80-годдзю вызвалення Беларусі прысвячаецца. Імёны на пастаменце: Павел Сцяпанавіч Мамкін

80 гадоў вызвалення Беларусі Год гістарычнай памяці Грамадства Праект “МП”: Імёны на пастаменце

Павел Сцяпанавіч МАМКІН – камандзір кулямётнага аддзялення 221-га палка 77-й гвардзейскай стралковай дывізіі, гвардыі малодшы сяржант.

Нарадзіўся ў 1922 годзе ў расійскай вёсцы Бурцава Аленінскага раёна Калінінскай вобласці (цяпер – Цвярская) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы працаваў у калгасе.

Калі пачалася вайна, Паўла прызвалі ў армію і накіравалі на вучобу ў адно з ваенных вучылішчаў. Але скончыць яго юнаку не давялося. Складанае ваеннае становішча вымусіла камандаванне накіраваць курсантаў на фронт. Малады воін стаў кулямётчыкам.

У цяжкія дні 1942-га Павел Мамкін разам са сваімі сябрамі па зброі пазнаў горыч адступлення. Затым змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля сцен волжскай цвярдыні – удзельнічаў у Сталінградскай бітве. Пасля разгрому там ворага 77-й стралковай дывізіі было прысвоена званне гвардзейскай. А адважнага кулямётчыка ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

На Курскай дузе за адзін дзень бою батальён, дзе служыў Мамкін, дзевяць разоў адбіваў атаку ворага, знішчыў больш за 300 гітлераўцаў і 7 танкаў. Усе воіны падраздзялення – і жывыя, і загінуўшыя – былі ўдастоены ордэнаў і медалёў. На грудзях Паўла Мамкіна з’явіўся ордэн Славы.

У верасні 1943-га ён, гвардыі малодшы сяржант, камандаваў кулямётным  аддзяленнем 221-га палка. І тады ж 77-я дывізія падышла да Дняпра на сумежжы Украіны і Беларусі, непадалёку ад Камарына. Павел Мамкін атрымаў загад пераправіцца ноччу са сваёй групай на правабярэжжа. Перад байцамі была пастаўлена задача захапіць там хоць невялікі плацдарм і агнём з кулямётаў падтрымаць фарсіраванне Дняпра іншымі падраздзяленнямі дывізіі.

Цёмнай ноччу смельчакі непрыкметна для ворага пераадолелі водную перашкоду. Справа і злева ўжо завязалася перастрэлка. Дзесьці непадалёку ад кулямётчыкаў чулася артылерыйская кананада. Мамкін зразумеў, што завязаўся жорсткі бой з гітлераўцамі на подступах да Камарына. Затаіўшыся паблізу ад ворага, група працягвала асцярожна рухацца ўглыб варожых баявых парадкаў. Смелага і раптоўнага ўдару кулямётчыкаў з фланга немцы не чакалі і таму не маглі яго вытрымаць.

«Байцы адразу ж захапілі пакінутыя ворагам траншэі. Апамятаўшыся, фашысты пайшлі ў атаку, маючы намер адбіць страчаную пазіцыю. Але гэта ім не ўдалося. Прыкаваўшы да сябе ўвагу фашыстаў, нашы кулямётчыкі далі магчымасць іншым падраздзяленням дывізіі паспяхова пераадолець раку, захапіць плацдарм на правым беразе. Затым ён стаў своеасаблівым трамплінам, з якога воіны палка і ўсёй дывізіі развівалі наступленне на Брагіншчыне і далей, на захад.

Але Паўлу Мамкіну не суджана было прайсці вызваліцелем па Беларусі. Падчас жорсткага бою асколак міны насмерць скасіў адважнага воіна», – чыталі пра яго падпісчыкі «Маяк Палесся» ў чэрвені 1983 года.

Жыццё гвардыі малодшага сяржанта абарвалася 19 кастрычніка 1943 года. Баявыя таварышы пахавалі яго і іншых загінуўшых салдат і афіцэраў непадалёку ад Дняпра. А ў маі 1964-га іх астанкі былі перанесены ў брацкую магілу ў Брагіне.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года Паўлу Мамкіну пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза – за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання па фарсіраванні Дняпра і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм. Яго імем названа адна з вуліц Брагіна.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *