Утульнасць і камфорт ствараюць самі

Важное Грамадства

Ёсць людзі, якія не скардзяцца на навакольны свет, а самі паляпшаюць умовы пражывання. Адзін з іх – настаўнік фізічнай культуры Буркоўскай сярэдняй школы Аляксандр Семянчук, які жыве ў Брагіне.

Калі снежныя сумёты пакрылі вуліцы, ён разам з суседзямі ўзяў на сябе адказнасць па расчыстцы ад снегу тэрыторыі каля свайго дома. Каб стварыць зручнасць у перамяшчэнні, усе разам пасля працы выходзяць з кватэр і бяруць у рукі рыдлёўкі расчышчаць снег. Гледзячы на такую салідарнасць, іншыя жыхары таксама далучаюцца да справы.

А напярэдадні Новага года Аляксандр Семянчук і яго суседзі вырашылі ўпрыгожыць пад’езды. Сумеснымі намаганнямі ў іх і гэта атрымалася: рознакаляровымі агнямі заззяла ілюмінацыя. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што гэта падарыла ім радасць і адчуванне свята.

Сумесныя клопаты суседзяў не абмяжоўваюцца толькі зімовым часам. На змену снегу і маразам прыходзіць вясна. У двары мікрараёна Аляксандра Аляксандравіча цвітуць абрыкосавыя дрэвы, якіх тут вялікая колькасць. Каб плады былі буйныя, патрэбен догляд. Да таго ж  жаўтасліўнік схільны да моцнага росту з першых гадоў жыцця дрэва. Аб’ём кроны хутка нарастае. І калі своечасова не абразаць галінкі, то ў маладых дрэў зніжаецца ўстойлівасць да захворванняў, спыняецца рэгулярнае плоданашэння, заўчасна ўсыхаюць галіны.

Улетку, калі расце хутка трава, Аляксандр Семянчук і яго суседзі чаргуюцца ў касьбе. Дзякуючы агульным намаганням газоны каля дома акуратныя і дагледжаныя.

Восенню ўсе разам прыбіраюць лісце, якое пакрывае дарогі і тратуары. Кожны адчувае сябе часткай адзінай каманды.

Ініцыятыва Аляксандра Семянчука і яго суседзяў – яркі прыклад таго, што кожны з нас можа прыняць актыўны ўдзел у стварэнні прыгажосці і парадку вакол сябе.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *