Дэлегацыя Брагінскага раёна прыняла ўдзел у мітынгу-рэквіеме да 80-й гадавіны вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці

Главное Грамадства

Крычаць Азарычы. Іх чутна праз гады

Мітынг-рэквіем, прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці, сабраў 19 сакавіка на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу больш за тысячу чалавек. Ушанаваць памяць ахвяр прыехала і дэлегацыя Брагіншчыны.

Памятаць, каб жыць

У журботным маўчанні каля мемарыяла ў Калінкавіцкім раёне схілілі галовы прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, моладзь, былыя вязні.

У мітынгу прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

Паводле задумы нямецкіх войскаў, хворыя на тыф людзі павінны былі стаць крыніцай інфекцыі для салдат, афіцэраў Чырвонай арміі. Тут пад адкрытым небам вязняў утрымлівалі ў холадзе, голадзе, без ежы і вады. Прысуд – смерць…

Генерал-лейтэнант Павел Батаў, камандуючы 65-й арміяй, робіць дыпламатычны ход: прапаноўвае нямецкім войскам цэлыя суткі адступлення без праследвання ў абмен на жыцці людзей. 19 сакавіка савецкія войскі ўжо вызвалілі больш за 30 тысяч чалавек – жанчын, старых і дзяцей.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў глыбокі трагізм даты. Ён, звяртаючыся да прысутных, нагадаў пра больш чым 20 тысяч бязвінных ахвяр, якія назаўсёды засталіся ў балотах каля Дзерці, Падасінніка і Азарычаў.

Памяць аб тых, хто загінуў, удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання, да помніка ўсклалі кветкі і вянкі. Каля памятнага знака ваенным медыкам адбыўся малебен.

Сведкі

Уладзімір Гардзіенка – былы непаўнагадовы вязень Азарыцкага лагера. У пяцігадовым узросце ён апынуўся за калючым дротам. Таму назваў дзень вызвалення сваім другім днём нараджэння і ўспомніў, як салдаты Чырвонай арміі выводзілі змучаных людзей па вузкай размініраванай сцежцы.

Колькі дакладна дзён прабыў у канцлагеры, зараз не прыгадае. Адно толькі памятае: з усіх бакоў чуўся трэск галінак – гэта людзі слалі іх, каб пасядзець. Вядома, холад быў страшны. У канцлагеры з Уладзімірам знаходзіліся яго маці, Наталля Анісімаўна, і брат Фёдар.

На ўсё жыццё засталіся ў памяці і нямецкія салдаты з аўчаркамі ды вартавыя вышкі з кулямётамі. Калі хто-небудзь з вязняў набліжаўся да калючага дроту, па іх стралялі. Уздоўж агароджы ляжала шмат трупаў.

Як вядома, вязняў Азарыцкага лагера смерці нямецкія войскі спецыяльна заразілі тыфам. Хворых, а таксама аслабелых дзяцей і старых чырвонаармейцы выносілі на насілках, загорнутымі ў шынялі або коўдры, адпраўлялі на каранцін, затым – па шпіталях.

Уладзіміру пашанцавала, што ніхто з сям’і не заразіўся, хаця вакол былі інфіцыраваныя. Праз жахі гэтага ж лагера ў ваколіцах Азарычаў прайшла трохгадовай дзяўчынкай і яго жонка са зводнай сястрой Нінай, стрыечным братам і цёткай Матронай. Трое апошніх захварэлі на тыф і лячыліся ў шпіталі.

Званочкі міру

У дзень 80-й гадавіны вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці на сімвалічным дрэве памяці, якое ўсталявалі на мемарыяльным комплексе, з’явіліся першыя званочкі. У памяць аб загубленых жыццях усе ўдзельнікі, якія выходзілі да мікрафона, заклікалі да міру і любові. Пад пранізлівую кампазіцыю дзеці, моладзь, дарослыя пакінулі на гэтым дрэве званочкі як сімвал таго, што сумны перазвон не сціхае, а ўсё гэтак жа болем адгукаецца ў сэрцах. Азарычы – вечны напамінак аб тым, як лёгка знішчыць чалавечае жыццё і як важна шанаваць і захоўваць мір на зямлі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *