80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Іскандэр Садыкавіч Даутаў 

Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Іскандэр Садыкавіч Даутаў – кулямётчык 4-га эскадрона 58-га палка 16-й гвардзейскай Чарнігаўскай кавалерыйскай дывізіі, гвардыі радавы.

Нарадзіўся ў верасні 1923 года ў Ісількулі – прыстанцыйным пасёлку Омскай вобласці ў сям’і рабочага. Сібірскі татарын. У Петрапаўлаўску, куды мнагадзетная сям’я Даутавых пераехала ў 1927 годзе, Іскандэр скончыў сем класаў, затым – школу фабрычна-заводскага навучання пры мясакамбінаце, дзе працаваў майстрам. Паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум.

Калі пачалася вайна з фашысцкімі захопнікамі, матэрыяльнае становішча Даутавых пагоршылася. Сродкаў, што зарабляў бацька, не стала хапаць. І частку клопатаў пра сям’ю узяў на сябе Іскандэр, старэйшы сын. Яго прынялі стралком ваенізаванай аховы.

Добрую працу камсамольца, яго адказнасць і сумленнасць заўважыла кіраўніцтва. Таму ў лютым 1942-га ён быў пераведзены ў распараджэнне аховы прадпрыемстваў сувязі горада Чалябінска. А ў жніўні таго ж года вярнуўся ў Петрапаўлаўск. У лістападзе юнака прызвалі ў армію, а праз нейкі час накіравалі на фронт.

Дзякуючы архіўным дакументам вядома, што 26 верасня 1943 года гвардыі радавы Іскандэр Даутаў у ліку першых пераправіўся праз раку Днепр каля вёскі Ніўкі (зараз не існуе) Брагінскага раёна, уварваўся ў траншэю ворага і ў рукапашнай схватцы знішчыў некалькі фашыстаў.

У адзін з крытычных моманантаў бою гітлераўцы пайшлі на хітрасць: пасадзілі каля сотні аўтаматчыкаў у лодкі, каб зайсці па рацэ ў тыл 4-га эскадрона і не даць магчымасці пераправіцца іншым падраздзяленням 58-га гвардзейскага кавалерыйскага палка. Але яны не ведалі, што там ужо быў устаноўлены кулямёт, за якім заняў пазіцыю чырвонаармеец Даутаў. Ён сустрэў праціўніка шквалістым агнём і паспеў знішчыць дзясяткі варожых салдат і пашкодзіць некалькі лодак. У гэтай перастрэлцы 20-гадовы баец быў цяжка паранены, але працягваў весці агонь па фашыстах. Калі на дапамогу прыйшла група аўтаматчыкаў, кулямёт ужо маўчаў… “Бойцы, прибывшие на помощь, нашли Даутова мёртвым, закостеневшими руками сжимавшего ручки пулемёта. Герой-пулемётчик умер, но не отошёл”, – напісана ва ўзнагародным лісце, складзеным камандаваннем палка.

15 студзеня 1944 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна прысвоіў Іскандэру Даутаву званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ён у брацкай магіле, размешчанай у вёсцы Галкі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *