Юныя мсціўцы. Стаць дарослымі не дазволіў фашызм

Важное Грамадства

У вайны не дзіцячы твар – гэта ведаюць усе. Але колькі іх, адважных хлапчукоў і дзяўчынак, змагалася з ворагам на роўных з дарослымі ў гады Вялікай Айчыннай. Стралялі з акопаў, падрывалі масты і калоны з фашысцкай бронетэхнікай, адшуквалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, выяўлялі важныя звесткі, распаўсюджвалі лістоўкі… І кожны раз рызыкавалі жыццём. Многія загінулі і ступілі ў неўміручасць – дзеля агульнай перамогі, міру і свабоды, якімі мы сёння павінны даражыць.

Пра гэта нам нагадвае і дата 8 лютага – Дзень памяці юнага героя-антыфашыста, які адзначаецца з 1964 года ва ўсім свеце. Ён быў зацверджаны Асамблеяй ААН у гонар французскага школьніка Даніэля Феры і іракскага хлопчыка Фадыла Джамаля – удзельнікаў антыфашысцкіх дэманстрацый. Абодва загінулі 8 лютага з розніцай у год: у 1962-м і 1963-м. А яшчэ раней, у 1943-м, менавіта ў гэты дзень у Парыжы былі расстраляны пяцёра французскіх ліцэістаў-падпольшчыкаў, у Краснадоне – героі-маладагвардзейцы: Алег Кашавы, Любоў Шаўцова, Дзмітрый Агурцоў, Віктар Субоцін, Сямён Астапенка.

Магчыма, гэтыя супадзенні і выпадковыя, але яны існуюць, напаўняючы дзень, калі адбыліся падобныя трагедыі, асаблівай гістарычнай адказнасцю. Прыгадаем: з 1941-га па 1944 год на тэрыторыі Беларусі з нямецка-фашысцкімі акупантамі змагаліся каля 25 тысяч дзяцей і падлеткаў ва ўзросце 10–16 гадоў. Па волі лёсу яны апынуліся ў падполлі, партызанскіх атрадах, стаўшы сынамі і дачкамі палкоў, выконвалі далёка не дзіцячыя даручэнні. Многія з іх былі паранены, кантужаны. Некаторыя геройскі загінулі. Сярод такіх – Марат Казей, Зіна Партнова, Барыс Царыкаў, якім прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Марат нарадзіўся 29 кастрычніка 1929 года ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і камуністаў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, скончыў толькі чатыры класы. Штуршком да пачатку актыўнага змагання з фашыстамі паслужыла смерць маці: за сувязь з партызанамі гітлераўскія каты яе павесілі ў Мінску. Марат пакляўся адпомсціць…

Разам з сястрой-камсамолкай Арыяднай піянер пайшоў да партызан у Станькаўскі лес. Ён стаў разведчыкам штаба партызанскай брыгады імя Ракасоўскага. Па даных, атрыманых ад Марата, была распрацавана і рэалізавана смелая аперацыя па разгроме фашысцкага гарнізона ў Дзяржынску. А калі партызанскі атрад трапіў у акружэнне, спрытны і бясстрашны падлетак змог выскачыць з аблавы і выклікаць падмацаванне, у выніку чаго партызаны былі выратаваны. Яго ўзнагародзілі медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі” і ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Марат адважна змагаўся з фашыстамі ў баях, хадзіў у разведку, здабываў варожыя карты, планы размяшчэння камандавання і іншыя каштоўныя дакументы, разам з вопытнымі падрыўнікамі мініраваў чыгунку.

У маі 1944-га вёска Хароміцкія Уздзенскага раёна, куды Марат і начальнік разведкі атрада Міхаіл Ларын прыбылі, каб сустрэцца з сувязным, акружылі паліцаі і карнікі дывізіі СС Дырлевангера. Пасля гібелі Ларына юны партызан прыняў бой. Адстрэльваўся да апошняга. А калі скончыліся патроны, падарваў сябе і фашыстаў, якія падыходзілі, гранатай.

Нас-то было, почитай, человек сто пятьдесят, а он один, – успамінаў падчас суда ў 1965 годзе адзін з карнікаў, які ўдзельнічаў у аблаве. – Патроны у него, видно, кончились в автомате. Так он подпустил всех к себе поближе и гранатой их. Потом встал во весь рост и говорит «берите меня, говорит, в плен». Тут ещё несколько человек бросились к нему, а он снова гранатой. Была, значит, у него последняя. Он её занёс над головой и взорвал. И сам лёг, и людей уложил. Даже немецкий офицер, и тот нас срамил, его в пример ставил.

Ленінградскую піянерку Зіну Партнову вайна застала ў вёсцы Зуі Сіроцінскага раёна Віцебскай вобласці, куды яна прыехала на канікулы да бабулі. Дзяўчынка толькі скончыла сем класаў і хацела вучыцца далей. Але фашысты перакрэслілі планы. І як толькі Зіна даведалася, што недзе побач дзейнічаюць патрыёты, адразу ж пачала іх шукаць.

Моладзь з вёсак Ушалы, Ферма, Зуі, Масцішча і чыгуначнай станцыі Обаль аб’ядналася ў падпольную арганізацыю «Юныя мсціўцы», а пазней была залічана ў партызанскі атрад імя Варашылава брыгады імя Леніна. Зіна стала актыўнай удзельніцай барацьбы з ворагам.

У больш спрактыкаваных падпольшчыкаў дзяўчынка навучылася канспірацыі, трапна страляць, кідаць гранаты. Яна распаўсюджвала лістоўкі, была сувязной, разведчыцай, дыверсанткай.

У канцы лета 1943 года, калі па даносе здрадніка частку юных падпольшчыкаў схапілі, фашысты адмаўляліся верыць, што столькі шкоды ім нанеслі звычайныя школьнікі. Яны былі ўпэўнены, што выбухі на чыгунцы, на шашы, лістоўкі, падпалы – справа рук дарослых партызан.

На рахунку юных мсціўцаў – 22 буйныя дыверсіі. І Зіна Партнова мае дачыненне да кожнай з іх. А адну, асабліва небяспечную, выканала асабіста: падсыпала ў кацёл з ежай для фашыстаў атруту, у выніку чаго больш за 100 эсэсаўцаў знайшлі апошні прытулак на могілках.

…Стаяў снежань 1943 года. Зіна вярталася з чарговага задання. У вёсцы Масцішча яе выдаў здраднік. Фашысты схапілі юную партызанку, катавалі. Але адказам ворагу было маўчанне, пагарда і нянавіць, рашучасць змагацца да канца. Падчас аднаго з допытаў Зіна, скарыстаўшыся зручным момантам, забіла свайго ката з яго ж зброі. Спрабавала ўцячы, але была схоплена.

Месяц і чатыры дні юную разведчыцу трымалі ў засценках гестапа. А марознай студзеньскай раніцай 1944-га 17-гадовую сляпую і сівую дзяўчыну з распухлымі пачарнелымі нагамі вывелі на расстрэл…

Барыс Царыкаў, па ўспамінах тых, хто вучыўся разам з ім у сярэдняй школе № 25 г. Гомеля, быў асобай яркай і рухомай. Любіў чытаць, асабліва часопісы пра падарожжы, цікавіўся замежнымі краінамі. З’яўляўся добрым арганізатарам, завадатарам класа: па яго ініцыятыве часта праводзіліся розныя спартыўныя гульні, іншыя мерапрыемствы.

У пачатку вайны 15-гадовы падлетак знаходзіўся ў эвакуацыі ў горадзе Ртышча Саратаўскай вобласці, дзе і пазнаёміўся з палкоўнікам Васілём Бойкам – камандзірам партызанскай спецгрупы, якая на той момант толькі фарміравалася. Дадаўшы сабе год, юны Барыс угаварыў “Бацю” (так звалі партызаны свайго камандзіра) узяць яго з сабой. А маці проста пакінуў запіску з просьбай не хвалявацца і дараваць.

Так у лютым 1942 года Барыс Царыкаў апынуўся на акупіраванай тэрыторыі ў Віцебскай вобласці. За два месяцы партызанскага жыцця вырас у вопытнага разведчыка і падрыўніка. “З 15.06 па 03.10.1942 года падарвана 55 эшалонаў, сярод тых, хто вызначыўся, – Барыс Царыкаў», – пісаў у справаздачы Васіль Бойка. А сам юны падрыўнік у пісьме родным паведамляў: “Дарагія! Прачытаў у газеце аб узнагароджанні мяне ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Калі ўбачыў сваё прозвішча ў спіску ўзнагароджаных, мне захацелася ў той жа дзень яшчэ больш біць паганых фрыцаў.” І ў хуткім часе яму такі шанц выпаў.

У лютым 1943-га, у самы разгар вайны, Барыса накіравалі ў 43-ці Даурскі полк 106-й стралковай дывізіі, якая ў жніўні ўвайшла ў склад 65-й арміі Цэнтральнага фронту.

У ноч на 15 кастрычніка разам з першым штурмавым батальёнам юны разведчык  фарсіраваў Днепр у раёне Лоева, узняўшы на правым беразе чырвоны сцяг. А потым яшчэ некалькі разоў перапраўляўся па халоднай асенняй вадзе цераз Днепр з баявымі данясеннямі для штаба. Прычым на зваротным шляху выцягваў на сабе раненых баявых таварышаў. У баях па пашырэнні плацдарма ўдзельнічаў на працягу пяці сутак.

Аб тым, што ўдастоіўся Зоркі Героя, даведаўся ў дзень свайго нараджэння – 31 кастрычніка. А праз 13 дзён 17-гадоваму юнаку суджана было загінуць.

Так, яны  былі сувязнымі, падрыўнікамі, разведчыкамі… Разам з чырвонаармейцамі гналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі, вызвалялі іншыя рэспублікі. Піянеры і камсамольцы, гарадскія і вясковыя. На іх дзіцячых гімнасцёрках ззялі баявыя ўзнагароды. Але Дзень памяці юнага героя-антыфашыста – гэты яшчэ і перасцярога: такое не павінна паўтарыцца. Дзеці нараджаюцца, каб жыць і быць шчаслівымі, што магчыма толькі пад мірным небам.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *