Не бульбай адзінай: нечаканыя факты пра беларускую кухню

Беларуская кухня Грамадства

У той час як італьянцаў асацыююць са спагецці і піцай, французаў – з круасанамі, беларуская кухня захоўвае мноства сваіх унікальных асаблівасцяў, далёка не заўсёды звязаных толькі з бульбай. Разбіраемся, чым частавалі гасцей нашы продкі, адкуль пайшла мянушка «бульбашы» і ці праўда, што ў традыцыйных беларускіх рэцэптах можна знайсці сляды італьянскай лазаньі. Вашай увазе – топ цікавых фактаў пра беларускую нацыянальную кухню.

Продкі вегетарыянцы

Старажытныя рэцэпты сведчаць, што рацыён беларусаў быў разнастайным, але пры гэтым вельмі рацыянальным і эканомным. Нягледзячы на наяўнасць хатняй жывёлы, мясныя стравы гатавалі пераважна па вялікіх святах, асабліва зімой, калі мяса лепш захоўвалася. Сала, каўбасы і вяленае мяса бераглі для гарачай пары сенакосу і жніва, калі арганізму патрабавалася дадатковая энергія. Асновай жа харчавання былі вегетарыянскія стравы: хлеб, розныя кашы і, вядома, гародніна.

Сталі беларусамі

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, згодна з энцыклапедыяй беларускай кухні «Смачна есці», бульба з’явілася на беларускіх землях толькі ў XVIII стагоддзі. Да гэтага часу аснову рацыёну складалі бабовыя: гарох, сачавіца, а таксама папулярнымі былі гародніна накшталт агуркоў, морквы, капусты і пастарнака. Існуе нават народная прыпеўка, якая адлюстроўвае гэтую гастранамічную эпоху: «Танцавала рыба з ракам, а пятрушка з пастарнакам. А цыбуля дзівавала, што пятрушка танцавала». Толькі да канца XIX стагоддзя бульба заняла лідзіруючыя пазіцыі, стаўшы асновай для ўсенародна любімых дранікаў.

Бліны каралі стала

Бліны былі адной з самых папулярных і даступных страў. Менавіта імі беларусы часцей за ўсё пачыналі свой дзень – сытна і эканомна. Асабліва смачнымі яны атрымліваліся з мачанкай або верашчакай. Бліны выпякалі з жытняй, пшанічнай і нават грачанай мукі, апошнія называліся «грачанікамі». Гэта страва заняла значнае месца ў культуры, з’явіўся нават аднайменны танец, які выконваўся пад словы: «Гоп, мае грачанікі, гоп, мае ясныя. Чаму, мае грачанікі, такія нясмачныя?!». Цікава, што ў некаторых рэгіёнах захаваліся ўнікальныя традыцыі выпечкі бліноў, напрыклад, у вёсцы Радзюкі Шаркаўшчынскага раёна бліны дагэтуль гатуюць на калодзе (хоць цяпер часцей па святах).

Беларусы амаль не ўжывалі малака

Нягледзячы на наяўнасць у кожнай гаспадарцы кароў, малако ў чыстым выглядзе ўжывалася не так шырока. Асноўным спосабам яго спажывання і захоўвання быў сыр. Асабліва шанаваўся традыцыйны літоўскі сыр – клінковы, з дабаўленнем кмену. Смятану і алей, як і цэльнае малако, выкарыстоўвалі ў асноўным для запраўкі каш, супаў і іншых страў, а самастойнае іх ужыванне было менш распаўсюджана.

Італьянскія карані ў беларускай печы

Многія звыклі асацыяваць беларускую кухню з такімі стравамі, як верашчака, мачанка, дранікі і клёцкі. Аднак, як аказалася, нашы продкі не цураліся і запазычаных кулінарных ідэй. У беларусаў існаваў уласны рэцэпт стравы пад назвай «лазанкі», які, верагодна, прыйшоў з італьянскай кухні праз Польшчу. Рэцэпт просты: цеста з пшанічнай, жытняй або грачнёвай мукі тонка раскатвалі, рэзалі на квадраты ці трохвугольнікі, варылі, а затым залівалі смятанай, смажанымі скваркамі з цыбуляй. У больш дасканалых варыянтах адвараныя лазанкі тушылі ў печы са смятанай або запякалі з мясам і капустай.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,   Viber.