Не прапусціце! 20 красавіка адбудзецца міжнародны лёгкаатлетычны прабег «Брагінская дзясятка»

Главное Грамадства

Набліжаецца адна з самых значных спартыўных падзей для нашага раёна – міжнародны лёгкаатлетычны прабег «Брагінская дзясятка», прысвечаны чарговай гадавіне аварыі на ЧАЭС. Сёлета ён адбудзецца 20 красавіка.

Рэгістрацыя на старт будзе працягвацца з 8:30 да 10:50. У 10:00 стартуюць выхаванцы дзіцячых садоў на дыстанцыі 60 метраў. Пасля гэтага адбудзецца мітынг, а агульны старт запланаваны ад плошчы Леніна ў 11:00.

Нагадаем, што «Брагінская дзясятка» пачала свой адлік у 2005 годзе. І адразу ж гучна заявіла пра сябе не толькі на ўсю рэспубліку. За 18 год правядзення форуму да нас прыязджалі аматары лёгкай атлетыкі з розных краін: Украіны, Грузіі, Германіі, Казахстана, Расіі. Не абыходзілася і без удзелу знакамітых беларускіх спартсменаў, членаў нацыяльнай каманды – Іллі Карнаухава, Сяргея Краўчэні, Вольгі Немагай і інш. Для іх гэта і спаборніцтвы, і праверка сваіх сіл.

Адметным прабег робіць тое, што прыняць удзел у ім можа кожны жадаючы, незалежна ад узросту. Прадугледжаны і розныя дыстанцыі: 60 м (для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі Брагіна); 1 км (для дзяўчынак 12-ці гадоў і маладзейшых); 2 км (для хлопчыкаў 12-ці гадоў і маладзейшых); 10 км (для дзяўчат і юнакоў, мужчын і жанчын ва ўзроставых катэгорыях 14 гадоў і малодшых, 15–17 гадоў, 18–22 гады, 23–29 гадоў, 30–39 гадоў, 40–49 гадоў, 50–59 гадоў, 60–69 гадоў, 70+ гадоў).

«Брагінская дзясятка» аб’ядноўвае людзей розных узростаў і нацыянальнасцей. Яна стала сімвалам імкнення да здаровага ладу жыцця і веры ў магчымасць пераадолення любых перашкод. Далучайцеся да ўдзельнікаў прабегу. Чакаем вас на старце!

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *