Брагінчане прымуць удзел у чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболе ў рамках першынства краіны сярод мужчынскіх каманд другой лігі

Важное Грамадства Спорт

Сёлета ўдзел у абласным этапе пацвердзілі 20 дружын.

Як адзначылі арганізатары турніру, першынство ставіць перад сабой мэты далейшага развіцця і папулярызацыі футбола ў Гомельскай вобласці, а таксама адбор мацнейшых каманд рэгіёна для падрыхтоўкі да ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Чэмпіянат будзе праводзіцца ў два этапы. Першы – гульні ў групах, дзе каманды згуляюць у два кругі. Другі – фінальны (у адзін круг). Тут будуць спаборнічаць спартсмены, якія занялі першыя і другія месцы ў папярэднім этапе. Пераможцы і сярэбраныя прызёры турніру атрымаюць права ўдзельнічаць у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь сярод мужчынскіх каманд другой лігі.

Першымі, хто апрабаваў на сабе новую сістэму, – футбалісты Рэчыцы і Жлобіна. Рэчычане выйгралі з лікам 6:0.

Напярэдадні старту чэмпіянату намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Асташонак расказаў, што перавага фармату другой лігі бясспрэчная.

– У кожным райцэнтры рэалізуецца ідэя стварэння аматарскіх каманд з мэтай папулярызацыі футбола на месцах. Чакаецца магутны штуршок да развіцця гэтай сферы. Прыемна, што ўжо зараз свой удзел у чэмпіянаце пацвердзілі два дзясяткі каманд вобласці, – дадаў Аляксандр Валер’евіч.

Створана такая аматарская каманда і ў нашым раёне. Старшы інспектар райвыканкама Юрый Крываручка адзначыў, што прымаць удзел у чэмпіянаце Гомельскай вобласці – вялікае дасягненне для брагінчан:

–  Мы павінны ўзяць ад першынства максімум карысці і прыцягнуць увагу да футбола ў нашым раёне. Каманда Брагіншчыны знаходзіцца ў групе з тымі спартсменамі, дзе можна прымяніць сваю тэхніку і не баяцца залішняга прэсінгу.  Вядома, ёсць моцныя дружыны: Рэчыца, Калінкавічы, Жлобін. Яны заўсёды выступаюць на высокім узроўні, аднак і нашы футбалісты не слабыя. У нас ёсць шанц выйсці з групы ў фінальны этап, таму зробім усё магчымае, каб гэта ажыццявіць. Запрашаем балельшчыкаў падтрымаць нашу каманду ў дамашніх гульнях!

Першы матч адбудзецца ўжо ў гэтую нядзелю, 12 мая, на стадыёне райцэнтра. Сапернікамі брагінчан стануць спартсмены з Рэчыцы.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.