Весткі з палёў. Дзяржзаказ – у першую чаргу

Грамадства Жатва-2023 Сельское хозяйство

Наш раён у ліку першых прыступіў да абмалоту азімага рапсу. З кожным годам плошчы пад каштоўную алейную культуру павялічваюцца. Пад ураджай бягучага года аграрыі адвялі 4000 гектараў: 300 – на зялёны корм, астатнія – на зерне. Убраць, на вялікі жаль, засталося намнога менш. Рапс дрэнна пераносіць халодныя зімы, нізкія тэмпературы прыводзяць да яго гібелі. Вымярзае ён і з-за недастатковага асядання глебы, якую няякасна падрыхтавалі да асенняй сяўбы. Выправанне таксама сказваецца на стане пасеваў не лепшым чынам.

Вось што расказаў галоўны аграном упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзмітрый ЦІХАНЕНКА:

– Па розных прычынах спісаць давялося 2486 гектараў: у ААТ “Імя Жукава” – 470 з пасеяных 600 (ўбраць засталося 130 га). У “Брагінцы” “Малажынскім”, “Камарынскім” загінула большая палова плошчаў. “Пераможнік” пасеяў 600 га, а ўбіраць будзе 300. А ў “Чамярыскім” засталося зжаць усяго 16 гектараў з 300. Затое ў ААТ “Брагінаграсэрвіс” камбайнам ёсць дзе разгуляцца: паспела 480 гектараў рапсу, які неабходна абмалаціць у сціслыя тэрміны, пакуль зерне не асыпалася на зямлю. Сеялі 750, але ж 270 га з іх не перазімавала.

Уборку алейнай культуры вядуць амаль усе адкрытыя акцыянерныя таварыствы. Сярэдняя ўраджайнасць складае каля 14,7 цнт/га. Па меры таго, як жніво набярэ тэмпы, яна зменіцца. На 13 ліпеня абмалочана 35% плошчаў рапсу.

Спачатку аграрыям неабходна выканаць дзяржзаказ: адправіць на Гомельскі тлушчавы камбінат 560 тон насення рапсу. Астатняя колькасць яго застанецца ў раёне і паступіць на перапрацоўку ў “Брагінаграсэрвіс”, дзе для гэтага ёсць спецыяльнае абсталяванне.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *