Атрады па ўнясенні арганічных угнаенняў адкрытага акцыянернага таварыства “Брагінаграсэрвіс” працуюць зараз у ААТ “Малажынскі” і імя Жукава. У першае з іх, у падраздзяленне Дублін, і накіраваліся. Раней гэта была цэнтральная сядзіба СВК “Дублінскі”, дзе галоўным інжынерам працаваў Мікалай Мулер. Ён лічыўся ў раёне адным з лепшых спецыялістаў, неаднаразова заахвочваўся за стараннасць і творчы падыход да справы. Пасля далучэння сельгаспрадпрыемства да ААТ “Малажынскі” застаўся загадчыкам майстэрні, інжынерам і токарам у адной асобе ў тым жа Дубліне.

Зразумець яго можна: шмат намаганняў давялося прыкласці, каб прывесці ў парадак машынны двор і механічную майстэрню, таму нікуды не паехаў. У раённых аглядах нават займаў прызавыя месцы. І пра будучыню сельгаскааператыва хваляваўся, стараўся прыцягнуць сюды кваліфікаваныя кадры. Аб гэтым мы даведаліся ад механізатара Мікалая Сігая. Менавіта яго запрасіў прадбачлівы інжынер у гаспадарку, “перацягнуў”, як кажа Мікалай Міхайлавіч. Добрыя людзі патрэбны ўсюды. Свой працоўны шлях хлебароб пачынаў у саўгасе “Савічы”, пасля ліквідацыі якога ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС жыў у Хракавічах. У гэтыя вясновыя дні вопытны трактарыст з 30-гадовым стажам заняты на раскідванні арганікі. Акрамя яго, яшчэ Мікалай Гацко і Сяргей Ігнаценка. Дапамагаюць вяскоўцам партнёры па аграпрамысловым комплексе.

Работа вялася ва ўрочышчы “Міхалаў”, што размясцілася за вёскай уздоўж лесу. Невялікі перапынак (якраз падвезлі ў поле абед) дазволіў нам пагутарыць з людзьмі. Галоўнай дзеючай асобай тут быў Валянцін Мікалаеў з “Брагінаграсэрвіса”. І не таму, што больш за іншых жартаваў і ўздымаў людзям настрой, а таму, што менавіта яму была адведзена галоўная роля ў рабоце. Ён грузіў арганіку, якую раскідвалі механізатары “Малажынскага”, а таксама Анатоль Літвіненка і Віктар Марчанка з атрада абслугоўваючай арганізацыі. Усе трое маюць адно імя па бацьку, таму іх так і называюць між сабой: ”Мікалаевічы”.

Мікалай Гацко з Дубліна заняты на сельгасвытворчасці чатыры гады, хацелася б, каб застаўся тут жыць і працаваць. Вельмі патрэбны ў вёсцы ўмелыя і дужыя рукі. А гэта ўжо будзе залежаць ад таго, якія ўмовы створаць для маладых хлебаробаў на месцы. Тым больш, што Мікалай збіраецца стварыць сям’ю.
Святлане Ефіменцы, якая знаходзіцца на полі разам з механізатарамі, адведзена асобая роля – весці дакладны ўлік. Заработная плата ім будзе налічвацца за пагружаныя і ўнесеныя тоны. Праўда, не ўсё залежыць ад стараннасці гэтых людзей. У арганіцы часта трапляецца шпагат, якім былі знітаваны цюкі сена і саломы. Менавіта ён і становіцца прычынай паломак і вымушанага прастою тэхнікі. А гэта ўжо павінна стаць трывожным сігналам для жывёлаводаў, кіраўнікоў сярэдняга звяна, каб не дапускалі такіх фактаў. У канчатковым выніку ў пройгрышы застаюцца ўсе, бо грошы на бягучы рамонт бяруцца з агульнай касы.
Ніна СІНІЛАВА