Патрыятызм і гераізм. Як на Брагіншчыне вяла барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі моладзь

Без срока давности Главное Год гістарычнай памяці Грамадства

Падпольшчыкі Брагіншчыны ўскладаюць кветкі да помніка сваім таварышам, расстраляным гітлераўцамі ў Брагіне ў 1942 годзе.

Сёлета камсамолу споўнілася 105 гадоў. Юбілейную дату буйнейшай маладзёжнай арганізацыі Савецкага Саюза мы адзначылі 29 кастрычніка. А хуткая сустрэча яшчэ адной – 80-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – добрая нагода перагарнуць старонкі гісторыі, што сведчаць: значная роля ў перамозе над ворагам належыць менавіта савецкай моладзі.

У кнізе “Памяць. Брагінскі раён” знаходжу: на франты Вялікай Айчыннай вайны па мабілізацыі ў 1941-м пайшлі тысячы мясцовых жыхароў. У тым ліку добраахвотнікі з брагінскага знішчальнага батальёна Мікалай Агароднік, Іван Зелянкоўскі, Анатоль Скараход, Мікалай Скараходаў, Фёдар Чавус і інш. Многія юнакі і дзяўчаты ўліліся ў партызанскія атрады і падпольныя групы, якія ўжо ў першыя месяцы вайны пачалі дзейнічаць на акупіраваных тэрыторыях.

Загартоўка, атрыманая маладымі актывістамі ў бурлівыя гады камсамольскага юнацтва, вельмі дапамагала ім у ліхалецце. У ліку такіх, напрыклад, была трактарыстка-камсамолка з калгаса “Новы свет” (в. Касачоў) Эна (Ганна) Шубянок, вылучаная ў 1939 годзе сакратаром Тураўскага райкама ЛКСМБ. Калі Тураўшчыну захапілі гітлераўцы, яна ўзначаліла мясцовы падпольны райкам камсамола. І ў першы ж дзень акупацыі правяла смелую дыверсію, у выніку якой было знішчана дзве тысячы тон гаручага. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 ліпеня 1941 года нашу маладую зямлячку ў ліку першых партызан і падпольшчыкаў узнагародзілі медалём “За адвагу”. У далейшым яна ўдзельнічала ў патрыятычным падполлі ў Рэчыцы, дзе была выдадзена правакатарам і расстраляна немцамі.

У першай палове 1942 года камандаванне партызанскага атрада імя Катоўскага прызначыла кіраўніком падпольнай камсамольскай групы, якая дзейнічала ў асноўным на тэрыторыі Выграбна-Слабадскога сельсавета,  Віктара Рабянка. У яе ўваходзілі актывісты Іван Грыцэнка, Тамара Загаранская, Еўдакія Кавулька, Мікалай Котчанка, Фёдар Стаян, Ганна Шаранок і інш. Неўзабаве група павялічылася да 30 чалавек.

З мэтай узмацнення палітычнага кіраўніцтва камсамольска-маладзёжнымі групамі і каардынацыі іх дзеянняў у красавіку 1943-га быў створаны Брагінскі падпольны раённы камітэт камсамола.  А прыкладна праз месяц у месцы размяшчэння партызанскага атрада імя Катоўскага адбылася раённая камсамольская канферэнцыя. У яе рабоце прынялі ўдзел 78 камсамольцаў-партызан і 9 падпольшчыкаў з Брагіна. У прыватнасці, быў выбраны новы склад райкама ЛКСМБ і яго бюро з пяці чалавек: Віктара Рабянка (сакратар), Пятра Гаркавенкі, Ніны Загаранскай, Мікалая Котчанкі і Пятра Філіпенкі.

Пад кіраўніцтвам райкама камсамола падпольныя групы праводзілі значную работу: выяўлялі і перадавалі партызанам звесткі аб колькасным складзе і ўзбраенні ворага, адшуквалі для іх зброю, боепрыпасы, медыкаменты, вялі растлумачальную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Савінфармбюро і інш. Наколькі выніковай была іх дзейнасць, сведчаць наступныя прыклады.

Пры дапамозе  камсамольцаў-падпольшчыкаў у савіцкім нямецка-паліцэйскім гарнізоне была праведзена агітацыйная работа сярод дыслацыраванага там 108-га ўкраінскага батальёна, сфарміраванага гітлераўцамі з ваеннапалонных чырвонаармейцаў. У выніку салдаты перабілі нямецкіх афіцэраў і перайшлі ў партызанскі атрад. А ў чэрвені 1943-га стала вядома, што на партызанскі атрад імя Катоўскага наладжваецца аблава немцаў з савіцкага гарнізона. Віктар Рабянок атрымаў даручэнне сфарміраваць мабільныя партызанскія падраздзяленні, у асноўным з ліку камсамольцаў, і даць бой фашыстам на подступах да вёскі Вярховая Слабада. Так і было зроблена. У гэтым баі немцы страцілі больш за 20 салдат. Сем былі ўзяты ў палон.

У баявых аперацыях і ў падпольнай рабоце сярод насельніцтва партызанскай зоны з найлепшага боку зарэкамендавалі сябе камсамольцы Аляксей Астапенка, Мікалай Бабіч, Барыс Волкаў, Пётр Гаркавенка, Мікалай Котчанка, Міхаіл Попік, Еўдакія Піліпенка, Пётр Піліпенка, Наталля Піліпенка і інш.

З успамінаў Фёдара Загаранскага, камандзіра роты партызанскага атрада імя Катоўскага:

Побач з дарослымі ў партызанскім атрадзе былі і падлеткі. Нярэдка разам са сваімі старэйшымі таварышамі яны прымалі ўдзел у баявых аперацыях, аказвалі вельмі неабходную дапамогу атраду ў якасці разведчыкаў. У іх ліку юныя разведчыкі Лёня Бабіч, Лёва Ефіменка, Ваня Беразняцкі і іншыя. Бясстрашным лясным салдатам зарэкамендавала сябе шаснаццацігадовая дзяўчына Лідзія Кунцэвіч. Напачатку, улічваючы няхватку баявой зброі, яна мела на ўзбраенні звычайную паляўнічую стрэльбу. Але неўзабаве ў баі здабыла сабе сапраўдную вінтоўку. Разам з партызанамі яна і Оля Калацэй хадзілі на баявыя аперацыі, прымалі ўдзел у разгроме варожых гарнізонаў у Савічах, Аравічах і інш. Ліда загінула ў баі ў 1943 годзе.

Зразумела, што работа падпольшчыкаў пастаянна была звязана з вялікай небяспекай і нярэдка са смяротнай рызыкай. Так, у 1942–1943 гадах гітлераўцы арыштавалі многіх членаў Брагінскай і Савіцкай падпольных груп, а таксама сувязнога Аляксея Смірнова, разведчыка Івана Грыцэнку. Падчас адной з наладжаных гітлераўцамі ў 1943-м блакад партызанскага атрада імя Катоўскага бясстрашна дзейнічалі і загінулі камсамолец Пётр Гаркавенка і камандзір узвода Барыс Волкаў, які ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга пасмяротна.

Падрыхтавала

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *