Дынамічны і багаты на галы. У ДЮСШ Брагінскага раёна прайшлі матчы шостага тура адкрытага чэмпіянату па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі

Грамадства Спорт

У ДЮСШ Брагінскага раёна завяршыліся матчы групавога этапу адкрытага чэмпіянату па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі. У барацьбе на пляцоўцы спартыўна-аздараўленчага цэнтра сышліся чатыры каманды.

У першай гульні спаборнічалі «Дружба» і ДЮСШ. Матч выдаўся вельмі дынамічны і багаты на галы. На працягу ўсёй гульні лідзіравалі першыя, аднак напружаных момантаў каля варот хапала з двух бакоў. Больш вопытная «Дружба» гуляла спакойна, кантралюючы ход матча. А залішняя эмацыянальнасць прадстаўнікоў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы не дала ім дабіцца поспеху. У выніку з лікам 9:5 перамагла «Дружба». Як адзначыў адзін з яе прадстаўнікоў Аляксандр Семянчук, нягледзячы на юны ўзрост, сапернікі змагаліся дастойна. «Аднак мы перамаглі дзякуючы таму, што згулялі ўпэўнена, страхавалі адзін аднаго і адчувалі ўзаемную падтрымку. Вынікам мы задаволеныя, наша каманда з другога месца ў сваёй групе А выйшла ў паўфінал».

У другім матчы сышліся каманды «Аматар» (Хойнікі) і «Лоеў 1505». Госці ў гэты дзень парадавалі галамі не менш, чым землякі. У агульнай колькасці футбалісты забілі іх 16. Спартсмены з Хойнік хутка, але разважліва пачалі дзейнічаць у зоне саперніка, і лік быў адкрыты ўжо на першых хвілінах. Прадстаўнікі Лоева намагаліся выправіць сітуацыю, аднак прапусцілі контратаку і саступалі ўжо 0:2. Распячатаць вароты хайнічан у іх усё ж атрымалася. А вось наблізіцца па галах да сапернікаў – не. У выніку перамога была за спартсменамі з Хойнік (11:5).

Адкрыты чэмпіянат па міні-футболе памяці В. Ігнаценкі працягнецца ў суботу, 20 красавіка. Па выніках групавога этапу ў паўфінал выйшлі чатыры каманды: «Легіён», «Дружба», Камарынскі лясгас і «Аматар» (Хойнікі). Прыходзьце падтрымаць каманды!

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *