Попел Алы стукае ў сэрцы. Страшныя падзеі 80-гадовай даўнасці – памяць і боль беларускага народа

Важное Грамадства

Пра гэтую вёску я не ведала ў дзяцінстве. І пра лёс яе мне ніхто не расказваў, не было ні напісана ў падручніках, ні паказана ў мастацкіх фільмах. Праўда – жудасная, балючая, гнеўная – адкрылася пазней. А сёння, па-мойму, яна павінна гучаць не толькі ў Беларусі – на ўвесь свет. Каб пакаленні, якія выраслі ў міры, разумелі: праклён фашызму, любым злачынствам супраць чалавецтва – вечны. Каб часцей задаваліся пытаннем: а калі б не адолелі карычневую чуму, не перамаглі?..

Апошні дзень жыцця

Той зімовы дзень 14 студзеня 1944 года стаў апошнім для 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей (удумайцеся!). Іх знішчылі нацысты. На досвітку.

Як пазней раскажуць сведкі, хворых і старых расстрэльвалі прама ў дамах. Усіх, хто мог самастойна перамяшчацца, сагналі ў вялікі калгасны хлеў, што знаходзіўся на паўночна-заходняй ускраіне вёскі. Нібы для рэгістрацыі. Потым групамі па 30–40 чалавек адводзілі на іншы край Алы, заганялі ў дамы, гаспадарчыя пабудовы, якія потым аблівалі гаручай вадкасцю і падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, насцігалі аўтаматныя чэргі і кулямётны агонь. На людзей спускалі сабак. Некаторых кідалі ў агонь жывымі. За што?.. Так на акупіраванай тэрыторыі дзейнічаў прынцып «калектыўнай адказнасці»: калі паблізу населенага пункта гінуў хоць адзін нямецкі салдат, фашысты пад выглядам барацьбы з партызанамі знішчалі ўсю вёску. Славіліся яны і сваёй садысцкай традыцыяй: прымяркоўвалі карныя аперацыі да важных рэлігійных свят.

Сярод лясоў і балот

Калі паглыбіцца ў гісторыю, то яна сведчыць: перад вайной у Але, якая атрымала назву ад аднайменнай рэчкі – прытока Бярэзіны – налічвалася 34 двары і 168 жыхароў. Тут знаходзіўся Шацілкаўскі лесаўчастак, была пачатковая школа, якую ў сорак першым закончылі 35 вучняў. Жыхары працавалі ў калгасе “Шлях сацыялізму”. Гаспадарка славілася ўраджаямі льна, каноплі, проса, гародніны. Рачныя лугі і пашы садзейнічалі развіццю жывёлагадоўлі.

Вёска спрадвеку была глухая, цяжкадаступная. Навокал – лясы ды балоты. Таму, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, гітлераўцы ёю асабліва не цікавіліся. У Алу з навакольных сёл пераязджалі цэлымі сем’ямі, каб выратавацца ад згубы, выгнання ў Нямеччыну.

Зімой 1943–1944 гг., калі вёска апынулася ў прыфрантавой зоне, тут сабралася амаль дзве тысячы жыхароў з 12-ці населеных пунктаў. Былі людзі з Чыркавіч, Здудзіч, Ракшына, Рудні, Какаля (пазней – Светач), Іскры, Дзеднага, Каратковіч, Плясавіч, Антонаўкі, Сяльнога, Мармаля сучасных Светлагорскага і Жлобінскага раёнаў. У дамах туліліся па 40–50 чалавек. Не тое што легчы – сесці было недзе. Спалі па чарзе. Людзьмі былі заняты ўсе гаспадарчыя пабудовы, лазні, склепы, зямлянкі. Усе спадзяваліся: тут не знойдуць. Адчувалі і чакалі: хутка іх родныя мясціны вызваляць ад акупантаў. Але здарылася страшнае.

Полымя, сабакі і стрэлы

Паводле ўспамінаў відавочцы тых далёкіх падзей Таццяны Калейчык, у канцы снежня 1943-га на мосце цераз рачулку побач з Алой быў забіты або паранены нямецкі салдат. Людзі разумелі: будзе расправа, і адразу ж пайшлі хавацца ў лес. Немцаў не было. Таму 13 студзеня, напярэдадні свайго прастольнага свята – Васіля Вялікага, мірныя жыхары вярнуліся ў хаты.

Фашысты ведалі, што вяскоўцы шануюць гэты дзень, і на досвітку карнікі акружылі населены пункт. Далей – полымя, стрэлы, боль, крыкі, безвыходнасць. Ала – гэта фактычна 12 Хатыней. Амаль дзве тысячы загубленых лёсаў. Адно з самых масавых знішчэнняў мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пад рогат фашыстаў

Выжылі пасля трагедыі толькі восем чалавек. Адны паспелі ўцячы і схавацца ў лесе, камусьці пашанцавала вырвацца з агню ці прыкрыцца целамі мёртвых. Іх сведчанні, успаміны, запісаныя пазней, даюць зразумець: словы “зверствы фашыстаў”, “бесчалавечнасць гітлераўцаў”, “нацысцкія вылюдкі” – не прапагандысцкія клішэ, а аб’ектыўная гістарычная рэальнасць. Прыводзіць у халодны жах і бяруць дрыжыкі, калі чытаеш, як выганялі людзей з дамоў і білі прыкладамі па галовах тых, хто хацеў узяць адзенне. Як у адной з хат застрэлілі парадзіху, а яе немаўля забілі ўдарам аб сцяну. Як многіх дзяцей потым пазагрызалі сабакі. Як немцы знайшлі адну з зямлянак і закідалі яе гранатамі – людзі засталіся там назаўсёды. Як падчас такіх жудасных распраў карнікі вялі ажыўленыя гутаркі, рагаталі.

У кнізе “Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён” можна знайсці апісанне страшнага эпізоду адным з тых, хто выжыў, – Тарасам Колесневым: “Ад групы аддзялілася жанчына ў целагрэйцы і вялікай клятчастай хустцы. Аўтаматчык ішоў за ёй. Я пачуў яе просьбу дазволіць згарэць у сваёй хаце. Гэта была Аксіння Цімафееўна Курловіч, жонка бухгалтара калгаса. Пад дружны рогат фашыстаў жанчына павярнулася і цвёрдым крокам пайшла да сваёй палаючай хаты. За ёй бег фашыст з вялікім балонам за спінай. На хаду апырскваў яе бензінам. Жанчына не звяртала на яго ўвагі. Афіцэр дастаў пісталет. Але на парозе дома жанчына ўспыхнула паходняй і схавалася за дзвярыма…”.

Да вызвалення Алы заставалася 13 дзён.

Смерць апярэдзіла

Пасля карнай аперацыі адкрывалася страшная карціна: спаленыя хаты, на папялішчах – абгарэлыя косці. У дварах, на агародах, за вёскай – забітыя. Шмат цел – каля спаленага калгаснага хлява. Перад тым як пакінуць месца злачынства, захопнікі кідалі мёртвых у калодзеж, у ямы, аблівалі іх бензінам, палілі. Недзе прыкрывалі ўсё снегам.

Савецкія войскі прыйшлі ў Алу 27 студзеня. Вызвалялі гэтую тэрыторыю салдаты 41-й стралковай дывізіі 48-й арміі. Аб тым, што ўбачылі, захаваліся ўспаміны чырвонаармейца, будучага пісьменніка Сяргея Галіцына: “У пачатку 1944 года мы пракладвалі дарогу-гаць у паласе наступлення. Да мяне прыбеглі салдаты: “Хутчэй, хутчэй!” Я быў узрушаны: куча спаленых людзей. Кінуліся ў вочы лапці ды анучы на цудам ацалелых ножках абгарэлага хлопчыка гадоў шасці. Яго сваім целам прыкрывала маці”.

Астанкі, якія ўдалося сабраць на папялішчы, вызваліцелі пахавалі разам з целамі салдат у брацкай магіле. На гэтым месцы ў 1958 годзе ўстанавілі помнік – скульптуру воіна з аўтаматам на грудзях, што стаў на калена перад пахаваннем. А цяпер тут – галоўная мемарыяльная зона.

Існуе, дарэчы, памылковае меркаванне, што Ала пасля вайны не адрадзілася. Ёсць звесткі, што ў 1948 годзе ў населеным пункце былі 21 новы двор і грамадскія пабудовы, пачала працаваць пачатковая школа. Сюды ў мірны час вярнуліся сваякі тых, хто загінуў, перасяліліся з суседніх вёсак. Але на жыццё паўплывала цяжкадаступнасць мясцовасці. У 1969-м тут налічвалася толькі тры двары. А ў васьмідзесятых Ала цалкам апусцела.

У памяці – навечна 

Калі вёскі ўжо не было на карце, да месца вогненнай трагедыі праклалі новую дарогу. Тут з’явіліся паклонны крыж і памятны знак. А маштабны мемарыял будавалі ўсёй Беларуссю. Ідэю яго стварэння падтрымаў Прэзідэнт. “Ала” – сапраўдны народны праект памяці і патрыятычнага духу.

Вялікі пешаходны маршрут, з якога складаецца манумент, увесь час трымае ў напружанні, не дае расслабіцца. Глыбокім сэнсам напоўнена кожная дэталь. Няроўныя пліткі чырвонага колеру – вобраз шляху праз вуглі на папялішчы. Стылізаваныя брамкі – сімвал спаленых дамоў. Ломаныя аркі – зломленыя лёсы. Цэнтральная дарожка паўтарае накірунак вуліцы, па якой людзей вялі на пагібель. Колькасць званоў – па колькасці суседніх 12 вёсак, жыхары якіх шукалі ў Але паратунку, а знайшлі смерць. Застылі ў камені сілуэты знішчаных фашыстамі людзей. Мемарыял крычыць аб трагедыі. А ў адказ – цішыня і маўчанне. Каб адчуць сэрцам, асэнсаваць, яшчэ раз задумацца, патрэбна пабываць.

Хатынь, Ала, тысячы іншых вогненных вёсак нагадваюць: вайна патушыла жыццё, але не ў сілах забраць праўду і памяць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *