З клопатам аб людзях. А абед падвязуць да камбайна…

Грамадства Жатва-2023 Сельское хозяйство

Для людзей, якія ўбіраюць галоўнае наша багацце – хлеб – у гаспадарках раёна ствараюць спрыяльныя ўмовы. Па словах старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Людмілы Дубіны, аб якасным і каларыйным харчаванні камбайнераў, іх памочнікаў, вадзіцеляў, машыністаў зернетакоў, паляводаў паклапаціліся ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. У большасці з іх ёсць свае сталовыя, што дазваляе гатаваць розныя стравы з улікам стану здароўя і густаў механізатараў. І пры гэтым эканоміць сродкі на дастаўцы. Варыць баршчы, смажыць катлеты даручаюць вопытным і кваліфікаваным поварам. Некаторыя з іх паспяваюць яшчэ і смачную булку або беляш спячы. Акрамя гарачых абедаў, у поле дастаўляецца і бутыліраваная вада, па жаданні некаторых – нават салодкая.

Акрамя харчавання, прафсаюзны лідар кантралюе, ці забяспечаны хлебаробы спецвопраткай. У тых ААТ, дзе яе не закупілі, зробяць гэта ў бліжэйшы час, як толькі на рахунак паступяць грошы ад продажу збожжа новага ўраджаю. Медыцынскія аптэчкі таксама ёсць, як і вогнетушыцелі. З пытаннямі тэхнікі бяспекі і аховы працы ў такі напружаны і гарачы час не жартуюць.

Маральны бок справы не менш важны, чым матэрыяльны. Экраны спаборніцтва, якія адлюстроўваюць не толькі ход жніва, але і вынікі штодзённай працы, заробкі камбайнераў і вадзіцеляў, запаўняюцца рэгулярна і вывешваюцца на бачных месцах: на зернетаку, у мехдвары, у пакоі для адпачынку. Толькі б надвор’е спрыяла і тэхніка не падвяла, а людзі гатовы працаваць да ночы, каб зжаць і абмалаціць тое, што вырасла на палях.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *