Людзі ў белых халатах… І добрая нагода падзякаваць за сумленную працу

Грамадства

З юбілеем – ад душы! Калегу віншуюць галоўны ўрач Ігар Кірэня і старшыня прафкама Алена Любенка.

У свае 70 гадоў Марыя Пугач ідзе па жыцці са здаровым аптымізмам, бадзёрасцю духу і жаданнем быць карыснай людзям.

У дзяцінстве, праўда, яна зусім не думала, што працоўны шлях звяжа з сістэмай аховы здароўя. У Мазыр пасля васьмі класаў паехала, бо там вучыўся старэйшы брат. А бацькі, адпраўляючы ўслед за ім дачку ў медвучылішча, кіраваліся думкай: дзеці будуць разам, змогуць удалечыні ад дома дапамагаць адзін аднаму. Вось так, без асаблівага роздуму, і пачалося навучанне Марыі на фельчарска-акушэрскім аддзяленні. Потым – першыя крокі ў прафесію, зробленыя ў Камарынскай участковай бальніцы. Галоўным урачом тады, прыгадвае жанчына, быў Міхаіл Чарняк.

Кіпучая энергія, працавітасць, палкі энтузіязм бралі верх, і з цягам часу маладой асобе даверылі ўзначаліць адзін з мясцовых фельчарска-акушэрскіх пунктаў – у Выграбнай Слабадзе. А незадоўга да чарнобыльскай трагедыі сямейныя абставіны прывялі Марыю Анатольеўну, ужо маці дваіх дзяцей, у Брагін. Ды ніхто яшчэ на той момант, зразумела, не ведаў, што чакае раён. Пад адсяленне праз лічаныя месяцы трапяць і Хатуча, дзе жанчына нарадзілася, і вёска, дзе нядаўна загадвала ФАПам. Радыяцыйная пагроза вымусіць многіх пакінуць родныя мясціны. А тым, хто застанецца на Брагіншчыне, давядзецца працаваць ва ўмовах дэфіцыту кадраў і невядомасці, даказваючы: будучыня ў пацярпелых тэрыторый ёсць.

Для Марыі Анатольеўны 1986 год стаў яшчэ і кропкай адліку ў новым накірунку работы – у якасці фельчара арганізацыйна-метадычнага кабінета цэнтральнай раённай бальніцы. Справу гэтую яна, нягледзячы на прэстыжны ўзрост, працягвае і сёння. І, відаць, менавіта прафесійная дзейнасць, акружэнне калег дапамагаюць ёй і зараз захоўваць бадзёрасць духу, здаровы аптымізм, быць у тонусе. Нездарма кажуць: пакуль чалавек працуе, ён поўны жыццёвых сіл і заўсёды добра выглядае. А яшчэ многае, на думку самой жанчыны, залежыць ад адносін да сваіх абавязкаў. Сумленнасць, адказнасць і неабыякавасць – залог павагі і аўтарытэту, запатрабаванасці ў калектыве.

Першы камп’ютар, што з’явіўся ў Брагінскай ЦРБ, быў размешчаны ў арганізацыйна-метадычным кабінеце. За ім — Марыя Пугач. 90-я гады.

Штодзённая праца Марыі Анатольеўны, якой аддае сябе больш за тры дзясяткі гадоў, не звязана з прыёмам і лячэннем пацыентаў. Яе задача іншая: сабраць, сістэматызаваць і апрацаваць медыцынскія звесткі, што характарызуюць дзейнасць установы. Таму галоўныя прынцыпы работы – дакладнасць, аб’ектыўнасць і аператыўнасць. Важна не проста атрымаць даныя ці падлічыць, а ўпэўніцца ў іх, параўнаць, прааналізаваць. У справаздачах павінна адлюстроўвацца рэальная карціна ў ахове здароўя раёна. Гэта тое, што дапамагае ўбачыць як поспехі, так і недахопы ў агульнай справе, прымушае задумацца над пытаннем, як удасканаліць працу, палепшыць той ці іншы паказчык дзейнасці.

Больш таго, для чалавека, якому ніколі не быў абыякавы лёс малой радзімы, кожны добры зрух, станоўчая дынаміка ў развіцці ўстановы, раёна ў цэлым – падстава для гонару. Радуе, што сёння менавіта тут многія не толькі атрымліваюць старт у прафесію, але і застаюцца, ствараюць сем’і. Сюды ўжо прыязджаюць за перайманнем вопыту, у тым ліку ў арганізацыі медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

У мінулым месяцы, дарэчы, Марыя Анатольеўна сустрэла круглую дату: ёй споўнілася 70 гадоў. І пяцьдзясят з іх звязаны з прафесіяй медыцынскага работніка. Надзвычай ганарова. Сардэчныя віншаванні, кветкі, цёплыя словы, пажаданні юбілярка прымала не толькі ад калег, але і ад дзяцей, унукаў, блізкіх людзей. Адчуваць іх увагу, шчырасць, клопат і падтрымку, заставацца патрэбнай – што можа быць даражэй?..

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *