Нішто не заменіць прыкладу і аўтарытэту бацькоў. Вынікі работы за дзевяць месяцаў падвяла камісія па справах непаўналетніх

Важное Грамадства

Падлетак і закон – тэма і актуальная, і балючая адначасова. На жаль, наш раён не з’яўляецца шчаслівым выключэннем: межы дазволенага таксама парушаюць. Сведчанне таму – раскрытыя сёлета два злачынствы з удзелам навучэнцаў каледжа. Здзейснены яны былі ў перыяд летніх канікул 2022 года. І так як абодва “героі” не дасягнулі ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці, пакаранне за іх хуліганскія дзеянні панеслі бацькі. Для параўнання: у мінулым годзе за аналагічны перыяд  у сумную статыстыку ўпісалася адно злачынства.

Знізіўся, праўда, лік правапарушэнняў. Але гэта не значыць, што падстаў для хваляванняў стала менш. Адна з іх – даволі сур’ёзная – ранняе далучэнне да алкаголю. Асобныя дзеці, як гэта ні прыкра, “частуюцца” ім ужо з 9–10 гадоў. Праблема маладзее.

Трывогу таксама выклікае факт самавольнага сыходу падлетка з дому. Прычына – у адсутнасці даверу і разумення ў сям’і, парушэнні дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

– На жаль, мы вымушаны канстатаваць, што штуршком да такіх супрацьпраўных учынкаў і неабдуманых крокаў з’яўляецца недахоп бацькоўскай увагі. Часцей, як паказвае практыка, у сем’ях, дзе, здавалася б, пануюць лад і дабрабыт, – знешне добранадзейных. А праблемы ва ўзаемаадносінах схаваны, яны замоўчваюцца.  Або, бывае, самыя родныя і блізкія дзіцяці людзі лічаць прыярытэтным не яго выхаванне, а ўладкаванне асабістага жыцця, – адзначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Ясінская.

Вядома, у раёне, каб папярэдзіць негатыўныя з’явы ў падлеткавым асяроддзі, праводзіцца маштабная прафілактычная работа. Наладжана сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння. Але нішто, па меркаванні Вольгі Міхайлаўны, не заменіць прыкладу і аўтарытэту бацькоў. Быць заўсёды побач са сваімі дзецьмі, дапамагаць ім спраўляцца з цяжкасцямі, падтрымліваць у складаных жыццёвых сітуацыях, накіроўваць на шлях без заганаў – лепшы спосаб папярэдзіць бяду.

Асобна на пасяджэнні спыніліся на тым, як прайшла летняя аздараўленчая кампанія. Шмат мерапрыемстваў, у прыватнасці, было накіравана на далучэнне школьнікаў да спорту, творчасці, працоўнай і іншай карыснай дзейнасці, павышэнне ўзроўню  прававой культуры, прапаганду здаровага ладу жыцця. Важным з’яўлялася не толькі прадумана арганізаваць вольны час школьнікаў, але і сфарміраваць у іх бяспечныя, законапаслухмяныя паводзіны.

Яшчэ адно не менш важнае пытанне, вынесенае на абмеркаванне, датычылася рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18. У раёне, па даных на 1 кастрычніка, 50 дзяцей з 17 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І найчасцей у яго трапляюць з-за праблем, выкліканых алкаголем. Але бываюць і іншыя прычыны. Калі, напрыклад, парушаны дзіцяча-бацькоўскія адносіны. Ці для асоб, якія раслі і выхоўваліся ва ўмовах недабрабыту і не набылі неабходнага жыццёвага вопыту, звычайныя хатнія справы, клопат пра дзяцей з’яўляюцца чымсьці незразумелым, непатрэбным.

Каб абараніць правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, ліквідаваць прычыны і ўмовы, што прывялі да пастаноўкі на ўлік, за спакой і лад у сем’ях змагаюцца ўсе суб’екты прафілактыкі. На жаль, палепшыць сітуацыю ўдаецца не заўсёды. Калі ёсць важкія падставы, дзіця змяшчаецца на дзяржаўнае забеспячэнне, а бацькам даецца час, каб усё пераасэнсаваць і змяніць свой лад жыцця.

Зараз, дарэчы, работа, накіраваная на захаванне сям’і, праводзіцца з маладымі бацькамі трох малалетніх дзяцей. Да справы падключаны кампетэнтныя спецыялісты. Але пры ўсіх іх намаганнях такая дапамога ідзе на карысць толькі тым, хто гатовы яе прыняць і выкарыстаць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *