Боль зямлі беларускай. 19 сакавіка спаўняецца 80 гадоў з дня вызвалення вязняў трох канцлагераў пад агульнай назвай «Азарычы»

Главное Грамадства

Тыфозная міна, ці Жывы шчыт з жанчын, старых, дзяцей…

Вясна сорак чацвёртага. Пад сакрушальнымі ўдарамі Чырвонай арміі вораг адступае. Гітлераўцы лютуюць і пачынаюць шырока практыкаваць новыя зверскія спосабы загубы савецкіх людзей. Нямецкая тактыка – спаленыя землі, знішчаная інфраструктура. Мірнае насельніцтва гоняць у прыфрантавую зону.

Тэхналогія эпідэміі

Камандаванне 9-й нямецкай арміі, часці якой дыслацыраваліся паблізу вёскі Азарычы, разумела: ва ўмовах адлігі на багністай мясцовасці стрымліваць наступленне савецкіх войск будзе цяжка. Таму пасля ўзгаднення далейшых дзеянняў з Берлінам салдат адвялі на захад, на больш выгадныя пазіцыі. А на балоты пагналі ўсіх, каго немцы лічылі непрацаздольнымі. Ці, іншымі словамі, проста абузай. Іх выкарысталі, як лабараторных пацукоў. Людзей – пераважна старых, жанчын, дзяцей – наўмысна заражалі смертаноснымі хваробамі з разлікам, што вязняў кінуцца ратаваць чырвонаармейцы і інфекцыя перакінецца на іх. Па сутнасці, так рыхтавалася сапраўдная «жывая бомба». Жудасна, страшна і бесчалавечна.

Згодна з загадам камандуючага 9-й нямецкай арміяй, акупанты арганізавалі тры канцэнтрацыйныя лагеры ў раёне населеных пунктаў Дзерць, Азарычы і Падасіннік Даманавіцкага раёна (цяпер – Калінкавіцкі). Галоўная задача – стварыць жывы заслон для абароны ваенных аб’ектаў ад нападзення войск Чырвонай арміі і прыкрыцця аперацыі па адвядзенні пяхотных дывізій з пярэдняй лініі абароны. План узгадняўся на ўзроўні Гітлера.

Напярэдадні на месцы – у Палескім лясніцтве – пабывалі нацысцкія ўрачы-мікрабіёлагі на чале з прафесарам Блюменталем. Іх вердыкт: на даным участку мэтазгодна інфіцыраванне людзей сыпным тыфам. Ці па-іншаму: прымяненне бактэрыялагічнай зброі. У багністай мясцовасці, без вады, ежы і медыцынскай дапамогі, як потым дакладвалі Гітлеру, зараза вельмі хутка распаўсюдзіцца. А калі гэтага будзе недастаткова, сюды даставяць хворых на тыф.

Дарогай смерці

Такім чынам, нацысцкі комплекс па знішчэнні людзей размясціўся ўздоўж лініі фронту. Яго тэрыторыю гітлераўцы абгарадзілі і замініравалі з усіх бакоў. За калючым дротам апынулася звыш 50 тысяч людзей – жыхароў Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай (Расія). У тым ліку хворыя на сыпны тыф. Многія загінулі ад рук нацыстаў, не дайшоўшы да балота.

Паводле ўспамінаў былога вязня Азарыцкіх лагераў, аднаго з аўтараў кнігі «Палессе: трагедыя і памяць» Аркадзя Шкурана, са Жлобіна прыбыло дзевяць саставаў, якія прывезлі 30 тысяч чалавек. З іх падчас транспарціроўкі больш за дзве тысячы памерла ад тыфу і цісканіны. Пасля трэба было пераадолець 40 кіламетраў пешшу па балоце. На вачах сведкі тых жахлівых падзей немец застрэліў жанчыну, якая несла двух дзяцей: адно – на грудзях, другое – за спінай. Яна проста выйшла на абочыну, каб паправіць свае рэчы, і села. Такім жа чынам фашысцкі вылюдак пазбавіў жыцця малых і спакойна пайшоў далей. Злачынцы жорстка распраўляліся з кожным, каму патрэбен быў адпачынак, хто не мог ісці, адставаў ад калоны.

Па тых жа дарогах рухалася ваенная тэхніка. Хто не паспяваў сысці, траплялі пад гусеніцы танкаў. Кроў і трупы змешваліся з граззю. Невыпадкова вязні празвалі шлях да Азарыч «дарогай смерці».

Асуджаныя на пагібель

Умовы ўтрымання людзей за калючым дротам – страшныя. Балоты, холад, ніякіх памяшканняў, круглыя суткі – пад адкрытым небам, на халоднай зямлі, у вадзе. Тэмпература ў тыя дні стаяла ад нуля да мінус пятнаццаці, а вязням забаранялася разводзіць вогнішчы, майстраваць якія-небудзь буданы. Жанчыны, каб хоць крыху сагрэць дзяцей, збіралі іх у групкі па 15–20 чалавек і ўкрывалі лахмоццем. Сваіх ахвяр фашысты не кармілі. На вышках кругласутачна дзяжурыла ўзброеная ахова: за парушэнне рэжыму расстрэльвалі.

Ужо ў першую ноч, па расказах тых, хто цудам выжыў, многія замерзлі і памерлі. Жанчыны, якія спрабавалі выйсці за калючы дрот і знайсці глыток вады для дзяцей, падрываліся на мінах. Людзі гінулі ад голаду, хвароб – для ўзмацнення інфекцыі ў лагер было дастаўлена сем тысяч чалавек з тыфам. Больш за тое, менавіта ў Азарычах фашысты выпрабоўвалі свае апошнія распрацоўкі ў галіне бактэрыялагічнай зброі. Згодна са шматлікімі сведчаннямі вязняў, у адзін з дней над лагерамі праляцеў самалёт, пасля чаго на снезе засталося мноства жоўта-бурых плям, а людзі пачалі яшчэ больш хварэць. Многія страчвалі здольнасць рухацца і ў непрытомнасці ляжалі прама ў гразі. Хаваць мёртвых не дазвалялася. Таму целы вязні складвалі ў адно месца, а калі ўжо не было сіл, памерлыя ляжалі па ўсёй тэрыторыі лагераў.

Па ўспамінах тых, хто прайшоў гэты ад, вельмі хацелася піць. Але немцы вады не давалі, і браць яе, каб спатоліць смагу, даводзілася з балота, куды сцякалі ўсе нечыстоты (туалетаў, зразумела, не было). Ці з вырытых побач з дротам канаў, у якіх валяліся трупы. Якая жыжа была пад нагамі, тую і пілі.

У такіх нечалавечых умовах паміралі хутка. Сярэдняя працягласць жыцця інфіцыраваных вязняў – трое сутак. Выратаваліся ў асноўным тыя, хто прыбыў у лагер у апошнія дні перад вызваленнем. Хаця праіснаваў ён нядоўга: з 10 па 19 сакавіка. Ужо 18-га ахова знікла. Але палонныя не маглі пакінуць тэрыторыю – яна была замініравана.

Салдаты плакалі

Калі савецкая разведка наткнулася на канцлагеры, відовішча было жудаснае. «37-я гвардейская с боями подходила к деревне Дерть. Разведчики донесли комдиву, что в окрестностях, на болоте, они видели лагеря: колючая проволока, за ней на холоде, без всяких укрытий – женщины, ребята, старики. Командир дивизии Ушаков послал несколько подразделений отбить страдающих людей, пока их не постреляли фашисты. Но немецко-фашистское командование не дало приказ уничтожить заключённых. Оно ждало другого: русские солдаты бросятся к замерзающим женщинам, обнимут детишек, и тогда поползёт в ряды наступающих советских войск тифозная вошь», – напіша ў сваіх мемуарах «У паходах і баях» генерал Павел Батаў, камандуючы 65-й арміяй, якая праводзіла вызваленчую аперацыю.

Салдаты плакалі, калі бачылі апухлых ад голаду маленькіх дзяцей з абмарожанымі ручкамі і ножкамі. Знясіленых вязняў выносілі.

З 18 на 19 сакавіка 1944 года з трох лагераў было вызвалена больш за 33 000 чалавек. У тым ліку 15 960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў, 13 072 жанчыны і 4448 старых. Каля 20 тысяч загінула.

Эпідэміі тыфу сапраўды не ўдалося пазбегнуць. Але яна не дасягнула такога маштабу, на які разлічвалі немцы, і гэта не паўплывала на франтавыя падзеі – савецкія войскі працягвалі сваё наступленне.

Ваенныя медыкі прынялі ўсе магчымыя меры для таго, каб выратаваць хворых і спыніць далейшае распаўсюджванне інфекцыі. У прыватнасці, была створана каранцінная зона, разгарнута сетка шпіталяў, дэзынфекцыйных пунктаў, амбулаторый. У вялікай колькасці прымяняліся антыбіётыкі.

На жаль, нават пасля вызвалення лагер смерці не адпускаў сваіх вязняў. Нягледзячы на добрае харчаванне, медыцынскую дапамогу, некаторыя паміралі. Былі выпадкі, калі жанчыны, дзеці якіх не выжылі, страчвалі розум.

Дараваць і забыць немагчыма

Па гарачых слядах ваенная пракуратура 65-й арміі правяла расследаванне злачынстваў, здзейсненых нацыстамі ў канцлагры «Азарычы». Заключэнні і матэрыялы справы па знішчэнні савецкіх грамадзян разглядаліся ў Нюрнбергу.

У БССР у 1946–1947 гадах прайшоў шэраг судовых працэсаў над нямецкімі ваеннымі злачынцамі. Сярод іх – камандзіры пяхотных дывізій генералы Іаган Рыхерт і Эберхард фон Куроўскі, непасрэдныя стваральнікі канцлагераў. Першага ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі прыгаварыў да павешання. Ён быў пакараны смерцю на Мінскім іпадроме. Другі і яшчэ 16 яго работнікаў штаба, а таксама 21 камандзір дывізій 9-й нямецкай арміі, якія прымалі ўдзел у дэпартацыі насельніцтва ў канцлагеры, атрымалі па 25 гадоў турэмнага заключэння ў выпраўленча-працоўных лагерах. Куроўскі быў рэпатрыіраваны ў 1955 годзе, а ў 1957-м памёр.

На жаль, некаторым удалося пазбегнуць пакарання. У іх ліку – генерал Фрыдрых Хосбах, які пасля вайны пражываў у Заходняй Германіі і пісаў мемуары (у тым ліку і пра канцлагер «Азарычы»); палкоўнік Вернер Боданштайн, які працягваў служыць у бундэсверы.

Доўгі час моладзь у Германіі не верыла, што нямецкая армія здзейсніла такое злачынства супраць грамадзянскага насельніцтва. Многія сцвярджалі, што яна ваявала толькі супраць Чырвонай арміі, а стварэннем лагераў займаліся спецыяльныя карныя службы. Аднак у фільме «Азарычы. Ахвяры «Эскулапа» нямецкі гісторык Крыстаф Рас падкрэслівае, што ў дэпартацыі мірных жыхароў з 146 населеных пунктаў прыфрантавой зоны прынялі ўдзел больш за 30 тысяч салдат і афіцэраў вермахта. І праводзілася яна ў адпаведнасці з загадамі і распараджэннямі камандуючага 9-й нямецкай арміяй генерала Харпе і вышэйзгаданых Рыхерта і Хосбаха.

Сёння ў Азарычы, дзе ў памяць аб ахвярах лагераў смерці ўстаноўлены мемарыяльны комплекс, прыязджаюць сотні людзей розных пакаленняў. Не толькі з рэгіёнаў Беларусі, але і з замежных краін. У тым ліку дзеці, унукі, праўнукі сведкаў тых страшных падзей. Іх клічуць памяць, у якой шмат болю і пакут, абавязак перад тымі, хто загінуў. Трэба ведаць самім і расказаць іншым, што тут давялося перажыць. Каб яшчэ раз упэўніцца, якой вялікай цаной дасягнута вызваленне, зразумець, што такое нацызм.

«Усім вам, аблудным і адурманеным, гавару: «Ідзі і глядзі!» Ідзі ў Хатынь, Боркі, Алу, Дальву, Усакіна, Шунёўку, Азарычы, да мемарыялаў «Трасцянец», «Яма», «Чырвоны Бераг», – звярнуўся наш Прэзідэнт у 2021 годзе на мітынгу-рэквіеме ў Хатыні да тых, хто ўпэўнены, што фашызм «нёс на нашу зямлю цывілізацыю», хто гераізуе забойцаў, хто пакланяецца бчб-сцягам, пад якімі чыніўся генацыд беларускага народа.

Мы павінны засвоіць урокі вайны. І галоўны з іх – няма даравання таму, хто прапаведаваў і ажыццяўляў палітыку генацыду. Хто здзекаваўся з жанчын, старых, дзяцей, забіваў іх ці асуджаў на гібель, як гэта было ў Азарычах. І не толькі…

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *