З любоўю да роднай мовы. Расказваем пра прызёраў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды з Чамярыскай школы

Важное Грамадства

У студзені гэтага года на абласным узроўні неаднаразова гучалі імёны вучняў Брагіншчыны. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах брагінчане атрымалі чатыры дыпломы. Два з іх – па беларускай мове і літаратуры – на рахунку вучаніц Чамярыскай сярэдняй школы Дарыны Катлабай (другое месца) і Кацярыны Краўчанкі (трэцяе). Яны не проста прынеслі гонар сваёй школе, а паказалі высокі ўзровень ведаў. На пытанне, чаму выбралі менавіта гэты прадмет, Дарына і Кацярына ў адзін голас адказваюць: гэта ўсё – любоў да роднай мовы.

Свой шлях да алімпіяд дзяўчынкі ўзгадваюць ахвотна. Кацярына расказвае, што на першую трапіла выпадкова – у чацвёртым класе: настаўнік прапанаваў з’ездзіць на раённы этап. На жаль, тады не хапіла ўсяго некалькі балаў, каб быць у тройцы лепшых. Але гэта і падштурхнула да ўдасканальвання ведаў. Амаль увесь свой вольны час дзяўчынка прысвячала заняткам па беларускай мове. Дадаткова займалася пад кіраўніцтвам свайго настаўніка Мікалая Чарнабая, вопытнага філолага, і самастойна. А на пытанне, як паспявае сумяшчаць вучобу і падрыхтоўку да алімпіады, адказвае проста: «Я навучылася з розумам выкарыстоўваць свой час».

Зараз Кацярына ў дзясятым класе. Яна лічыць, што для перамогі ў алімпіядзе трэба больш чытаць спецыяльнай літаратуры, пашыраць свае веды. Менавіта гэтых пастулатаў дзяўчынка і прытрымліваецца. У наступным годзе разлічвае ўзняцца на прыступку вышэй. З прафесіяй яна амаль што вызначылася, зараз імкнецца да сваёй мэты.

Як адзначыў Мікалай Уладзіміравіч, схільнасць дзіцяці да таго ці іншага прадмета адразу бачная. А каб не патушыць агеньчык дапытлівасці, трэба настойліва працаваць. «Мы з Кацярынай, можна сказаць, па кроплях збіралі ўсю патрэбную і цікавую інфармацыю. Заклалі падмурак, а далей трэба толькі развівацца», – адзначае Мікалай Уладзіміравіч.

У Дарыны Катлабай схільнасць да беларускай мовы і літаратуры праявілася яшчэ ў трэцім класе, нягледзячы на тое, што нарадзілася яна ў суседняй Украіне. Разам з бацькамі, будучы яшчэ маленькай, пераехала ў Беларусь. У пачатковых класах з дзяўчынкай займалася Надзея Фёдараўна Абросімава. Потым – Ганна Дзямяненка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. З пятага класа Ганна Леанідаўна прапанавала дзяўчынцы мэтанакіравана рыхтавацца да алімпіяды, таму што бачыла значныя поспехі. «Разам са мной займаліся яшчэ некалькі вучняў, але з цягам часу не адступіла толькі я. Вельмі зацікавілася самім працэсам вывучэння мовы», – дадае Дарына. Дзяўчына ўпэўнена, што яна дасягнула значных поспехаў дзякуючы таму, што прыслухоўвалася да заўваг і парад настаўнікаў.

Ганна Леанідаўна адзначае, што Дарына – рознабакова развітая асоба. «Яна не толькі мае поспех па беларускай мове і літаратуры, але і старанна рыхтуецца да іншых заняткаў. Вельмі дапытлівая і мэтанакіраваная дзяўчынка», – кажа настаўніца. У скарбонцы поспехаў вучаніцы – дыпломы розных узроўняў. З апошніх – другое месца ва ўніверсітэцкай алімпіядзе па беларускай мове, якая праходзіла сярод вучняў адзінацатых класаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны. А таксама дыплом III ступені па выніках абласнога этапу конкурсу «Размаўляй са мной па-беларуску».

Поспехам Дарыны і Кацярыны паспрыяла не толькі ўласная руплівая праца, але і прафесіяналізм, падтрымка іх настаўнікаў. Педагогі не толькі навучалі, але і натхнялі, матывавалі.

Такі высокі вынік можна лічыць прадуктам калектыўнай працы. Прызёры з’яўляюцца яркім прыкладам таго, як сумесныя намаганні прыводзяць да жаданых вышынь.

Дырэктар школы Святлана Кудранок падкрэслівае: «Поспех не залежыць ад колькасці вучняў і месца знаходжання школы. Галоўнае – бачыць патэнцыял кожнага дзіцяці, яго схільнасці, развіваць таленты». Яна лічыць, што для вучняў галоўнае – падтрымка, натхненне і дапамога. У Чамярыскай школе існуе і сістэма заахвочванняў: кожнаму пераможцу і прызёру ўручаюць ліст з падзякай і кветкі. А каб прывіваць любоў да роднай мовы, праходзіць шмат тэматычных мерапрыемстваў. І ўсё больш дзяцей аддаюць ёй перавагу пры падрыхтоўцы да алімпіяд, ЦТ і ЦЭ.

Самые интересные и важные новости ищите в наших социальных сетях:   TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *