Сінічка дзяцінства

Грамадства Это интересно

У папярэднім нумары “МП” пранікся “Асабістым” Галіны Шаўчэнкі. Завярцела і мяне ў кругавароце часу, нахлынула хваля ўспамінаў, зноў вярнула мяне ў дзяцінства…

Памятаю, як пайшоў ў 1962 годзе ў першы клас у новых сандаліках, як прачытаў самую першую у сваім жыцці бібліятэчную кніжку “Хто сказаў мяў?”. А як радаваўся, калі стаў акцябронкам! Памятаю і рэгулярныя піянерскія лінейкі з горнам і сцягам (сам жа быў барабаншчыкам). Дзе тыя горны і барабаны зараз?

А як хваляваліся і рыхтаваліся да ўступлення ў камсамол – спытайцеся ў ветэрана піянерскага і камсамольскага руху на Брагіншчыне Любові Дзяркач.

У памяці – і школьныя спаборніцтвы клубаў вясёлых і знаходлівых, што праходзілі ў мясцовай установе культуры, якая была бітком запоўнена бацькамі-балельшчыкамі.

Свой вольны час, які атрымлівалася  выкраіць ад дапамогі бацькам па гаспадарцы і ад падрыхтоўкі да ўрокаў, мы бавілі на вуліцы. А якія тады былі гульні! Казакі-разбойнікі, жмуркі, выбівала, лапта, цурка – у хату з рамянём не загнаць.

А зараз, нізкі паклон інтэрнэту, дзяцей з хаты нельга выгнаць. Таму і прапаную ў праграму круглагадовай спартакіяды школьнікаў уключыць і спаборніцтвы па дваравых гульнях. На падрыхтоўку да іх усё ж такі пойдзе нейкі час – мінус інтэрнэту.

З дзяцінства больш за ўсё запала ў душу, урэзалася ў памяць сінічка. Было мне тады гады тры-чатыры. Бацька да акна прымацаваў кармушку і клаў туды крошкі хлеба, кавалачак сала, сыпаў нейкія крупы, і ў маразы, як у сталоўку, сюды зляталіся птушкі: вераб’і, сінічкі, снегіры. За весялосцю птушак назіралі двое: я – праз шыбу і … кот на двары. Я вельмі плакаў, калі кот аднойчы схапіў верабейку. А сінічкі былі вельмі разумныя. Калі на дошчачцы не было ежы, яны дзюбкамі  барабанілі ў шыбу.

Вятры ўспамінаў пяшчотна вітаюць,

У гуллівае дзяцінства нясуць,

Дзе бацькавы рукі ўверх падкідаюць

І без калыханкі ніяк не заснуць.

Усё так далёка і гэтак жа блізка,

Я быццам учора, а не ва сне,

Гайдаецца зноў там маленства калыска,

Сінічка ў вакенца стукае мне.

І зноў басанож той дзіцячай парою

Бягу я ўдалеч па роснай траве,

Дзе за туманамі, за сіняй гарою,

Чароўны і добры дзядуля жыве…

Усё гэтак блізка, ды вельмі далёка.

І вельмі шкада, што ўсё гэта у сне.

Лячу ў былое на конях-аблоках,

Сінічка дзяцінства чакае ў вакне.

Аляксандр ЦЯРЭШЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *