Працай мір мацуем. Хлебнае поле і кармавое: сувязь непарушная

Главное Жатва-2023 Сельское хозяйство

Жніво–2023 – на новым камбайне. Тэхніка “Гомсельмаша” радуе Мікалая Дарошчанку і Сяргея Катлярэнку.

Нам пашанцавала сустрэць дырэктара ААТ “Пераможнік” Анатоля Панчанку на дарозе за вёскай Новы Макрэц. Звычайна ў такі напружаны час у кіраўніка сельгаспрадпрыемства клопатаў хапае, застаць яго на месцы цяжка. У паляводстве, акрамя ўборкі каласавых, працягваецца зялёнае жніво, вядзецца падрыхтоўка да сяўбы азімых. У жывёлагадоўлі дакладна арганізаваны пашавы перыяд – гэта не толькі сезон вялікага малака, але і час рамонту жывёлагадоўчых памяшканняў. Неабходна назапасіць для грамадскага статка столькі кармоў, каб іх хапіла і сабе, і на продаж.

Галоўнае – закласці ў траншэю якасныя сянаж і сілас. Ведаю ад падначаленых Анатоля Анатольевіча, што ён на ўсіх вытворчых участках бывае сам, каб пракантраляваць ход работ, а потым са спецыялістамі абмеркаваць вынікі, зрабіць заўвагі або паставіць новыя задачы.

Вось і ў той дзень ён ехаў з пшанічнага поля, дзе працавалі камбайны і куды накіроўваліся мы. Вырошчваць азімую пшаніцу ў “Пераможніку” навучыліся. А яна радавала вяскоўцаў у папярэднія гады высокімі ўраджаямі. Валавы намалот харчовай культуры, якой няма роўных сярод збожжавых па ўтрыманні бялку, складаў тры тысячы тон. Сёлета, па словах дырэктара, намалоцяць тысяч дзве. Пасеялі 870 гектараў, але ж 130 з іх давялося перавесці на кармавыя мэты. Гэта тыя ўчасткі, дзе пасевы з-за працяглай спёкі і адсутнасці дажджоў не сфарміравалі буйны колас.

Сыплецца ў кузаў пшаніца залатая.

Калі выязджалі з Брагіна, накрапваў дождж, які хутка скончыўся. Ва ўсякім разе, уборцы каласавых нішто не перашкаджала. Усе пяць экіпажаў працавалі зладжана, прыемна было назіраць за іх работай. На адвозцы збожжа задзейнічаны пяць аўтамашын, прастоі камбайнаў у чаканні транспарту мінімальныя. Старшы камбайнер Мікалай Дарошчанка і яго памочнік Сяргей Катлярэнка прыпынілі работу на некалькі хвілін, каб пагутарыць з намі. Настроены былі аптымістычна. А як жа! Па-першае, жніво вядуць на новым камбайне вытворчасці “Гомсельмаша”, які нядаўна прыйшоў у гаспадарку. Па-другое, заработная плата (аб гэтым мы даведаліся ад Анатоля Анатольевіча) ў ААТ нядрэнная, а ў час уборкі павысіцца.

Па-трэцяе, з-за хмар выглянула сонца і надвор’е ўсталявалася. Абодва механізатары – працалюбівыя, вопытныя, дысцыплінаваныя. Інакш новую тэхніку ім ніхто б не даверыў. Сяргей Катлярэнка ў час асенняй сяўбы рыхтуе глебу, яго напарнік паспяхова спраўляецца з усімі работамі, якія яму даручаюць.

Іван Карпенка працуе разам з Аляксеем Ціханчуком.

Аляксей Ціханчук убірае збожжавыя шосты сезон. Сёлета побач з ім – механік Іван Карпенка. У прафесіяналізме гэтага экіпажа можна не сумнявацца. Як, дарэчы, і суседняга, дзе за штурвалам стэпавага карабля – Васіль Боркін. Яго брат Уладзімір умела эксплуатуе прэс-падборшчык. Уборка саломы ідзе паралельна са жнівом. Яшчэ не паспелі камбайны пакінуць абмалочаны ўчастак, а на ім ужо ляжаць вялізныя рулоны.

Васіль Боркін на мосціку свайго стэпавага карабля.

Пра абеды механізатараў неабходна сказаць асобна. Да арганізацыі харчавання дырэкцыя падышла творча. У меню ўдзельнікаў адказнай кампаніі – не толькі гарачыя стравы, але і салаты (іх бяруць у эксбазе “Крынічная”), безалкагольныя напоі вытворчасці Мінскага завода. “Бела-Колу” і іншую ваду заказваюць у Мазыры, дзе адкрыты філіял завода. Мясныя вырабы, паўфабрыкаты бяруць на Гомельскім мясакамбінаце або ў магазіне “Дары ад “Зары”. Да слова, у мясцовай сталовай гатуюць абеды не толькі працаўнікам свайго ААТ, але і суседняга “Малажынскага”.

На палетках “Пераможніка” паралельна вядзецца нарыхтоўка кармоў. Убіраюць другі ўкос траў. Сёлета пасля дажджоў яны хутка пайшлі ў рост. Сена назапашваюць з цімафееўкі. Рэдзьку алейную і люцэрну змясцілі ў полімерныя рулоны. Такім спосабам нарыхтавана 584 тоны кансерваванага корму. Плануюць дадаць да гэтай колькасці яшчэ 300–400 тон. Разам з Анатолем Анатольевіч падлічваем затраты, дакладней, ён ужо даўно гэта зрабіў і расказаў нам, што сабекошт корму ў рулоне і таго, што закладзены ў траншэю звычайным спосабам, прыкладна аднолькавая. Але ж у першым выпадку яго якасць найлепшая. Неабходна толькі строга прытрымлівацца тэхналогіі і старацца не парваць плёнку. Паколькі работа тонкая, даручаюць яе Уладзіміру Боркіну.

Люцэрна сёлета (дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю) дасць пяць укосаў, зараз убіраюць трэці. Рапс не парадаваў, дырэктар (па адукацыі аграном) прытрымліваецца думкі, што на нашых беднаватых землях атрымаць высокую ўраджайнасць цяжка, але неабходна шукаць аптымальны варыянт і выпрацоўваць сваю тактыку.

Паралельна са жнівом прасуецца салома.

Клопат аб кармавой базе дае свае вынікі. На МТК зараз надойваюць больш чым па 20 літраў малака. Гаспадарка значна скараціла паморак жывёлы. Выпайку нованароджаных цялят даручылі жанчынам-пенсіянеркам, якія ўкладваюць у работу душу. ААТ укамплектавана кадрамі: тут працуюць чатыры інжынеры, столькі ж аграномаў, тры асемянатары, пяць ветэрынарных урачоў, два заатэхнікі. Дзякуючы такому ўдумліваму падыходу, “Пераможнік” нарошчвае пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Суседняй гаспадарцы рэалізаваў 40 цялушак, за якіх выручыў 189 тысяч рублёў.

Хлебнае поле непарыўна звязана з кармавым, а ў канчатковым выніку дасягнутыя поспехі спрыяюць росту дабрабыту гаспадаркі і яе працаўнікоў, эканамічнай стабільнасці.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *