Ад пакалення да пакалення. Дзякуй за мір, дзядуля!

Главное Грамадства

Нашчадкі Васіля Кандрашэўскага: памятаем і ганарымся.

Васіль Кандрашэўскі – з пакалення пераможцаў. Прайшоў Вялікую Айчынную вайну з першага да апошняга дня. І паспеў расказаць пра свае франтавыя дарогі дзецям, унукам. Былыя вучні Асарэвіцкай школы слухалі яго прамовы на ўроках мужнасці, урачыстасцях, прысвечаных Дню

Перамогі, падзеям вайны. У такія святочныя, хвалюючыя моманты на грудзях ветэрана, былога артылерыста-разведчыка блішчэлі медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Вены”, ордэны Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, іншыя ўзнагароды. Іх быў удастоены за ўзорнае выкананне баявых заданняў, праяўленыя ў абарончых баях адвагу, стойкасць і мужнасць. У тым ліку пад Ноўгарадам, на тэрыторыі Венгрыі. Перамогу сустрэў у Аўстрыі, а пасля вайны вярнуўся ў родную вёску Хракавічы, дзе стварыў сям’ю, з якой у 60-х пераехаў у Галкі. Працаваў у сельскай гаспадарцы, вызначаўся сціпласцю і прыстойнасцю. Разам з жонкай Раісай выхавалі траіх дзяцей…

Не стала Васіля Нікіфаравіча на 79-м годзе, але памяць аб ім жыве: у сямейных альбомах, расказах родных і блізкіх, на адкрытых інтэрнэт-рэсурсах, у музеі, які некалі ствараўся на базе Асарэвіцкай школы, а пазней перамясціўся ў мясцовы дом народнай творчасці. На сваіх нашчадкаў абаронца цяпер пазірае з чорна-белых здымкаў. А праўду аб той вайне, баявым шляху свайго продка ведаюць ужо і праўнукі, якія з партрэтам дзядулі прымаюць удзел у мірным шэсці ў гонар Перамогі: эстафета памяці працягваецца. Ад пакалення да пакалення.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *