Час спрасоўвае стагоддзі, збліжае падзеі, зносіць нязначнае ў мінулым і захоўвае вечнае, што паўстае з летапісаў, старажытных кніг, гістарычных дакументаў. Дзякуючы гэтым крыніцам з глыбіні вякоў даходзяць да нас звесткі пра людзей, якія праславілі Беларусь. Сярод іх вылучаецца асоба Еўфрасінні Полацкай – першай на ўсіх усходнеславянскіх землях святой.
Гісторыя, праўда, захавала не надта багатыя звесткі пра знакамітую палачанку, але і яны дазваляюць упэўніцца: адукаваная, рашучая, настойлівая і смелая жанчына-падзвіжніца. Яе жыццё і справы, асветніцкая дзейнасць – яскравы ўзор хрысціянскай духоўна-маральнай сілы і прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне, бязмежнай любові да людзей.
Прадслава
Радзіма асветніцы – Полацкае княства – магутная раннефеадальная дзяржава, дзе кіравала дынастыя Рагвалодавічаў. Еўфрасіння паходзіла з гэтага роду. Яе продкамі ў чацвёртым калене былі хрысціцель Русі вялікі князь кіеўскі Уладзімір Святаславіч і гордая княгіня Рагнеда – дачка Рагвалода, а дзедам – легендарны полацкі (а некаторы час і кіеўскі) князь Усяслаў Брачыславіч (у народзе яго празвалі Чарадзей).
Дзяўчынка з’явілася на свет у сям’і адукаваных па тым часе людзей – полацкага князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, дачкі Уладзіміра Манамаха. Дакладная дата яе нараджэння невядома. Супастаўляючы розныя даныя, адны вучоныя лічаць, што гэта адбылося ў 1101 г., другія – паміж 1104–1116 гг.
Дачцэ далі старажытнае імя Прадслава (магчымае значэнне – «папярэдняя, даўняя слава» – на ўспамін былой велічы Полацка). З маленства яна чула паданні пра сваіх славутых продкаў, жыццё якіх прайшло пад знакам адданасці роднай зямлі. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькамі настаўнікі – адукаваныя манахі, якія хутка навучылі ўнучку Чарадзея чытаць і пісаць. Першымі яе кнігамі былі Псалтыр, жыццяпісы святых. Прыйдзе час, і сама яна стане гераіняю такога твора – яго напіша ў канцы ХІІ стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў. Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускай літаратуры «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.
Нявеста Хрыстова
Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым аднагодкам. У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінула князеўскай дачцэ дванаццаць гадоў – трэба збірацца замуж. А слава аб прыгажосці і адукаванасці дзяўчыны разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацк зачасцілі сваты. Аднак князёўна адмовілася ад дынастычнага шлюбу і тайна ад бацькоў пастрыглася ў манахіні пад імем Еўфрасіння (у перакладзе з грэчаскай мовы азначае «радасць»).
Даведаўшыся пра такі ўчынак дачкі, князь Святаслаў-Георгій, як сказана ў «Жыціі», ад гора рваў на галаве валасы, а княгіня Сафія галасіла па Прадславе, як па нябожчыцы. Гэта было першае і вельмі цяжкае выпрабаванне юнай Хрыстовай нявесты, але яна здолела пераканаць бацькоў у слушнасці свайго выбару, у тым, што яны павінны не смуткаваць, а цешыцца: іх дачка аддала ўсю сябе Госпаду.
За манастырскімі сценамі
Спачатку юная манашка жыла ў манастыры пры адной з парафіяльных цэркваў, дзе шмат малілася, спасцігаючы духоўнасць. Пазней, калі перасялілася ў маленькую келлю пры Полацкім Сафійскім саборы, праводзіла час не толькі ў малітвах і набажэнствах, але і займалася самаадукацыяй. Значную ролю ў пашырэнні яе ведаў адыгралі кнігі. У манастыры Еўфрасіння больш паглыблена пазнаёмілася з хрысціянскім вучэннем. Яе ўвагу прыцягвала літаратура, у якой адлюстроўваліся погляды багасловаў на сутнасць чалавечага жыцця, адносіны паміж людзьмі, прычыны барацьбы сіл дабра і зла. Большасць кніг, прачытаных Еўфрасінняй, былі рэлігійныя. Але яна не магла абысці ўвагай і навуковыя працы Сакрата, Платона, Арыстоцеля, іншых мысліцеляў і філосафаў старажытнай Грэцыі. З гісторыяй славян Еўфрасінню пазнаёміла «Аповесць мінулых гадоў», а пра сусветную гісторыю яна даведалася з хронік, прывезеных з Візантыі яе сваякамі.
Шляхам самаадукацыі манашка-князёўна набыла грунтоўную эрудыцыю ў галіне рэлігійна-маральнай, філасофскай, свецкай літаратуры і ўзялася за цяжкае рамяство таго часу – працу перапісчыка. Каб займацца ёю, патрабаваліся сталая навуковая падрыхтоўка, мастацкія навыкі і вялікае цярпенне. Больш за тое, сам працэс быў настолькі складаны і фізічна нялёгкі, што да яго далучаліся толькі мужчыны. Тое, на што адважылася маладая манашка, з’яўлялася подзвігам.
Не толькі асветніца
У храмавым скрыпторыі Еўфрасіння перапісала шмат кніг. Адны з іх ляглі ў аснову манастырскіх бібліятэк Полацкага княства, што пачыналі тады толькі фарміравацца. Другія прадаваліся, а выручаныя грошы манахіня шчодра раздавала ўбогім і жабракам. Таксама яна вяла Полацкі летапіс і збірала бібліятэку Сафійскага сабора. А яшчэ пісала ўласныя малітвы, павучанні, займалася перакладамі з грэчаскай і лацінскай моў, выступала з прамовамі.
Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова Еўфрасіння Полацкая надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Пры іх працавалі бібліятэкі, ювелірныя іканапісныя майстэрні, скрыпторыі, школы. У апошніх юныя палачане, апрача царкоўнаславянскай, вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве і медыцыне. З найбольш здатнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы і красамоўстве. Вялікая ўвага надавалася гісторыі. Вучні павінны былі добра ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства. Школы Еўфрасінні Полацкай былі перадавымі для свайго часу і праграмамі навучання, і складам вучняў, значная частка якіх набіралася з дзяцей простых гараджан.
Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, Еўфрасіння стала нашай першай мецэнаткай. З яе імем звязана стварэнне полацкім майстрам Лазарам Богшам славутага крыжа – шэдэўра ювелірнага мастацтва, старажытнага сімвала нашай духоўнасці і дзяржаўнасці.
Акрамя гэтага, асветніца вядомая сучаснікам як дарадчыца, міратворац і справядлівы суддзя.
У Іерусалім – пешшу
На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны подзвіг паломніцтва ў Святую Зямлю, наведаць Іерусалім. У час падарожжа (пешшу, а не традыцыйным шляхам «з вараг у грэкі») яе суправаджалі стрыечная сястра Еўпраксія і брат Давід. У канцы красавіка 1167 года яны прыйшлі да іерусалімскіх святынь. Там Еўфрасіння звярнулася да Бога з малітвай, у якой прасіла дазволу памерці ў святым горадзе, дзе адбылося збаўленне роду чалавечага.
У хуткім часе яна занядужала і на дваццаць чацвёрты дзень хваробы аддала сваю душу Усявышняму.
Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Да паловы ХVІ ст. Полацак, дзе цяпер захоўваюцца яе мошчы, быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася, і паступова яна стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай не толькі Полацка, але і ўсёй Беларусі.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Youtube.