
Жыццё памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Брагінскай ЦРБ Ларысы Астапенкі напоўнена імкненнем да ведаў, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і можа служыць прыкладам для іншых.
Ларыса нарадзілася і вырасла ў Брагіне, скончыла мясцовую школу. Сямейныя каштоўнасці і прыклад блізкіх адыгралі важную ролю ў фарміраванні яе асобы. Уплыў на выбар прафесіі аказала маці Наталля, якая працавала санітаркай у ЦРБ.
– Мне падабалася назіраць за працэсамі ў бальніцы, дзе панавала атмасфера дапамогі людзям, – успамінае дзяўчына.
Ранняя цікавасць да медыцыны, падмацаваная сямейным прыкладам, стала падмуркам, з якога вырасла яе прызванне.
У школьныя гады Ларыса захаплялася тэатральным мастацтвам, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Будучы падлеткам, адкрыла для сябе свет навуковага жанру, зацікавілася кнігамі пра медыцыну. Менавіта ў школе канчаткова сфарміраваўся яе выбар – дапамагаць людзям. Ён прывёў дзяўчыну ў Мазырскі дзяржаўны медыцынскі каледж.
Парадаксальна, але творчая натура зямлячкі знайшла сябе ў, здавалася б, зусім не творчай прафесіі. У медыцыне кошт памылкі высокі, бо ў адказе за жыццё і здароўе чалавека. Аднак менавіта магчымасць дапамагаць іншым прыносіць дзяўчыне задавальненне.
Акрамя таго, Ларыса з’яўляецца членам Маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў, актыўна ўдзельнічае ў рабоце Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі. Яна дагэтуль падтрымлівае сувязь з тымі, хто таксама звязаны з грамадскім жыццём яшчэ са школы.
– Гэтыя людзі – мая галоўная падтрымка, яны матывуюць мяне не спыняцца на дасягнутым, – кажа дзяўчына.
У Маладзёжным савеце пры Савеце Рэспублікі Ларыса працуе ў камісіі па сацыяльнай палітыцы і ахове здароўя. Яна выбрала гэты напрамак, бо ён цесна звязаны з яе прафесійнай дзейнасцю.
– Мне дапамагаюць калегі. Шмат чаму ў іх вучуся, – прызнаецца медык.
Здабытымі ведамі і вопытам яна дзеліцца з дзецьмі і дарослымі на малой радзіме. Мінулы год стаў для Ларысы асаблівым – яна прыняла ўдзел у тэлепраекце «Веды ў кубе» і выйшла ў фінал. Гэта стала яшчэ адным пацвярджэннем яе мэтанакіраванасці і эрудыцыі. Зямлячка з дзяцінства шануе беларускую культуру і мову. Яна пераканана: роля педагогаў у гэтым неацэнная. Таксама ў школьныя гады ёй былі блізкія біялогія і гісторыя.
У працоўным калектыве зямлячка адчувае падтрымку:
– Гэта дадае сіл і ўпэўненасці. Старэйшыя калегі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, навучыць, падказаць.
У прафесійныя абавязкі уваходзяць: першасны прыём пацыентаў, дыягностыка і лячэнне захворванняў, дыспансернае назіранне, прафілактычныя агляды. Ларыса вядзе медыцынскую дакументацыю, выдае лісткі аб непрацаздольнасці.
Акрамя медыцыны, зямлячка праяўляе цікавасць да мастацтва. Яе прыцягвае творчасць Марка Шагала – мастака-авангардыста. Цікавае супадзенне: на экзамене па гісторыі ў школе Ларысе дастаўся білет з пытаннямі аб гэтым ураджэнцы Віцебшчыны. Пазней ёй падарылі аўтабіяграфічную кнігу пра Шагала, якая стала адной з любімых.
У планах – атрыманне вышэйшай адукацыі, што пацвярджае імкненне да новых ведаў і прафесійнага росту.
– Не сумнявайцеся ў сваіх сілах, спрабуйце новае і ідзіце наперад. Любыя пазітыўныя змены ў жыцці прыносяць толькі карысць, – звяртаецца да сваіх аднагодкаў Ларыса Астапенка.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
