У адкрытае акцыянернае таварыства “Імя Жукава” мы ехалі пацікавіцца, як арганізавана ўборка зерневых. Хлебны масіў раскінуўся за вёскай Чырвонае Поле. Калгас з аднайменнай назвай у 1952 годзе разам з суседнімі “Беларусь” (цэнтральная сядзіба – Рыжкаў) і “Верны шлях” (Конанаўшчына) аб’ядналі з калгасам “Чырвоны Кастрычнік”. Ён стаў сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам, а потым – ААТ. Кажуць, збажына тут і раней каласілася густая і высокая, бо землі сельгаспрадпрыемства ўрадлівыя.
Жніво вялі пяць экіпажаў. Першы, з кім пагутарылі, – памочнік камбайнера Анатоль Раманюк. Прыемна пабачыцца з героямі мінулагодніх публікацый, тым больш што былі яны ў хвалюючыя і для іх, і для нас моманты: тады гаспадарка завяршыла жніво з добрымі паказчыкамі. І ўраджай вырасціла нядрэнны, і ўбрала яго ў сціслыя тэрміны. Павіншаваць хлебаробаў у полі прыязджалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, работнікі раённага дома культуры.
Анатоля мы тады сфатаграфавалі разам з бацькам Сяргеем Паўлавічам. Юнак прызнаўся, што памочнікам у Раманюка-старэйшага працуе сёмы сезон. За гэты час Анатоль узмужнеў, набраўся вопыту. На сёння сямейны экіпаж з намалотам 901 тона лідзіруе ў гаспадарцы.
У той дзень нам шанцавала на сустрэчы з добрымі людзьмі: у кабіне камбайна, які ішоў следам, пазналі пераможцаў раённага спаборніцтва сярод маладых на жніве–2020 Арцёма Прыходзьку і Андрэя Мартыноўскага. Іх тандэм і сёлета задае тон у рабоце. Гэтае жніво ў іх працоўнай біяграфіі – трэцяе па ліку. Да слова, старшы камбайнер Арцём Прыходзька паспеў атрымаць вышэйшую адукацыю і з 4 жніўня прыступае да работы па сваёй асноўнай спецыяльнасці – інжынера-механіка.
Даўно ведаем і Рыгора Раманюка, які за штурвалам камбайна ўжо 30 гадоў. Вось гэта пастаянства! Такая адданасць хлебаробскай справе заслугоўвае глыбокай павагі. Памочнікам у яго сёлета Сяргей Дземчанка.
Вадзіцеляў-тысячнікаў Уладзіміра Шахніцкага і Вячаслава Ганчара на мінулым тыдні ў ААТ “Чамярыскі” разам з іншымі віншавалі старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей і старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан. Па добрай традыцыі тым, хто ў ліку першых дасягнуў адметкі ў тысячу тон, уручылі пісьмы з падзякай, падарункі і прэміі.
Уладзімір Рыгоравіч расказаў, што ў бягучым годзе жыта не парадавала. Ячмень і пшаніца далі большую ўраджайнасць. Прычына таму – анамальная спёка. Тое, што вырасла, неабходна хутчэй зжаць і абмалаціць.
На полі побач з камбайнамі – машына РАНС. У пажарных свая задача: не дапусціць узгарання, зберагчы тэхніку і збожжавыя.
Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ