Палявыя работы камарынцы вядуць арганізавана

Сельское хозяйство

20 апреля_Палявыя работы камарынцы вядуць арганізаванаНайвышэйшую  ўраджайнасць зерневых у  разліку на бала-гектар  сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна яны ўжо атрымлівалі, што сведчыць аб здольнасцях калектыву працаваць на канчатковы вынік. Цяпер у іх  новы статус – адкрытае акцыянернае таварыства. Змянілася назва, але  задачы засталіся тыя ж: расціць хлеб, гадаваць жывёлу, рэалізоўваць сваю прадукцыю высокай якасцю і нарошчваць яе аб’ёмы. Сёлета ААТ “Камарынскі” плануе атрымаць 8600 тон зерня, па 26 цнт з гектара. Сяўбу ранніх яравых, як і ў папярэднія гады, пачалі аднымі з першых у раёне. На 18 красавіка  тут пасеяна 44 гектары аўса. Вядзецца яна выбарачна, на тых плошчах, дзе сушэй.
У Асарэвічах каля жывёлагадоўчай фермы паварочваем направа, каб па лясной дарозе выехаць на поле, дзе вялася работа. З-за хваёвых дрэў “Беларус-3022” заўважылі не адразу. Што недзе тут працуе тэхніка, здагадаліся па засеяным побач участку. З механізатарам Ігарам Мацапурам сустракаліся і раней. Лепшых трактарыстаў гэтай гаспадаркі, як і іншых, ведаем у твар. Ігар Фёдаравіч на айчынным сталёвым асілку з нямецкай сеялкай праводзіць пятую  веснавую кампанію. Гаворыць, што  дзякуючы бездакорнай рабоце  агрэгата пасеяў ужо  дзесяць тысяч  гектараў,  адлік  пайшоў на 11-ю.
Чатыры гады  “Horsch” не патрабавала рамонту, а сёлетняй зімой  давялося “падлячыць”, выдаткаваць на падрыхтоўку  больш чым сто  мільёнаў рублёў. За адзін праход  выконвае тры аперацыі: дыскуе, прыкатвае глебу і сее. Шырыня захопу – чатыры метры, на малаконтурных палях проста незаменная. Што датычыць дзённай выпрацоўкі, то яна вагаецца ад 20 да 50 гектараў, у залежнасці ад плошчы. Калі ёсць дзе разгуляцца трактару, засявае да 50 га. Загрузка насення механізавана, тут жа на ўскрайку ўчастка знаходзіцца пагрузчык Мікалая Цімошчанкі.
Як расказаў дырэктар ААТ “Камарынскі” Рыгор Анапрэенка, пакуль задзейнічаны два пасяўныя агрэгаты. Акрамя Ігара Мацапуры, сяўбу вядзе Аляксандр Леўчанка. Раннім яравым зерневым у  “Камарынскім”, згодна з планам, адвядуць  879 гектараў.  Тэхніка раскідана па ўсіх урочышчах. Там, дзе глеба не пераўвільготнена і можна весці палявыя работы, яны ішлі поўным ходам.  Уносіліся мінеральныя ўгнаенні на пасевах рапсу, азімых, вялася падрыхтоўка плошчаў пад сяўбу, баранаванне, дастаўлялася арганіка. З Асарэвіч рэдакцыйная машына бярэ кірунак на Галубоўку. Адлегласць немалая, каля 20 км, няпроста арганізаваць і пракантраляваць ход пасяўной у такіх умовах, да ўсяго гэта і дадатковыя затраты гаруча-змазачных матэрыялаў.
За вёскай, побач з чыгункай, гаспадарыў атрад па ўнясенні арганічных угнаенняў. На пагрузчыку – Іван Ліхашапка, чалавек цікавага лёсу, родам з выселенай вёскі Чыкалавічы. Паездзіў  пасля аварыі на ЧАЭС па белым свеце не па сваёй волі  і  пастаянным месцам жыхарства выбраў Камарын. Прычына простая: у новых дамах, якія прапаноўвалі перасяленцам, зімаваць было немагчыма. Даймаў холад. Таму, калі параілі вярнуцца ў Брагінскі раён, купіў у Камарыне дом і ўладкаваўся ў “Сельгасхімію”. Апошнія восем гадоў працуе трактарыстам у “Камарынскім”, прыкладна столькі ж – на пагрузчыку “Амкадор”.
Раскідвалі арганіку Мікалай Шэін і Андрэй Петруненка. Яны – адна каманда. Ці выканае ўстаноўленае заданне Іван Аляксеевіч, залежыць і ад іх. На час адказнай кампаніі  арганізавана гарачае харчаванне, абеды дастаўляюцца ў поле. Не будуць пакрыўджаны людзі і матэрыяльна. Расцэнкі аплаты працы павялічаны  за тэрміны,  якасць палявых работ, выкананне норма-змены,  эксплуатацую цяжкіх трактароў і г.д. А ў дадатак да ўсяго яны падвояцца, калі  пасяўная будзе завершана ў вызначаны час. Варта пастарацца.
Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *