У другі раз рэгіянальны фестываль творчасці пажылых людзей “В кругу друзей” паклікаў у Брагін самых шчырых, теленавітых і абаяльных, маладых душой, тых, каму за…
Дарэчы, узрост не мае значэння, калі ў сэрцы жыве вясна, ёсць сілы і жаданне тварыць, спасцігаць новае, радаваць сваім мастацтвам іншых. Прадстаўнікі 13-ці раёнаў вобласці сабраліся ў чацвер, 30 кастрычніка, у раённым Доме культуры, каб яшчэ раз даказаць, што пражытыя гады – не падстава сумаваць аб маладосці. Гэта мудрасць, вопыт, набыткі, а яшчэ – бадзёрасць, запал, энтузіязм, якія па-ранейшаму ўласцівы старэйшаму пакаленню.
Знаёмства з удзельнікамі фестывалю пачалося ў фае ўстановы культуры, дзе на другім паверсе была арганізавана выстава кулінарнага мастацтва, па іншаму і не скажаш, настолькі разнастайнымі і арыгінальнымі былі стравы, прыгатаваныя з душой і багатай фантазіяй. “Сакрэты дамашняй кухні” – так называўся першы конкурс. Чаго тут толькі не было! Апетытныя жыткавіцкія прысмакі самі прасіліся ў рот, гасцінна запрашала ельская “Халасцяцкая вечарынка ў Івана” з наборам страў з рыбы і жартаўлівымі подпісамі да іх у вершаванай форме. Дарэчы, аўтар і выканаўца задумы Іван Петралай не змог прыехаць у Брагін па стане здароўя, але ж заслугоўвае, каб пра яго ўспомнілі.
Рэчычане прывезлі цешчыны бліны, а петрыкаўчане частавалі пірагамі дзяцінства. Адмысловыя саленні, варэнні, кашы з гарбузоў, дранікі, сырнікі – усяго і не пералічыш – красаваліся на прыгожа аформленых сталах. А прадстаўнікі Калінкавіцкага ТЦСАН замахнуліся нават на японскую кухню – выставілі сушы. Пра іх карысныя ўласцівасці расказвала жанчына, апранутая, як і належыць сапраўднай японцы.
Абышоўшы ўвесь гэты кулінарны рад, міжволі паспачувалі членам журы, якім прадстаяла нялёгкая задача: вызначыць лепшых. Забягаючы наперад, скажу, што трэцяе месца, а з ім і Ганаровая грамата камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама, падарунак, дасталіся прадстаўнікам Жыткавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, другое – Рэчыцкага, першае – Акцябрскага ТЦСАН.
У зале раённага Дома культуры гасцей віталі Валянціна Старавойтава, намеснік начальніка аддзела сацыяльнай падтрымкі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама і Ганна Бабрынёва, намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама.
Конкурс “Нам песня строить и жить помогает” адкрылі хайнікчане, завяршылі – брагінчане, якія выканалі знакаміты хіт “ДЭНЦ” з рэпертуару “Буранаўскіх бабуль”, але на манер папулярнай песні “У суботу Янка ехаў ля ракі”. Сапраўдную асалоду атрымалі гледачы ад выступлення самадзейных артыстаў, галасістых, пявучых. Дзе, як не на такіх фестывалях-конкурсах, узгадаеш цудоўныя лірычныя мелодыі 60-70-х гадоў пад акампанемент баяна ці гармоніка… Многія творы гучалі па рэспубліканскім ра-дыё.У свой час кожную нядзелю выходзіла ў эфір, калі не памыляюся, перадача “Служу Айчыне”, у якой пастаянна можна было пачуць папулярную “Як я ў армію ішоў, дык ты была дзяўчына…”. З асаблівым пачуццём гэтую песню выканала жаночае трыа з Нароўлі, якое выйшла на сцэну ў нацыянальных касцюмах. Дарэчы, заваявала другое прызавое месца. Трэцяе – мазыране. Першае месца ў гэтай намінацыі журы па праву прысудзіла Валянціне Радчанцы з Лоева, якая а капэла праспявала народную мелодыю “Ой, там у садзе”. Прыгожы голас нашай зямлячкі, трагічнасць лёсу галубка і галубкі, пра які складзена песня, шчырасць выканання ўзялі гледача ў палон.
«Преданья старины глубокой» – пад такой назвай прайшоў трэці конкурс. Назва гаворыць сама за сябе. Многія канкурсанты падышлі да яго падрыхтоўкі творча, з усёй адказнасцю. У першую чаргу гэта датычыць брагінчан. На думку журы, роўных не было Любові Дубатдзел, якая стала пераможцай конкурсу, атрымала Ганаровую грамату і падарунак. Каб расказаць легенду пра камень кахання, Марыю Мнішак і Лжэдзмітрыя, а галоўнае, даць адчуць подых даўніны, на сцэне разгарнулася тэатралізаванае дзейства.
Вялікі інтарэс выклікалі расказы пра гаючыя травы (Акцябрскі ТЦСАН), замовы бабулі (Нараўлянскі ТЦСАН), стараабрадцаў Веткі, этнаграфічныя традыцыі “Кліч Палесся (Петрыкаўскі ТЦСАН). Прадстаўнікі Буда-Кашалёўскага раёна падрыхатвалі паданне пра свята Міколу, а Калінкавіцкага – пра матчын ручнік. Конкурс быў да ўсяго пазнавальным.
Прыз глядацкіх сімпатый заваявалі прадстаўнікі Ельскага ТЦСАН, заахвочвальныя прызы дасталіся веткаўчанам, петрыкаўчанам і хайнікчанам.
У тым, што рэгіянальны фестываль творчасці пажылых людзей адбыўся, заслуга арганізатараў: Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, работнікаў культуры, спонсараў. Вялікі дзякуй неабходна сказаць калектывам ААТ “Брагінаграсэрвіс”, Брагінскай арганізацыі РГА “Белая Русь”, прыватнаму гандлёваму ўнітарнаму прадпрыемству “Чижстройторг”, Гурбану і Магераму Аліевым, Надзеі Кучаравай, Васілію Маламу, Леаніду Сцепанюку, Аляксандру Левіцкаму за матэрыяльную падтрымку. Асобна – салістам Вячаславу Гаршкову, Івану Корхаву, саксафаністу Віталю Клімовічу, удзельніцам вакальнай жаночай групы “Бліскавіца”, выхаванцам дзіцячай установы адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Брагіна”, Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў, якія парадавалі гасцей і гледачоў сваім майстэрствам, стварылі ў зале атмасферу свята і добрага настрою. Раман Цеслянок і Вікторыя Кацуба, выдатна справіліся з роляй вядучых.
Ніна СІНІЛАВА