Новы віток актыўнага і насычанага жыцця: як Тамара Паўлаўна Маліноўская з Краснага на заслужаным адпачынку асвоіла новы від творчасці

Галоўнае Грамадства

Выхад на пенсію часта параўноваюць са стаянкай у ціхай гавані спакою і адпачынку. Але ёсць людзі, для якіх гэты этап становіцца новым вітком актыўнага і насычанага жыцця, перыядам, калі можна прысвяціць сябе таму, на што раней не хапала часу.

Тамара Паўлаўна Маліноўская з Краснага менавіта на заслужаным адпачынку пачала займацца алмазнай мазаікай. Яна лічыць, што цяга да новага і любоў да прыгажосці не маюць узроставых абмежаванняў.

Нарадзілася Тамара Паўлаўна ў 1961 годзе ў Новай Іёлчы, скончыла восем класаў. Яна была адзіным дзіцём у сям’і, але гэта не давала падставы для гультайства. Дзяўчына са школьных гадоў разгружала вагоны і працавала на зернетаку.

Імкненне да ведаў і жаданне асвоіць запатрабаваную прафесію прывялі яе ў ГПТВ №8 у Прыпяці. Там яна не толькі атрымала спецыяльнасць тынкоўшчыка-плітачніка, але і праявіла сябе ў творчасці: была салісткай хору. Удзел у конкурсах і паездкі з выступленнямі ў розныя гарады заклалі шчырую любоў да песні.

Пасля вучылішча шлях ляжаў у Краснае. Але праца знайшлася не па спецыяльнасці – у мясцовым магазіне, таму давялося асвоіць яшчэ прафесію прадаўца. У 1980 годзе Тамара Паўлаўна выйшла замуж, сям’я праз некалькі гадоў папоўнілася двума дзеткамі – хлопчыкам і дзяўчынкай.

Падзеі 1986 года пакінулі глыбокі след у гісторыі Брагіншчыны і лёсах многіх сем’яў. Яны прынеслі, няхай і вымушаныя, але перамены – сям’я Маліноўскіх атрымала новы дом. А Тамара Паўлаўна стала працаваць у саўгасе даяркай.

Пасля перанесенай хваробы давялося змяніць сферу дзейнасці – некаторы час Тамара Паўлаўна працавала сацыяльным работнікам. А пазней  вярнулася ў саўгас.

Паралельна з працай яна спявала ў ансамблі «Калінка», з’яўлялася адной з вядучых салістак. Добры музычны слых і пранікнёны голас – ад маці. Ансамбль пад кіраўніцтвам Любові Міхайлавай, які налічваў каля дзесяці чалавек, выконваў пераважна народныя песні.

– Памятаю, як мы занялі першае месца на конкурсе ў Чачэрску, пасля якога наша песня загучала па радыё, – успамінае жанчына.

Праца Тамары Паўлаўны не засталася незаўважанай. Яна неаднаразова была адзначана граматамі і дыпломамі. У 2017 годзе жанчына заняла другое месца ў раённым спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення. Зараз яна ўжо ветэран працы.

Заўсёды знаходзіла час Тамара Маліноўская і для дома, сям’і, займалася агародам і хатняй гаспадаркай. Прываблівала рукадзелле. Вязаныя світары, шкарпэткі – усё гэта стваралася з любоўю для дзяцей і пяцярых унукаў.

На заслужаным адпачынку Тамара Паўлаўна не перастала шукаць новыя магчымасці для самарэалізацыі. Убачыўшы, чым займаецца сяброўка, сама загарэлася стварэннем алмазнай мазаікі.

Мне падабаецца працэс, ён супакойвае, – дзеліцца жанчына.

Падтрымка дачкі Аксаны, якая працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Чамярыскай школе і набывае для маці новыя наборы мазаікі, дапамагае працягваць любімы занятак. Створана ўжо больш за 50 карцін, многія з іх Тамара Паўлаўна дорыць сваім блізкім і сябрам.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.