
Для Наталлі Алейнікавай менавіта маці стала крыніцай унутранага цяпла, жыццёвай сілы і мудрасці.
Імя пісьменніцы і мастачкі з Брагіна Наталлі Алейнікавай ужо знаёмае чытачам нашага выдання: пра яе творчасць мы ўзгадвалі на старонках газеты. Аднак на гэты раз падставай вярнуцца да яе гісторыі стала не толькі творчасць, але і светлая памяць аб самым дарагім для яе чалавеку – маці Надзеі Васільеўне.
Нагадаем, што першая кніга зямлячкі – «Ажыццяўляюся табою» – пабачыла свет у 2018 годзе. Яна стала не толькі дэбютам, але і адкрыццём: значная частка твораў прысвечана Палессю, роднаму краю аўтара. У зборніку прадстаўлены вершы, напісаныя як на беларускай, так і на рускай мовах, якія раскрываюць багацце культуры і прыроды рэгіёна. Ёсць у гэтых радках і ўспаміны пра Брагін, і глыбокі роздум на тэму чарнобыльскай трагедыі. Другая кніга Наталлі, якая ўяўляе сабой зборнік афарызмаў, пацвердзіла яе талент і разнастайнасць творчага мыслення.
Варта прыгадаць і пра ілюстрацыйную працу: Наталля ажыўляе свае тэксты, стварае ўнікальныя візуальныя вобразы. Яна таксама захоплена жывапісам – піша карціны маслам, выкарыстоўвае пастэль і ўсё часцей выбірае кардон у якасці матэрыялу.
За яе плячыма – восем персанальных і адна калектыўная выстава, што кажа аб значным укладзе ў мастацкае асяроддзе. Акрамя таго, Наталля Алейнікава актыўна займаецца перакладам паэзіі. Яна лаўрэат першай ступені міжнароднага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы».
Самым важным чалавекам у жыцці зямлячкі заўсёды заставалася яе мама. 8 чэрвеня Надзеі Васільеўне магло б споўніцца 67 гадоў. Родам яна з вёскі Даўгалессе, што на Гомельшчыне. Сваёй дачцэ прывіла любоў да кніг і паэзіі. Замест начных казак чытала Наталлі вершы, напаўняла яе ўнутраны свет. Мама для яе была не проста блізкім чалавекам, а сябрам.
Пісьменніца з цеплынёй гаворыць пра тое, што менавіта маці стала для яе крыніцай унутранага цяпла, жыццёвай сілы і мудрасці, якія натхняюць на творчасць. Яна ўспамінае сваю маму як аптымістычную, добрую, дыпламатычную, прыгожую і вельмі адукаваную жанчыну з вытанчанымі манерамі і глыбокім разуменнем жыцця. Надзея Васільеўна заўсёды цікавілася меркаваннем дачкі, падтрымлівала яе на кожным кроку і казала: «Як жа мне пашанцавала з табой, ты мой лепшы сябар».
У гэтай гісторыі ёсць і сімвалічнае: кнігу «Ажыццяўляюся табою» Наталля ўзяла ў рукі менавіта 8 чэрвеня, у дзень нараджэння маці. Больш за тое, яе ўручыла менеджар рэдакцыі па прозвішчы Знак. Для Наталлі гэта стала важным знакам: на шляху творчасці, які яна выбрала, няма выпадковасцей, ёсць толькі наканаванасць і прызванне.
Наталля Алейнікава называе маму сваёй музай, што цалкам зразумела. Эсэ «Палеская Муза з родных мясцін», якое яна прысвяціла Надзеі Васільеўне ў сваім зборніку афарызмаў, адлюстроўвае тую глыбокую сувязь, якая была паміж імі. Гэта жанчына, дзякуючы якой у жыцці Наталлі назаўсёды засталіся паэзія, святло і пачуццё гармоніі. Маці застаецца ў сэрцы своеасаблівым маяком, які асвятляе яе шлях.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
