На мясцовым стадыёне адбыўся футбольны паядынак: брагінчане прымалі гасцей з Добруша

Грамадства Спорт

З першых хвілін матча землякі прадэманстравалі рашучы настрой, імкнуліся перахапіць ініцыятыву.

Але актыўныя атакі не адразу знайшлі водгук у абароне сапернікаў, якія, здавалася, «разгойдваліся», паступова набіраючы тэмп. Дынамічны футбол з абодвух бакоў пачаўся бліжэй да сярэдзіны тайма. Менавіта ў гэты перыяд, скарыстаўшыся памылкамі ў абарончых парадках гаспадароў, футбалісты ФК «Іпуць-ДЮСШ» змаглі адкрыць лік. Гэты гол, безумоўна, надаў гасцям упэўненасці, а гаспадароў, відаць, крыху дэмаралізаваў. Брагінчане сталі гуляць асцярожней, дзякуючы чаму да перапынку зраўнялі лік.

Другі тайм пачаўся гэтак жа жвава. Інтрыга захоўвалася да апошніх хвілін, трымаючы балельшчыкаў у напружанні. Аднак фінальную кропку ў гэтым паядынку паставілі госці – за некалькі хвілін да канца матча яны забілі вырашальны гол. Гаспадарам поля не хапіла часу, каб адыграцца, і яны былі вымушаны запісаць у свой актыў чарговае паражэнне.

Нягледзячы на несуцяшальны вынік, у нашай каманды ёсць падстава для аптымізму. Трэнерскі штаб актыўна далучае да гульняў моладзь, дае ёй магчымасць праявіць сябе і набрацца неацэннага вопыту. Адзін з такіх перспектыўных гульцоў – Данііл Даўжанок.

– Лічу, што 30% дружыны павінна складаць моладзь, а «мозг» нашай каманды – гэта старэйшае пакаленне. Яны задаюць тэмп і накіроўваюць нас на працягу ўсёй гульні, – адзначае Данііл.

Разважаючы пра прычыны паражэнне, футбаліст адзначыў:

На маю думку, масавыя замены ў другім тайме некалькі збілі наш тэмп. Ну і, вядома, не хапіла ўдачы. Былі моманты, якія мы стараліся рэалізаваць, але фартуна апынулася не на нашым баку. Гульня была роўнайсаперніку дапамог апошні штрафны ўдар, які ён удала рэалізаваў.

Наступны матч брагінчане правядуць на выездзе ў Карме.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.