Міжнародны лёгкаатлетычны прабег “Брагінская дзясятка” адбудзецца сёлета 20 красавіка

Важное Грамадства Спорт

Мэта прабегу – папулярызацыя здаровага ладу жыцця і аздараўленчага бегу, а таксама захаванне памяці аб чарнобыльскай катастрофе, адной з трагічных падзей у гісторыі краіны. Акрамя гэтага, прабег спрыяе ўмацаванню сяброўскіх адносін паміж спартсменамі з розных краін.

“Брагінская дзясятка” пачала свой адлік у далёкім 2005 годзе. І адразу ж гучна заявіла пра сябе не толькі на ўсю рэспубліку. За 18 год правядзення форуму да нас прыязджалі аматары лёгкай атлетыкі з розных краін свету: Украіны, Грузіі, Германіі, Казахстана, Расіі. Не абыходзілася і без удзелу знакамітых беларускіх спартсменаў, членаў нацыяльнай каманды – Іллі Карнаухава, Сяргея Краўчэні, Вольгі Немагай і інш. Для іх гэта і спаборніцтвы, і праверка сваіх сіл.

Асаблівым прабег робіць тое, што прыняць удзел у ім можа кожны жадаючы, незалежна ад узросту. Для спаборніцтваў прадугледжаны розныя дыстанцыі: 60 м (выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі Брагіна); 1 км (дзяўчынкі 12-ці гадоў і маладзейшыя); 2 км (хлопчыкі 12-ці гадоў і маладзейшыя); 10 км (дзяўчаты і юнакі, мужчыны і жанчыны ва ўзроставых катэгорыях 14 гадоў і малодшыя, 15–17 гадоў, 18–22 гады, 23–29 гадоў, 30–39 гадоў, 40–49 гадоў, 50–59 гадоў, 60–69 гадоў, 70+ гадоў).

Што ж у планах у гэтым годзе?

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбудзецца ў 10.30 пасля прабегу дашкольнікаў. Потым пройдзе мітынг, прысвечаны чарговай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Месца правядзення – каля помніка нашаму земляку Васілю Ігнаценку, аднаму з ліквідатараў паследкаў аварыі на ЧАЭС. Агульны старт запланаваны на 11.00 (на плошчы Леніна). Для гледачоў у гэты дзень арганізуюць спецыяльную зону, адкуль можна будзе ўбачыць старт і фініш.

Як адзначыў дырэктар ДЮСШ Брагінскага раёна Уладзімір Корхаў, пераможцы і прызёры ва ўзроставых групах, як і раней, будуць вызначацца па хуткасці праходжання дыстанцыі. Для іх прадугледжаны грашовыя прызы, медалі і дыпломы. Без заахвочвання не застануцца і іншыя ўдзельнікі. Усім, хто не сышоў з дыстанцыі, будуць уручацца памятныя медалі на фінішы.

Аднак папярэдне ўдзельнікі павінны зрабіць стартавы ўзнос. На дыстанцыю 10 км для мужчын і жанчын ва ўзросце 18–69 гадоў сума складзе 20 рублёў.

Зрабіць гэта можна праз таварыства з абмежаванай адказнасцю “Тайминг компания 42195” з 1 сакавіка па 19 красавіка 2024 года па наступных рэквізітах:

  • разліковы рахунак BY35 AKBB 3012 0000 5243 4400 0000 у Гродзенскае абласное ўпраўленне №400 ААТ “Беларусбанк”, БІК АКВВВY2X, УНП 591030031.
  • Або праз установу “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Брагінскага раёна” – 20 красавіка 2024 года: разліковы рахунак BY90 AKBB 3642 9000 0306 0000 ААТ “ААБ Беларусбанк”, БІК АКВВВY2X, УНП 400487091.

Папярэдне заяўкі на ўдзел у лёгкаатлетычным прабегу накіроўваюцца ў электроннай форме на сайт ТАА “Тайминг компания 42195” з 1 сакавіка па 19 красавіка па адрасе: 230001, г. Гродна, вул. Лялевеля, 46, тэл: +375296882442, e-mail: 42195.by@gmail.com

У дзень забегу прыём заявак сканчваецца за 10 хвілін да старта.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў будзе праходзіць з 8.30 да 10.50 на плошчы Леніна ў Брагіне. У выпадку неспрыяльных умоў надвор’я – у Брагінскім РДК па адрасе пл. Леніна, д. 1.

“Брагінская дзясятка” аб’ядноўвае людзей розных узростаў і нацыянальнасцей. Яна стала сімвалам імкнення да здаровага ладу жыцця і веры ў магчымасць пераадольвання любых перашкод. Далучайцеся да ўдзельнікаў прабегу. Чакаем вас на старце!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *