ТРЭБА З КНІГАЙ БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ
Здаецца, зусiм нядаўна было бясспрэчнай iсцiнай, што ў аснове ўсякiх ведаў, высокай адукаванасцi, эрудыцыi ляжыць начытанасць. Ды з цягам часу чалавек пачаў наталяць эмацыйны і інфармацыйны голад праз танны і даступны спажыўпрадукт тыпу бясконцых серыялаў, баевікоў, “ужасцікаў”, гадзінамі блукаць па віртуальнай прасторы… А работнікі бібліятэк гэтак жа імкнуліся і імкнуцца адкрываць людзям свет, будзiць думкi, клiкаць да практычных дзеянняў, далучаць да цудоўнага праз мудрае, духоўна багатае, паэтычнае друкаванае слова. І гэта зусім не значыць, што яны застаюцца па-за межамі камп’ютарных тэхналогій – час патрабуе знаходзіцца ў пастаянным пошуку, укараняць новыя формы дзейнасці, каб адпавядаць сваёй высокай асветніцка-прапагандысцкай місіі, задавальняць інтарэсы і пажаданні чытача. Але ж як чалавек без добрай кнігі?
У год, калі ідэя папулярызацыі чытання падтрымана на дзяржаўным узроўні, бібліятэкары не жывуць аднымі спадзяваннямі, а вядуць актыўную работу, накіраваную на папулярызацыю мастацкай літаратуры, захаванне культурнай спадчыны, духоўнае развіццё грамадства. Аб гэтым наша размова з дырэктарам Брагінскай ЦБС Галінай Карпенкай.
–Галіна Георгіеўна, што новага, цікавага і яркага прыўнёс у жыццё бібліятэкараў і чытачоў Год кнігі? Якім шляхам пайшлі, каб павысіць аўтарытэт чытання сярод жыхароў Брагіншчыны?
–Тэма чытання, вяртання цікавасці да літаратуры актуальная ў любым грамадстве, якое шчыра зацікаўлена ў сваім духоўным здароўі. Таму аб’яўленне Году кнігі было радаснай навіной для работнікаў бібліятэк – гэта дае магчымасць паспрыяць як культурнаму, так і асветніцкаму, інтэлектуальнаму росту нацыі. Менавіта з нашай дапамогай друкаванае слова даходзіць да людзей. Але каб прапагандаваць, прыцягваць увагу, далучаць на найбольш адметных скарбаў і набыткаў, бібліятэкар сам павінен цудоўна арыентавацца ў моры літаратуры, быць усебакова развітым, камунікабельным, шмат ведаць. Кніга ў яго жыцці – не проста прадмет працы, а шлях да самаўдасканалення, культурнага дыялогу з чытачамі.
Працуем з разуменнем: прывіваць любоў да чытання патрэбна з дзяцінства, таму цесны кантакт наладжваем з установамі адукацыі. Конкурсна-гульнявыя праграмы, вясёлыя ўрокі, літаратурныя гульні, казачна-паэтычныя падарожжы, гадзіны цікавых адкрыццяў, віктарыны – далёка не поўны пералік цікавых формаў работы з дзецьмі, праз якія далучаем іх да кніг. Зрэшты, гэта наша звычайная дзейнасць, толькі ў гэтым годзе больш насычаная.
Кніжныя паліцы стараемся папаўняць з улікам патрабаванняў часу, інтарэсаў і пажаданняў чытачоў. Своечасова знаёмім іх з навінкамі, у тым ліку і праз тэматычныя выставы, выставы-агляды, выставы-вітрыны, выставы-партрэты.
–Якім чынам прапаноўваеце сваім наведвальнікам пераасэнсаваць і па-новаму зірнуць на свет нацыянальнай кнігі?
–На прапаганду роднай мовы і літаратуры была накіравана акцыя “Чытаем і гаворым па-беларуску”. З вялікім жаданнем паўплываць на чытацкі густ, асабліва падрастаючага пакалення, рыхтаваліся інфармацыйна-пазнавальная гадзіна “Творца кнігі – аўтар, творца яе лёсу – грамадства”, вясёлы ўрок “Чытаем з толкам”, забаўляльна-пазнавальная праграма “Адкрыеш кнігу – пазнаеш свет” і многія іншыя мерапрыемствы, разлічаныя на выхаваўчы эфект.
–Ці задаволены камплектаваннем кніжнага фонду?
–З гэтым праблем у нашай сістэме няма. Стараемся набываць усё самае новае, запатрабаванае, шмат да нас паступае сацыяльна значнай літаратуры. Цесна супрацоўнічаем з усімі дзяржаўнымі выдавецтвамі і многімі прыватнымі. Але хацелася б, апрача айчынных, папоўніць свае фонды і творамі папулярных расійскіх аўтараў.
–Хто найбольш плённа і вынікова працуе над выхаваннем любові да мастацкага слова, клапоціцца пра духоўны рост мясцовых жыхароў?
–Не хачу выдзяляць некага асобна – цёплых слоў за ўклад у агульную справу заслугоўвае амаль кожны, таму вялікае прызнанне ўсім работнікам бібліятэк! Прыміце шчырую падзяку і за зберажэнне назапашаных стагоддзямі ведаў, і за захаванне мудрасці нацыі, яе летапісу і вопыту, і за жывую сувязь пакаленняў, і за тое, што ўмееце радаваць, натхняць, тварыць.
А нашым чытачам у гэты святочны дзень нагадаю вядомыя словы Шэкспіра: “Карыстайцеся сённяшнім, каб умацаваць сваё будучае шчасце”. Для гэтага вам проста патрэбна часцей наведваць кніжныя храмы.
Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА