Прывесці ў належны стан фермы, рэканструяваць іх, прычым за ўласныя сродкі, устанавіць сучаснае абсталяванне – такое даручэнне даў кіраўнік дзяржавы ў час паездкі па рэгіёнах рэспублікі. Нядаўна ў нашым раёне пабываў начальнік аддзела будаўніцтва камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Альчыкаў, які пазнаёміўся з ходам работ.
Згодна з распрацаванай праграмай, усе гаспадаркі будуць мадэрнізаваць жывёлагадоўчыя памяшканні ў залежнасці ад вытворчых патрэб. КСУП імя Жукава, напрыклад, запланавала рэканструкцыю фермы ў Конанаўшчыне, а “Брагінскі” – у Лубеніках. Яны будуць прыстасаваны пад бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы з паточна-цэхавай вытворчасцю малака. Такія ж работы выканаюць у бягучым годзе і ў Новай Грэблі (КСУП “Чамярыскі”). Даільны малочны блок з’явіцца на цэнтральнай ферме КСУП “Брагінка”, КСУП “Малажынскі” рэканструюе МТФ у Юркавічах, дзе будзе бяспрывязнае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы і даільны малочны блок з устаноўкай “Елачка” .
У КСУП “Пераможнік” аб’ектам прымянення сілаў і сродкаў стане ферма ў Зарэччы, на якой прадугледжаны цахі раздою, вытворчасці малака і сухастойны, мабільная раздача кармоў. КСУП “Саўгас “Камарынскі” скіруе намаганні будаўнікоў на аб’ект “Прудавіца”, каб тут з’явіліся ПДУ-8 (даільная ўстаноўка), кармавы стол.
Ужо сёння неабходна падлічыць, колькі цэменту і драўніны спатрэбіцца пад запланаваны аб’ём работ. Дарэчы, у мэтах эканоміі лес рэкамендавана нарыхтоўваць на корані. А вось абсталяванне давядзецца набываць у лізінг. Мадэрнізацыя ў кожнай гаспадарцы мінімум па адной МТФ прадугледжвае не толькі стварэнне неабходных умоў для жывёлы, механізацыю ўсіх працэсаў, але і клопаты аб паўнацэннай, збалансаванай кармавой базе, павелічэнне пагалоўя жывёлы. Гэта не патрабуе праектна-каштарыснай дакументацыі, тады як будаўніцтва – у абавязковым парадку, а значыць, дадатковыя расходы і час.
Ніна Сінілава