На мясцовым стадыёне адбыўся футбольны паядынак: брагінчане прымалі гасцей з Добруша

Грамадства Спорт

З першых хвілін матча землякі прадэманстравалі рашучы настрой, імкнуліся перахапіць ініцыятыву.

Але актыўныя атакі не адразу знайшлі водгук у абароне сапернікаў, якія, здавалася, «разгойдваліся», паступова набіраючы тэмп. Дынамічны футбол з абодвух бакоў пачаўся бліжэй да сярэдзіны тайма. Менавіта ў гэты перыяд, скарыстаўшыся памылкамі ў абарончых парадках гаспадароў, футбалісты ФК «Іпуць-ДЮСШ» змаглі адкрыць лік. Гэты гол, безумоўна, надаў гасцям упэўненасці, а гаспадароў, відаць, крыху дэмаралізаваў. Брагінчане сталі гуляць асцярожней, дзякуючы чаму да перапынку зраўнялі лік.

Другі тайм пачаўся гэтак жа жвава. Інтрыга захоўвалася да апошніх хвілін, трымаючы балельшчыкаў у напружанні. Аднак фінальную кропку ў гэтым паядынку паставілі госці – за некалькі хвілін да канца матча яны забілі вырашальны гол. Гаспадарам поля не хапіла часу, каб адыграцца, і яны былі вымушаны запісаць у свой актыў чарговае паражэнне.

Нягледзячы на несуцяшальны вынік, у нашай каманды ёсць падстава для аптымізму. Трэнерскі штаб актыўна далучае да гульняў моладзь, дае ёй магчымасць праявіць сябе і набрацца неацэннага вопыту. Адзін з такіх перспектыўных гульцоў – Данііл Даўжанок.

– Лічу, што 30% дружыны павінна складаць моладзь, а «мозг» нашай каманды – гэта старэйшае пакаленне. Яны задаюць тэмп і накіроўваюць нас на працягу ўсёй гульні, – адзначае Данііл.

Разважаючы пра прычыны паражэнне, футбаліст адзначыў:

– На маю думку, масавыя замены ў другім тайме некалькі збілі наш тэмп. Ну і, вядома, не хапіла ўдачы. Былі моманты, якія мы стараліся рэалізаваць, але фартуна апынулася не на нашым баку. Гульня была роўнай – саперніку дапамог апошні штрафны ўдар, які ён удала рэалізаваў.

Наступны матч брагінчане правядуць на выездзе ў Карме.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.