Юнацтвам параднёныя. Камсамолу – 105 гадоў

Важное Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Камсамолу – 105 гадоў. Узрост, безумоўна, салідны. А яшчэ  – адметны адрэзак гісторыі, непаўторны час, што знітаваў лёсы мільёнаў людзей.

Камсамольскі перыяд у асабістай біяграфіі можа вылучыць большасць нашых сталых суайчыннікаў. У кожнага, безумоўна, ён быў свой і адначасова

агульны з іншымі равеснікамі, прасякнуты маладым запалам і дачыненнем да спраў дзяржаўнай важнасці. Гэта вернае сяброўства, студэнцкія гады, рамантыка новых дарог, працоўныя здзяйсненні на карысць роднай краіны. Час, які і сёння многія ўзгадваюць з настальгіяй. Бо камсамол – не проста тэрмін з мінулага, а лёсы мільёнаў людзей. Яго нараджэнне, станаўленне, рух у цэлым непарыўна звязаны з храналогіяй важнейшых падзей вялікай дзяржавы пад назвай СССР.

Арганізатары і стваральнікі

Гісторыя, дарэчы, бярэ свой пачатак з 29 кастрычніка 1918 года, калі адбыўся першы Усерасійскі з’езд саюзаў рабочай і сялянскай моладзі пры ўдзеле Уладзіміра Леніна. За час існавання арганізацыі школу УЛКСМ прайшлі больш за 200 мільёнаў юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў. І менавіта яны, прадстаўнікі савецкай моладзі, былі самыя актыўныя і ініцыятыўныя. Не баяліся працы, праяўлялі сябе як арганізатары, стваральнікі. Заваёвы рэвалюцыі смела адстойвалі ў гады Грамадзянскай вайны. А калі адгрымелі баі, з неверагодным энтузіязмам уздымалі краіну з руін. Потым – калектывізацыя, індустрыялізацыя, першыя пяцігодкі. Вялікая Айчынная – і зноў самаадданая праца, аднаўленне народнай гаспадаркі.

Беларускія камсамольцы, дарэчы, мелі непасрэднае дачыненне да стварэння энергетычнага і нафтагазавага комплексаў рэспублікі. Дзясяткі тысяч прымалі ўдзел у будаўніцтве Бярозаўскай і Лукомльскай ДРЭС, Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот» і Светлагорскага завода штучнага валакна, Полацкага і Мазырскага нафтаперапрацоўчых заводаў, Беларускага шыннага завода і Брэсцкага дыванова-суконнага камбіната, трох Салігорскіх калійных камбінатаў, працавалі на меліярацыі зямель беларускага Палесся. Студэнцкія атрады выязджалі на будаўніцтва аб’ектаў жыллёвага і культурна-бытавога прызначэння Заходняй Сібіры, Уральскай вобласці, Карэліі і Якуціі, масава ўдзельнічалі ва ўборцы ўраджаю на цалінных землях, ударна працавалі на будоўлях ВАЗа, КамАЗа, БАМа.

Заўсёды наперадзе

Увогуле, выхоўвалі юнае пакаленне тады ў духу стваральніцтва і патрыятызму. Сістэма работы з моладдзю была дэталёва прадуманая і вывераная. Спачатку – акцябрацкія атрады, у дзейнасць якіх уключаліся малодшыя школьнікі. Потым – піянерыя. Перад камуністычнай партыяй – камсамол. У яго прымалі не ўсіх – толькі самых актыўных, ініцыятыўных, выдатнікаў вучобы і вытворчасці, з прагным жаданнем працаваць на карысць Радзімы.

Дзякуючы такому падыходу ў арганізацыю прыходзілі юнакі і дзяўчаты ідэйныя, творчыя, з яркімі лідарскімі якасцямі і натхненнем зрабіць жыццё лепшым. Не толькі сваё, але і ўсіх грамадзян вялікай Айчыны. Яны вялі за сабой, падавалі прыклад, дапамагалі ў рэалізацыі дзяржаўных праграм і сацпраектаў. Былі заўсёды наперадзе.

Патрыятызм і гераізм

Асобная старонка – гераічная. У складзе Чырвонай арміі і ваенна-марскога флоту барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі вялі мільёны маладых патрыётаў. Таму і нельга адмаўляць іх важкага ўкладу ў Вялікую Перамогу.

З 1941 года ЦК УЛКСМ праводзіў вялікую работу па навучанні грамадзян ваеннай справе. У прыватнасці, ствараліся адпаведныя куточкі, кабінеты і пункты на прадпрыемствах, у калгасах і ўстановах, вырабляліся макеты, наглядныя дапаможнікі і плакаты, ажыццяўляўся выпуск вучэбна-метадычнай літаратуры. Дзякуючы гэтаму за гады вайны розныя ваенныя спецыяльнасці атрымалі каля 1,7 млн будучых прызыўнікоў.

Гераізм у суровыя саракавыя быў масавы. Воіны-камсамольцы ішлі на подзвігі ў прыгранічных змаганнях, пры абароне Брэсцкай крэпасці, Мінска, Кіева, Севастопаля, Адэсы, у бітвах пад Смаленскам, Ленінградам, Масквой, Сталінградам. Абаронца Севастопаля Аляксей Калюжны, які біўся да апошняга патрона, перад смерцю пакінуў запіску: “Родина-мать! Земля русская! Я, сын ленинского комсомола, его воспитанник, дрался так, как подсказывало мне сердце… Я умираю, но знаю, что мы победим… Клятву воина я сдержал…”

Больш за дзве сотні лётчыкаў-камсамольцаў і выхаванцаў УЛКСМ здзейснілі тараны фашысцкай тэхнікі і ваенных калон. Сярод іх – усім вядомы Аляксандр Матросаў, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота каля вёскі Чарнушкі Пскоўскай вобласці, што паўплывала на вынік бою цэлага батальёна. Дзясяткі камсамольцаў потым, натхнёныя яго прыкладам, здзейснілі падобнае.

Многія юнакі і дзяўчаты звязалі сваё жыццё з саюзам моладзі ў суровыя дні блакады Ленінграда і ў перыяд баёў па яе прарыву. Членскія білеты на Ленінградскім фронце атрымалі 232 тыс. салдат і афіцэраў. Менавіта тут, дарэчы, зарадзіўся знакаміты снайперскі рух, пачатак якому восенню 1941 года паклалі Феадосій Смалячкоў і Уладзімір Пчалінцаў. 29 кастрычніка, у дзень 23-й гадавіны УЛКСМ, першы знішчыў са снайперскай вінтоўкі трох фашыстаў і падаў заяву аб уступленні ў камсамол. Ён пісаў: “С комсомольским билетом на груди буду ещё сильнее бить фашистов. Все силы и жизнь готов отдать за Родину”.

Не толькі на фронце

Змагаліся камсамольцы з ворагам не толькі на перадавой. У прыфрантавой паласе дзейнічалі падраздзяленні самаабароны, атрады па  дапамозе міліцыі, супрацьпажарныя каманды, санітарныя дружыны. Тысячы маладых людзей у складзе працоўных батальёнаў удзельнічалі ў будаўніцтве абарончых умацаванняў. Спецыялізаваныя групы і брыгады займаліся перабазіраваннем абсталявання і людзей у глыбокі тыл.

А колькі яшчэ было занята ў вядучых галінах эканомікі: працавала на чыгуначным транспарце, у вугальнай і машынабудаўнічай прамысловасці, металургіі… Сапраўдны патрыятызм праявілі сельскія камсамольцы ў барацьбе за высокія ўраджаі ваенных гадоў. Мужчын, якія пайшлі на фронт, замянялі маладыя калгасніцы. Толькі ў 1941–1942 гг. прафесіяй трактарыста авалодалі 180 тыс. дзяўчат. За гады вайны было падрыхтавана больш за мільён маладых механізатараў.

На акупіраванай савецкай тэрыторыі камсамольцы актыўна ўключаліся ў партызанскі рух. Ордэнамі і медалямі былі ўзнагароджаны 50 тыс. маладых партызан, звыш 100 чалавек сталі Героямі Савецкага Саюза.

У тыле ворага таксама дзейнічалі падпольшчыкі. Яны пранікалі ў воінскія часці праціўніка, на чыгуначны транспарт, аэрадромы, прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і вялі там падрыўную работу, здзяйснялі дыверсіі.

Подзвіг камсамола ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў высока ацэнены. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены 3,5 тыс. членаў УЛКСМ. Больш за 3 млн адзначаны ордэнамі і медалямі. У 1945 годзе за заслугі перад Радзімай і вялікую работу па выхаванні моладзі ў духу беззапаветнай адданасці Айчыне УЛКСМ быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Традыцыі з працягам

За сваю шматгадовую дзейнасць буйнейшая маладзёжная арганізацыя Савецкага Саюза ўпісала мноства яркіх старонак у яго гісторыю. А лепшыя традыцыі камсамола атрымалі працяг. Эстафету пераняў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які атрымаў у падарунак ад сваіх папярэднікаў два вядучыя накірункі дзейнасці – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі і студатрадаўскі рух.

Станоўчы вопыт удалося захаваць, і гэта правільна. Ён істотна дапамагае ў развіцці краіны, фарміраванні ў новага пакалення актыўнай жыццёвай пазіцыі. А юбілей камсамола для нас – знакавая дата, асабліва для яго пераемніка. Святкуем – значыць ганарымся, аддаём даніну памяці гераічнаму мінуламу і павагі тым, хто, праяўляючы адвагу і смеласць, цаной уласнага жыцця абараняў Радзіму, хто, нягледзячы ні на што, застаўся адданы светлым ідэалам.

 

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *