ТРАВЫ МАЙСКІЯ ПАСПЕЛІ

Сельское хозяйство

Цёплае сонца і частыя дажджы паскорылі рост травы на пашах і сенажацях. Зараз перад сельгаспрадпрыемствамі стаіць задача: аптымальна выкарыстаць тэхніку і час, хутчэй завяршыць першы ўкос.  Толькі майскіх траў запланавана скасіць на 13 487 гектарах. У  ліку тых, хто першым вывеў корманарыхтоўчую тэхніку на сенажаці — КСУП “Брагінка” і “Брагінскі”.


КСУП “Брагінскі” — адна з моцных гаспадарак раёна. У калектыве разам з ветэранамі працуе моладзь, для якой адміністрацыя стараецца стварыць усе ўмовы для жыцця і працы. Таму і сучасную тэхніку, якая прыходзіць у гаспадарку, давяраюць менавіта маладым механізатарам.


-Тыя людзі, якія сёння засталіся працаваць на зямлі, сапраўдныя патрыёты, — гаворыць аб сваіх працаўніках дырэктар гаспадаркі Анатоль Іванавіч Хадасок. – Выдатная моладзь уліваецца ў калектыў, не ўступае ў працавітасці старэйшым.


Яшчэ ў час летніх канікулаў Дзмітрый Жураў стараўся дапамагчы роднай гаспадарцы імя Тэльмана. Менавіта тады вясковыя школьнікі побач з бацькамі спасцігалі азы сельскагаспадарчых спецыльнасцей. Анатоль Іванавіч шчыра зацікаўлены тым, каб на змену старэйшым прыходзіла дастойная змена. І юнакі  не падводзяць, надзеі гэтыя апраўдваюць.


Для Дзмітрыя перыяд касавіцы  заўсёды адказны і хвалюючы. Лічыць, што ўсе сельскагаспадарчыя работы ўзаемазвязаныя, а нарыхтоўка кармоў не менш важная, чым  жніво, бо без добрай кармавой базы не будзе ні малака, ні мяса. Цяпер ён заняты на адвозцы зялёнай масы. Вясною працаваў на пасеве зерневых, а калі надыдзе час уборачнай, павядзе камбайн па неабсяжнай хлебнай ніве. Дарэчы, у раённым спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў Дзмітрый ужо не адзін год займае ганаровыя месцы.


Не прывыкаць да цяжкасцяў і Андрэю Манецкаму. Пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага аграрнага каледжа вярнуўся дамоў. Ніякай работы не цураецца. У гэты адказны перыяд працуе малады механізатар на закладцы сянажнай траншэі.


На сенажаці ў “Брагінскім” вывелі тэхніку ў нядзелю, пасля абеду. У панядзелак уся яна была сканцэнтравана каля Рудні Жураўлёвай.  Адначасова    вядзецца нарыхтоўка сена, сяўба кукурузы, дыскаванне… Прама на вачах напаўняецца зялёнай масай траншэя. Толькі калі-некалі нацягне хмары, некалькі хвілін пройдзе дождж, але ён зладжанай рабоце не перашкода.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *