Умела гаспадарылі і дзяліліся вопытам з іншымі

Грамадства

Часам па-новаму адкрываеш для сябе добра знаёмага чалавека і міжволі заўважаеш у ім рысы характару, якія выклікаюць павагу: мудрасць, рашучасць і гатоўнасць узяць на сябе адказнасць за калектыў і людскія лёсы.

Так у мяне было з Пятром Голікам. Напярэдадні 37-й гадавіны аварыі на ЧАЭС мы папрасілі яго ўзгадаць падзеі 1986 года, сведкам і ўдзельнікам якіх ён быў. На той момант Пётр Пятровіч працаваў інструктарам Брагінскага райкама партыі і курыраваў работу партыйнай арганізацыі калгаса “Чырвоная Украіна”, цэнтральная сядзіба якога – в. Гдзень. На другі дзень Вялікадня (5 мая) ён па даручэнні райкама партыі паехаў у Гдзень эвакуіраваць насельніцтва з забруджанай тэрыторыі. У тры гадзіны ночы старшыні сельскіх Саветаў і калгаса былі на месцы, падрыхтавалі спісы жыхароў, якія першымі адправіліся ў Шкураты. Менавіта туды вывозілі спачатку цяжарных жанчын, дзяцей, пенсіянераў, а потым – і працаўнікоў гаспадаркі.

З удзячнасцю Пётр Пятровіч узгадвае Тамару Кудан (у дзявоцтве – Літвінку), якая працавала намеснікам галоўнага бухгалтара, узначальвала камсамольскую арганізацыю ў Шкуратах, займала актыўную грамадзянскую пазіцыю. Акрамя ўсяго, валодала арганізатарскімі здольнасцямі. Яна дапамагала рассяляць людзей па кватэрах, вырашаць розныя пытанні. Яе будучага мужа Пятра Кудана 15 красавіка, за адзінаццаць дзён да аварыі на ЧАЭС, выбралі старшынёй калгаса “Парыжская камуна”. Маладому кіраўніку давялося разам са спецыялістамі думаць, дзе і як размясціць грамадскі статак, тэхніку, людзей з “Чырвонай Украіны”. Усё ў іх атрымалася, з задачай справіліся.

Першы сакратар райкама партыі даручыў інструктару Голіку паехаць у Шкураты і абвясціць жыхароў Гдзені, што праз тры дні на іх тэрыторыі закончыцца дэзактывацыя і яны змогуць вярнуцца назад. Пётр Пятровіч заспяшаўся да перасяленцаў, каб парадаваць іх добрай вестачкай. На жаль, праз тры дні нічога не змянілася. Людзей папрасілі пачакаць яшчэ два тыдні. Калі ў чарговы раз паступіў аналагічны загад і абяцанне закончыць работы праз два тыдні, ехаць катэгарычна адмовіўся. Сорамна было глядзець у вочы тым, хто жыў надзеяй на хуткае вяртанне ў родныя мясціны.

Праз год наш зямляк узначаліў калектыў калгаса “XVIII партз’езд”, кіраўнік якога паспяшаўся выехаць у чыстую зону. На гэтай пасадзе працаваў шэсць гадоў. Па словах Пятра Пятровіча, побач з ім была выдатная каманда спецыялістаў-патрыётаў, якія і сёння жывуць у Крыўчы. Гэта Уладзімір Шубянок (сакратар партыйнай арганізацыі, а пасля і старшыня), галоўны аграном Іван Кутэнка, галоўны заатэхнік Таццяна Рудабелец, заатэхнік Ганна Краўчанка, галоўны эканаміст Ніна Рудабелец і інш. Не было ніякай разгубленасці, наадварот, імкнуліся так арганізаваць вытворчы працэс, каб быў эканамічны эфект, у вяскоўцаў – высокія заробкі і годнае жыццё. Нават 13-ю выплачвалі. Адзін год на кожны зароблены рубель налічылі па 1 руб. 50 капеек, што сведчыць аб моцным фінансавым становішчы калгаса і ўмелым гаспадаранні кіраўніцтва.

На базе “XVIII партз’езда” праводзілі абласныя семінары. Адзін з іх быў прысвечаны вырошчванню кармавых буракоў механічным спосабам. Ручную працу поўнасцю замянілі сельгасмашыны. Пераймаць вопыт ездзілі ў Малдову, там жа набывалі неабходную тэхніку.

З гумарам Пётр Пятровіч узгадаў эпізод з вяроўкамі. На чарговай нарадзе загадаў сваім падначаленым прыйсці на працу… з вяроўкамі і са сваім мужам або жонкай. Задумку трымаў у сакрэце. Раніцай і сам з’явіўся ў кантору з гэтай самай вяроўкай. Калі ўся каманда была ў зборы, сказаў: “А цяпер ідзём на ферму выбіраць сабе нецеляў”.

Як зараз памятаю, прызнаецца Пётр Пятровіч, на той момант у нас было 180 цялушак. Уласных кароў людзі паздавалі, вось і вырашыў аддаць ім жывёлу бясплатна. Дакладней, разлічваліся з гаспадаркай яны паступова, прадавалі малако. Сенам жывёлу прыватнага сектара таксама забяспечвалі бясплатна. Паразбіралі ўсіх нецеляў. За спецыялістамі пацягнуліся і іншыя. А як жа! Што гэта за вёска, у якой няма ні кароў, ні іншай жыўнасці!

Дзяржава сельгасвытворцаў сам-насам з бядой не пакінула. Мінеральныя ўгнаенні выдзяляліся пад поўную патрэбу. Якасць малака правяралася ў Хойніках на малаказаводзе. Неаслабны радыелагічны кантроль вядзецца і зараз.

Пасля “XVIII партз’езда” Пётр Пятровіч пяць год займаў пасаду старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК, апошняе месца працы – начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама на працягу 18 гадоў. Узнагароджаны медалём “Участник ликвидации последствий аварии на ЧАЭС”. Напружаныя гады працы сказаліся на здароўі Пятра Голіка. У апошні час яно пачало падводзіць, але ж па-ранейшаму ён жыццярадасны і бадзёры, любіць пажартаваць і верыць ва ўсё лепшае.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *