28 студзеня – Дзень беларускай навукі. У авангардзе прагрэсу

Главное Грамадства

Вялікія адкрыцці, унікальныя знаходкі, руплівыя даследаванні і інавацыйныя ідэі. Усё гэта, безумоўна, дазваляе паляпшаць умовы нашага жыцця і працы, вырашаць глабальныя пытанні, што стаяць перад чалавецтвам. Навука з’яўляецца магутным рухавіком прагрэсу. А самымі каштоўнымі якасцямі яе служыцеляў кіраўнік дзяржавы назваў талент і інтэлект, падмацаваныя патрыятызмам.

Менавіта людзі, якія прысвяцілі жыццё такой высокай і адказнай місіі, дапамагаюць вызначаць арыенціры ў далейшым развіцці краіны. Быць навукоўцам – значыць глядзець за гарызонт, адкрываць новыя магчымасці і перспектывы. У накопленых ведах, вопыце, тэхналогіях, што працуюць на апярэджванне, маюць патрэбу ўсе галіны народнай гаспадаркі, любая сфера жыцця.

З 1993 года ў нашай краіне ў апошнюю нядзелю сту-дзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. І гэта – добрая нагода яшчэ раз падкрэсліць важнасць навуковых дасягненняў для эканомікі краіны, устойлівага развіцця грамадства, прыгадаць людзей, якія дзякуючы свайму розуму, высокаму інтэлекту і няспыннай дзейнасці праславілі Беларусь, атрымалі шырокае прызнанне не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. Ёсць, дарэчы, сярод такіх і выхадцы з Брагіншчыны, таму сёння – пра асобных з іх.

У галіне фізічнай хіміі

Вёскі Глухавічы, дзе ў 1909 годзе нарадзіўся будучы фізікахімік Міхаіл Паўлючэнка, ужо няма на карце – адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС. Але менавіта на гэтай зямлі некалі прайшло дзяцінства вучонага. І менавіта тут бацькі-сяляне прывілі свайму сыну любоў да настойлівай, упартай працы, якую ён пранёс праз усё жыццё.

Сваю працоўную дзейнасць Міхаіл Міхайлавіч пачаў у 1927 годзе настаўнікам хіміі пасля заканчэння Бабчынскай сярэдняй школы з педагагічным ухілам. Імкненне атрымаць больш глыбокія веды ў галіне прыродазнаўчых навук прывяло яго да думкі атрымаць вышэйшую адукацыю. У 1929-м ён паступіў на хімічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе пад уплывам выдатных вучоных – акадэмікаў Івана Каблукова, Мікалая Зялінскага і прафесара Адама Ракоўскага ўключыўся ў навукова-даследчую работу. А пасля заканчэння ВНУ атрымаў прапанову прадоўжыць вучобу ў аспірантуры. Ды перамагло вялікае жаданне развіваць беларускую хімічную навуку – прыязджае ў Мінск.

З 1934 года Міхаіл Паўлючэнка працаваў у БДУ. Спачатку – асістэнтам кафедры фізічнай і калоіднай хіміі, а потым яе загадчыкам. Паспяхова скончыў аспірантуру Інстытута хіміі АН БССР, абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата хімічных навук.

Паколькі ў тыя часы ў рэспубліцы была развіта смалакурная прамысловасць, вялікую цікавасць праявіў да вывучэння смаляных кіслот і іх солей.

У гады Вялікай Айчыннай наш знакаміты зямляк узначальваў навукова-даследчую лабараторыю абароннага значэння. А ў пасляваенны перыяд абараніў доктарскую дысертацыю, вялікую ўвагу надаваў развіццю хімічнай навукі і прамысловасці Беларусі. Менавіта па яго ініцыятыве ў студзені 1959 года ў складзе Акадэміі навук БССР быў створаны Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, дырэктарам якога ён з’яўляўся да 1966-га. Тут дзейнічала пяць лабараторый, адной з якіх (мінеральных солей і ўгнаенняў) адводзілася асаблівая роля. Яна была арганізавана для вырашэння навуковых і тэхнічных праблем перапрацоўкі салігорскіх сільвінітаў. На аснове сумесных з калектывам даследаванняў была распрацавана камбінаваная схема абагачэння калійных руд.

Адначасова на кафедры фізічнай хіміі і ў спецыялізаванай лабараторыі БДУ пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлючэнкі праводзіліся даследаванні, у выніку якіх удалося павялічыць зносастойкасць сталі ў 20–30 разоў, а чыгуну – у 30–50. На працягу многіх гадоў праводзілася фундаментальная работа ў мэтах атрымання новых матэрыялаў, важных для народнагаспадарчага комплексу.

Апошнія гады жыцця вучонага прайшлі ў інтэнсіўнай навукова-даследчай дзейнасці па вывучэнні кінетыкі і механізму гетэрагенных хімічных рэакцый.

Навуковая спадчына Міхаіла Паўлючэнкі, акадэміка АН БССР, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР, даволі багатая і разнастайная як па шырыне ахоплных праблем, так і па колькасці публікацый. Ён аўтар больш за 400 работ.  Неаднаразова прымаў  удзел у міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах, знаёміўся з замежнымі навуковымі дасягненнямі. Падрыхтаваў трох доктараў і 40 кандыдатаў хімічных навук. Яго імя занесена ў даведнік “Вучоныя свету”. А стваральная праца, заслугі перад дзяржавай адзначаны двума ордэнамі “Знак Пашаны”, медалямі і шматлікімі граматамі.

Не стала Міхаіла Міхайлавіча 24 сакавіка 1975 года.

З філасофскай думкай

Дзмітрый Шыраканаў – адзін з класікаў беларускай філасофскай думкі. Выдатны вучоны, акадэмік, прафесар. Яго працы, ідэі і канцэпцыі атрымалі шырокую вядомасць і міжнароднае прызнанне. Глыбіня і фундаментальнасць – важнейшыя характарыстыкі навуковых распрацовак.

Нарадзіўся Дзмітрый Іванавіч 20 мая 1929 года, як паведамляецца ў большасці крыніц, у вёсцы Асарэвічы. Але ў некаторых (напрыклад, у артыкуле да 85-годдзя з дня нараджэння вучонага, змешчаным у часопісе “Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі”) называюцца Галкі. Яшчэ ў дзяцінстве застаўся без маці, перажыў цяжкасці нямецка-фашысцкай акупацыі. У нягодах і выпрабаваннях фарміраваўся моцны і адказны характар.

Пасля вайны, у 1947 годзе, Дзмітрый Шыраканаў – выпускнік Брагінскай сярэдняй школы, адзначаны за выдатныя поспехі ў вучобе залатым медалём. З чырвоным дыпломам ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і прадоўжыў навучанне ў аспірантуры, абараніў кандыдацкую дысертацыю. А ў 1955-м прыступіў да работы ў Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР.

Спачатку займаў пасаду малодшага, а потым старэйшага навуковага супрацоўніка. Кіраваў даследчым сектарам, загадваў аддзелам. Паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю. У 1989–1994 гг. – дырэктар інстытута, а з 1994-га прадоўжыў тут работу на пасадзе загадчыка аддзела логікі і метадалогіі навуковага пазнання. З 2006-га – галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі.

Патрэбна адзначыць, што творчы патэнцыял Дзмітрыя Шыраканава, яго здольнасць працаваць шмат, самазабыўна і вынікова праявілася яшчэ ў юнацтве. Як пацвярджэнне – не толькі выдатная вучоба ў школе і ўніверсітэце, але і паспяховая даследчая дзейнасць, перамога ў 1951 годзе на Усесаюзным конкурсе студэнцкіх работ.

Асноўнымі накірункамі навуковых даследаванняў пазней сталі логіка, тэорыя і метадалогія навуковага пазнання; філасофскія праблемы прыродазнаўства; узаемасувязь у сістэме філасофскіх катэгорый і іх роля ў сацыяльным пазнанні; фарміраванне і развіццё філасофскай і грамадска-палітычнай думкі ў Беларусі і інш. А стыль работы акадэміка Шыраканава вызначаўся імкненнем захапіць навізной і глыбінёй ідэі ўвесь калектыў, дапамагчы раскрыцца творчым магчымасцям малавопытным супрацоўнікам.

Вынікі філасофскіх даследаванняў Дзмітрыя Іванавіча былі неаднаразова прадстаўлены на буйных міжнародных форумах у Расіі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыцы, Германіі, Італіі, ЗША, дзе ён выступаў з дакладамі і лекцыямі. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена звыш 30 кандыдацкіх і 14 доктарскіх дысертацый. Дзмітрый Шыраканаў – аўтар больш за 100 навуковых работ.

За плённую навуковую і грамадскую дзейнасць знакаміты ўраджэнец Брагіншчыны ўдастоены ордэнаў “Знак Пашаны”, Францыска Скарыны, а таксама медаля “За доблесную працу”. Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

Пайшоў з жыцця акадэмік Шыраканаў 10 снежня мінулага года.

Поле дзейнасці – оптыка і лазерная фізіка

У вёсцы Рафалаў (выселена ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС) нарадзіўся ў 1947 годзе Уладзімір Белы – будучы член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.

У 1964-м скончыў сярэднюю школу з залатым медалём і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Пасля атрымання дыплома – у аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР. Тут прайшлі гады сталення нашага земляка як вучонага. Ён пачаў актыўна працаваць у галіне нелінейнай крышталяоптыкі.

За работы, якія датычацца нелінейна-частотнага пераўтварэння, Уладзіміру Беламу ў 1978 годзе прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі. У 2000-м за даследаванне нелінейна-аптычных з’яў і стварэнне на гэтай аснове высокаэфектыўных крыніц лазернага выпраменьвання ён удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Дзякуючы актыўнаму ўдзелу Уладзіміра Мікалаевіча ў рамках двухбаковага пагаднення паміж НАН Беларусі і Фраунгофераўскім таварыствам (Германія) была створана Міжнародная навуковая лабараторыя аптычнай дыягностыкі. І менавіта ён стаў яе навуковым кіраўніком. У 2005–2017 гг. тут ажыццявілі шэраг перспектыўных распрацовак сусветнага ўзроўню.

Агульнапрызнаны навуковы аўтарытэт дазволіў гэтаму вучонаму неаднаразова прадстаўляць нашу краіну на міжнародных нарадах і кангрэсах, а таксама прыцягнуць інвестыцыі ў памеры звыш 5 млн долараў ЗША з Германіі, Паўднёвай Карэі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і Саудаўскай Аравіі для распрацоўкі новых аптычных устройстваў і тэхналогій.

У 2015-м Уладзімір Белы узначаліў цэнтр “Дыягнастычныя сістэмы” Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі. Высокай ацэнкай вынікаў яго працы і асабістых якасцей з’яўляецца ўзнагароджанне медалямі Францыска Скарыны, “За воінскую доблесць”, Ганаровай граматай НАН Беларусі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *