
Напэўна, для тых, хто пачаў свой працоўны шлях і працягвае яго на роднай зямлі, прафесіяналізм і абыякавасць – паняцці несумяшчальныя. У першую чаргу таму, што тут ты ніколі не будзешчужым: патрэбна апраўдаць ускладзеныя роднымі і блізкімі надзеі, заваяваць давер землякоў.
Калі казаць шчыра, то Людміла Мякшун аб справе медыцынскай сястры нават не марыла. Рашэнне прыйшло неяк само сабой і стала лёсавызначальным. Сведчанне таму – трыццаць шэсць гадоў дапамагае людзям быць здаровымі.
На жаль, вёска Людвінова, дзе нарадзілася Людміла Паўлаўна, цяпер знаходзіцца ў зоне адсялення. Яе другой малой радзімай стаў Камарын, куда яна пераехала пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС разам з бацькамі. А пазней, у 1990 годзе, калі закончыла Гомельскае медвучылішча, прыступіла тут да працы.
Самі родныя мясціны, дзе ўсё блізка, звыкла і знаёма, дадавалі сіл і ўпэўненасці ў сабе. Старэйшыя калегі дапамагалі набірацца вопыту. І яшчэ ў пачатку свайго прафесійнага шляху Людміла Паўлаўна засвоіла: акрамя спецыяльных ведаў, тут вялікае значэнне маюць чуласць і добразычлівасць, уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі.
Сённяшнюю медыцынскую сястру агульнай практыкі Камарынскай участковай бальніцы вылучае не толькі багаты прафесійны вопыт, але і сур’ёзны падыход да справы, высокае пачуццё адказнасці, душэўнае цяпло, якое яна шчодра дорыць землякам. Працуючы ў адной камандзе з урачом і яго памочнікам, Людміла Паўлаўна іграе важную ролю ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы захворванняў. У справе ёй дапамагаюць добрае веданне пацыентаў на сваім участку, іх характараў і ладу жыцця. Да кожнага, у залежнасці ад гэтага, умее знайсці падыход. «Калі бачыш, што чалавеку ў самыя цяжкія хвіліны падарыў надзею, дапамог, – гэта дарагога варта», – зазначае медсястра.
А дома, ужо пасля працоўных будняў, у святочныя ці выхадныя дні, жанчына з радасцю сустракае сваіх дзяцей і ўнукаў: вялікае шчасце для яе – быць маці і бабуляй.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
