі да пастаноўкі на ўлік, за спакой і лад у сем’ях змагаюцца ўсе суб’екты прафілактыкі. Але абудзіць сумленне бацькоў, працверазіць іх не так проста. Як і цалкам пазбавіцца ад перашкод у барацьбе з праблемай сацыяльнага сіроцтва. Станоўчы эфект, на жаль, дасягаецца не заўсёды. Калі ёсць важкія падставы, дзіця прызнаецца маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне і змяшчаецца ў сацыяльны прытулак, а бацькам даецца паўгода, каб усё пераасэнсаваць і змяніць свой лад жыцця.

У мінулым годзе, дарэчы, такое рашэнне камісія па справах непаўналетніх прыняла ў дачыненні да трох дзяцей з трох сем’яў. Дзве з іх, як ні балюча гэта прызнаваць, захаваць не ўдалося. Адсутнасць станоўчых зрухаў прывяла да таго, што бацькі пазбавіліся сваіх правоў. Больш таго, двое непаўналетніх змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне ўжо сёлета. Прычына – злоўжыванне бацькамі спіртным. У іх пакуль ёсць час на роздум, што даражэй: сяброўства з алкаголем ці дзеці, дабрабыт сям’і. А бываюць, да слова, і іншыя выпадкі. Не звязаныя з алкаголем. Напрыклад, калі лічыцца нормай расціць і выхоўваць дзяцей ва ўмовах, далёкіх ад звычайных паняццяў чысціні і парадку. Таму часам спецыялістам, прадстаўнікам дзяржаўных органаў даводзіцца падказваць, вучыць такіх асоб, як наладзіць сямейны побыт, весці хатнюю гаспадарку, стварыць для сваіх крывінак камфорт, зручнасць і бяспеку. Зрушыць праблему з месца ўдаецца не заўсёды. У большай ступені з-за таго, што для чалавека, які выхоўваўся ў аналагічных умовах і не набыў неабходнага жыццёвага вопыту, элементарныя клопаты з’яўляюцца чымсьці незразумелым, непатрэбным. Недабрабыт, на жаль, атрымліваецца ў спадчыну. Таму галоўная задача – прыкмеціць яго на ранняй стадыі. І, вядома ж, паўплываць, дапамагчы, пакуль яшчэ сітуацыя не дайшла да крайнасці.

Насустрач данай катэгорыі ў вырашэнні праблем ідуць не толькі дзяржаўныя структуры, але і наймальнікі. У раёне зараз налічваецца 28 абавязаных асоб. Усе працаўладкаваны. Каб накіраваць іх на правільную дарогу, наладзіць жыццё ў сем’ях, гора-бацькам прапаноўваецца лячэнне ад алкагольнай залежнасці, пры неабходнасці – псіхалагічная, гуманітарная, іншая дапамога. Але куды важней жаданне іх саміх вырвацца з заганнага круга, выкарыстаць такую падтрымку.
Многае таксама залежыць і ад тых, хто жыве, працуе побач: суседзяў, калег, знаёмых. Своечасова заўважыць, звярнуць увагу на праблему, не замоўчваць пра яе, а аператыўна падключыць да справы адпаведныя структуры – усё гэта павялічвае шанцы захаваць сям’ю.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *