Апрача ідэальнай чысціні і крайняй акуратнасці, у кватэры Юзэфы Савельеўны Яроцкай прыкмячаецца нешта большае і значнае, і ўжо пасля некалькі хвілін размовы становіцца зразумела: гэта яркае святло, што ідзе з глыбіні душы.
Дзяцінства, абпаленае Вялікай Айчыннай, ды яшчэ без бацькі, які раптам стаў ворагам народа. Маладосць, азмрочаная матэрыяльнай нястачай. Да вайны Юзэфа паспела закончыць толькі сем класаў, а ў маці – чацвёра дзяцей. Вымушана была пайсці на працу, уладкавалася манцёрам чыгункі. А тут у родным пасёлку Дараганава Магілёўскай вобласці адкрылі дзесяцігодку. З’явілася магчымасць прадоўжыць вучобу, сумяшчаючы яе з працай у школе ў якасці справавода. Такой прапановай не пагрэбавала: і веды, і заробак – усё спатрэбіцца.
Пасля атрымання сярэдняй адукацыі накіравалася ў сталіцу – Мінскі педагагічны інстытут. Не столькі па вялікім жаданні, колькі па той жа матэрыяльнай зацікаўленасці: ва ўстановах іншага тыпу ў той час не прадугледжваўся перавод на завочнае аддзяленне. А на жыццё патрэбна было зарабляць самастойна, не ў правілах дачкі – абцяжарваць маці дадатковымі клопатамі. Ды, на шчасце, так здарылася, што не студэнтка працу, а праца знайшла яе сама. На базе інстытута была арганізавана экспедыцыя па зборы фальклору, у склад якой увайшла і Юзэфа. Да мізэрнай стыпендыі дабавіўся нядрэнны заробак. А на канікулах выратоўвала праца піянерважатай у лагеры. Вось так, год за годам, і надышоў час развітвацца са студэнцтвам.
На пытанне, куды б хацела накіравацца, адказ у маладой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры знайшоўся адразу: “Абы побач лес ды рэчка”. Тады лепшых мясцін і не знойдзеш – Камарын.
Больш трох дзесяткаў год аддала Юзэфа Савельеўна рабоце ў Камарынскай сярэдняй школе. І, як прыкмячае адзін з яе вучняў, цяпер – старшыня Камарынскага пасялковага Савета Віктар Свіслоўскі, такую настаўніцу дай божа мець кожнаму. Ніколі не скупілася для дзяцей на ўвагу, любоў і велікадушнасць, такой жа шчодрай на дабрыню засталася і дагэтуль.
Здавалася б, выбар прафесіі не зусім асэнсаваны – так атрымалася. Але, здараецца ж такое, справа стала сэнсам жыцця, і ў калектыў трапіла цудоўны. “Сваю работу, – прызнаецца, – любіла нават на шкоду хатнім клопатам. Дзякуй мужу, які разумеў і падтрымліваў, дазволіў мне быць настаўніцай у поўным сэнсе гэтага слова”.
Цяпер, праўда, побач з Юзэфай Савельеўнай ужо няма гэтага мудрага, цярплівага і каханага чалавека – некалькі год назад пайшоў з жыцця. Але як толькі выпадае магчымасць, прыязджае наведаць маці сын, які жыве і працуе ў Расіі.
І хаця зведала многае, калі б была магчымасць выбіраць лёс, усё роўна, як сцвярджае, прайшла б гэты шлях. “На ім мяне заўсёды акружала атмасфера павагі, добразычлівасці і любові”.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА