
Самая светлая і добрая акцыя «Нашы дзеці» стартавала ва ўсіх раёнах Беларусі 15 снежня. Штогод яна дорыць юным жыхарам нашай краіны яркія эмоцыі і душэўнае цяпло, радуе казачнай атмасферай і чараўніцтвам. А дарослых натхняе на выкананне іх жаданняў, дазваляючы сфакусіраваць увагу на праблемах дзяцінства. Галоўная мэта – падтрымаць у зімовыя святочныя дні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і аказаць ім канкрэтную дапамогу, а таксама заахвоціць тых, хто дасягнуў высокіх вынікаў у вучэбнай, творчай, спартыўнай дзейнасці.
Гэты дабрачынны марафон, ініцыіраваная яшчэ ў 1995 годзе, нязменна праходзіць пад патранатам Прэзідэнта і ўжо стаў часткай нашай культуры. Сёлета ён, юбілейны трыццаты, прадоўжыцца да 14 студзеня 2026 года і ахопіць больш за мільён дзяцей. Для іх – цэлая чэрга святочных урачыстасцей з удзелам ганаровых гасцей, культурна-забаўляльнымі праграмамі, уручэннем падарункаў і іншымі сюрпрызамі.
У Брагіне, дарэчы, толькі раённае дабрачыннае мерапрыемства збярэ 24 снежня каля 100 юных жыхароў. Гэта ў асноўным дзеці, якія засталіся без папячэння бацькоў, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У праграме – навагодняе прадстаўленне і парад Дзедаў Марозаў і Снягурачак.
У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Калядная ёлка – нашы дзеці», што традыцыйна арганізоўваецца для юных жыхароў раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, падарункі атрымаюць вучні пачатковых класаў Брагінскай і Мікуліцкай школ.
Каб садзейнічаць умацаванню дружбы і ўзаемаразумення, зноў запаліць свае агні «Ёлка міру». Адметна, што пачатак гэтай традыцыі на Брагіншчыне быў пакладзены з актыўным развіццём у раёне міратворчага руху, у аснове якога – імкненне палепшыць жыццё людзей шляхам добрых спраў. Сёлета мерапрыемства з удзелам 110 юных міратворцаў пройдзе 29 снежня. Запрошаны, дарэчы, на яго і 20 вучняў з Хойніцкага раёна.
Ужо ў наступным годзе, 9 студзеня, накіруюцца на раённы Калядны баль тыя, хто вызначыўся падчас прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Ен адбудзецца ў Брагіне, дзе збяруцца 50 старшакласнікаў.
Яшчэ 16 хлопчыкаў і дзяўчынак пабываюць у Гомелі, каб акунуцца ў атмасферу абласнога навагодняга свята. Запланавана яно на 24 снежня. А сярод запрошананых – самыя здольныя, старанныя і мэтанакіраваныя. Іх чакае ўзнагароджанне прэміяй аблвыканкама па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, і ў гэтым ліку 10-класнік гімназіі г.п. Брагіна Вадзім Шульга.
Такую ж прэмія, дарэчы, ужо атрымала яшчэ адна вучаніца гэтай установы – Ангеліна Махнач. Яе ўручыў дзяўчыне старшыня аблвыканкама Іван Крупко на абласным навагоднім балі, які прайшоў у Гомелі 16 снежня. Ён падкрэсліў, што сёлета мерапрыемства сабрала 120 лепшых старшакласнікаў і навучэнцаў каледжаў рэгіёна, што ўдвая больш, чым год назад. Гэта сведчыць пра адно – расце моцнае, таленавітае, упэўненае ў сабе пакаленне.
Галоўнай падзеяй акцыі «Нашы дзеці» стане, як заўсёды, рэспубліканскае навагодняе свята ў Мінску з удзелам Прэзідэнта, запланаванае на 28–29 снежня. Запрошаны на яго і двое нашых юных землякоў: вучань Брагінскай сярэдняй школы Дзмітрый Грэсь і гімназіст Уладзіслаў Гаршкоў.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА

