
22 чэрвеня – дзень, у які 85 гадоў таму мірнае неба нашай Радзімы раскалолася ад выбухаў. Германская армія без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз, і менавіта наша рэспубліка першай прыняла на сябе ўдар ворага. Але тады яшчэ ніхто не ведаў, што наперадзе чакаюць 1418 доўгіх і неймаверна цяжкіх дзён і начэй. Што хутка тыя, хто спакойна жыў, працаваў, радаваўся, марыў, будаваў планы, стануць франтавікамі і партызанамі, вязнямі канцлагераў, ваеннапалоннымі, сіротамі, інва-лідамі… Што вайна загубіць мільёны жыццяў, спаласуе родную зямлю акопамі і варонкамі, пакіне глыбокія шрамы і незагойныя раны ўнутры.
З першых дзён Вялікай Айчыннай Беларусь – арэна буйнейшых бітваў. І ўжо пачатак баявых дзеянняў паказаў: так проста свае землі фашыстам абаронцы не аддадуць – будуць стаяць насмерць.
Сімвал мужнасці і сілы духу нашага народа – Брэсцкая крэпасць, якую праціўнік разлічваў узяць за лічаныя гадзіны. А яна, сцякаючы крывёю, трымалася да апошняга. Асобныя групы савецкіх воінаў працягвалі ўпарта супраціўляцца амаль да канца ліпеня 1941-га. У змаганнях загінула каля 2000 чалавек.
Не менш цяжкай была Смаленская бітва і абарончыя аперацыі пад Масквой сорак першага – гітлераўскі план разгрому Савецкага Саюза за некалькі тыдняў чырвонаармейцы сарвалі, аказаўшы моцнае супраціўленне. Яны прадэманстравалі ў баях неверагодную стойкасць і адвагу, што прывяло да поўнага краху бліцкрыгу.
«Беларусь, якая страціла ў Вялікай Айчыннай кожнага трэцяга, разбураная, спаленая, але непакораная, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза выратавала планету ад карычневай чумы. Гэта найвялікшая заслуга, гонар беларускага народа, усяго савецкага народа. Ад гэтага гонару мы ніколі не павінны адмовіцца», – адзначыў наш Прэзідэнт 7 мая бягучага года, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер напярэдадні Дня Перамогі.
І сапраўды, з фашызмам змагаліся прадстаўнікі ўсіх пятнаццаці братэрскіх рэспублік. Кожны помнік савецкім героям – напамін аб гэтым: прыходзім, смуткуем, ганарымся, дзякуем, ускладваем кветкі… І не сумняваемся: гэта савецкі салдат выратаваў свет ад карычневай чумы. Яму не было роўных у мужнасці, адданасці Айчыне. Ён дайшоў да Берліна.
На вялікі жаль, не ўсе грамадзяне цяпер ужо незалежных, а не ў складзе СССР дзяржаў бачаць сябе нашчадкамі той гераічнай гісторыі, нашчадкамі пераможцаў. Шкада. Шмат дзе ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры расстаўляюцца знакі прыпынку ў фразе «забыць нельга памятаць». Балюча.
Навошта, здавалася б, пазбаўляюць цэлыя народы гістарычнай праўды, прымяншыць уклад Савецкага Саюза ў Вялікую Перамогу? Адказ відавочны: каб пабудаваць новы сусветны парадак, у якім нам, беларусам, як і больш за 80 гадоў таму, будзе адведзена роля рэсурснага прыдатка заходніх дзяржаў, а нашай рэспубліцы зноў наканаваны лёс «жыццёвай прасторы» для «квітнеючага саду» Еўрасаюза.
Выходзіць, камусьці выгадна скажаць гісторыю, змяшчаць акцэнты, падаваць ілжывыя карціны падзей, глядзець скрозь пальцы на адраджэнне нацызму, пісаць «патрэбныя» падручнікі. Такім чынам можна маніпуліраваць свядомасцю людзей.
Гэтым жа тлумачыцца і пастаўленая на паток «работа» па выкараненні ўсяго камуністычнага ў шэрагу краін, дзе які год бязлітасна знішчаюцца манументы савецкім воінам. Вар’яты называюць іх помнікамі хлусні, зусім забыўшы, хто іменна вызваліў свет ад фашысцкай нечысці. З 1990-х гадоў – больш за 3,5 тысячы такіх зняважлівых фактаў. А поруч з гэтым робяцца спробы гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, узвялічвання здраднікаў і прыспешнікаў фашызму.
Такое проста не паддаецца ніякаму асэнсаванню і чалавечаму розуму. А недзе з’яўляецца нацыянальнай палітыкай. Нягледзячы на тое што развязаная фашыстамі вайна стала планамерным вынішчэннем славянскіх народаў. Упартым і сістэмным. Шляхам масавых забойстваў мірнага насельніцтва, карных аперацый, прымусовага вывазу на рабскую працу ў Германію, стварэння лагераў смерці… Усё гэта ставіў на мэце генеральны план «Ост».
Дастаткова прыгадаць маніякальную заяву ашалелага Гітлера: «Калі мы хочам стварыць нашу вялікую нямецкую імперыю, мы павінны перш за ўсё выцесніць і знішчыць славянскія народы – расіян, палякаў, чэхаў, славакаў, балгар, украінцаў, беларусаў. Няма ніякіх прычын не зрабіць гэтага». Вось ад якой згубы, страшэннай чумы пазбавілі савецкія людзі Еўропу і ўвесь свет.
У Беларусі прадугледжвалася знішчыць ці выселіць на ўсход 75 працэнтаў насельніцтва, непрыдатнага, з пункту гледжання гітлераўцаў, па так званых расавых і палітычных ацэнках. А астатнія падлягалі анямечванню ці выкарыстанню ў якасці сельскагаспадарчых рабоў.
«Наш абавязак – захаваць праўду пра тую вайну, распавядаць усё, нават тое, што цяжка часам вымаўляць», – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, прымаючы 9 мая ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі.
Недапушчальнасць скажэння гісторыі і гераізацыі нацызму ў нашай краіне замацавана заканадаўча. А злачынствы супраць чалавецтва – без тэрмінаў даўнасці. У красавіку 2021 года Генпракуратура рэспублікі ўзбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А ў сярэдзіне ліпеня 2023-га наш Прэзідэнт падпісаў закон аб унясенні змен у крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць памерлых нацыстаў. Здавалася б, навошта?
Па-першае, гэта памяць аб нашых продках, якія загінулі ад рук катаў. Расследуюцца жахлівыя факты і выкрываюцца новыя. Вывучаецца шмат архіўных дакументаў і тысячы крымінальных спраў. Многія звесткі ўпершыню рассакрэчаныя. Важна аднавіць поўную карціну генацыду. Так мы спазнаём сваю гісторыю – праз усю трагедыю і боль.
Па-другое, даказаная вінаватасць карнікаў – адказ тым, хто стварыў іх станоўчыя вобразы, спрабуючы узвялічыць, гераізаваць. Гэта яшчэ адно пацвярджэнне непахіснай рашучасці нашай дзяржавы абараняць гістарычную праўду. І менавіта дакументальныя сведчанні з’яўляюцца безумоўным аргументам у пытанні генацыду беларускага народа. Аб зверствах катаў, чые рукі ў крыві, павінна ведаць сусветная грамадскасць. Мы асуджаем фашызм ва ўсіх яго праявах.
І, нарэшце, тыя, хто вырас у спакойнай, міралюбівай краіне, павінны ведаць, як было тады, у мінулым, каб не стаць прыслужнікамі Захаду. Памяць – духоўны падмурак будучыні. Яна выхоўвае патрыятызм і забяспечвае пераемнасць пакаленняў, з’яўляецца залогам таго, што разбуральныя войны не паўторацца. Адпаведна, гэта яшчэ пытанне ўмацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі.
Беларусь не мае намеру замоўчваць: гітлераўцы і іх прыслужнікі загубілі ў нашай рэспубліцы каля 3 мільёнаў мірных грамадзян і ваеннапалонных. Спалілі звыш 12 860 сёл і вёсак, з якіх не менш чым 290 раздзялілі лёс Хатыні – былі знішчаны разам з насельніцтвам і не адрадзіліся. Больш за 380 тысяч чалавек фашысты сагналі ў рабства, з якіх дзясяткі тысяч загінулі. Масавае знішчэнне было пастаўлена на паток і вялося самымі варварскімі метадамі і сродкамі. Выкарыстоўваліся расстрэлы і шыбеніцы, газавыя камеры, спальванне, голад, распаўсюджванне эпідэмій. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш за 570 канцлагераў.
Бясспрэчны факт: акупанты грэбавалі ўсімі міжнароднымі прававымі нормамі. Іх злачынствы былі страшныя па сваёй масавасці і жорсткасці, уяўлялі жудасную сатанінскую з’яву. Пасля сябе нацысты пакінулі крывавы след. Але многія віноўнікі жахлівых злачынстваў або пазбеглі адказнасці, або абышліся чыста сімвалічным (у параўнанні са здзейсненым) пакараннем. Зло фашызму, як мы бачым, аказалася жывучым. І сённяшнія падзеі прымушаюць зноў і ізноў звяртацца да вопыту мінулага.
Урокі гісторыі вучаць нас: сіла – у адзінстве. Таму разам адстойваем права быць і называцца нашчадкамі Перамогі, каб захаваць яго і перадаць будучым пакаленням. Разумеем: дзякуючы агульным намаганням усіх брацкіх народаў Савецкага Саюза былі выратаваны мільёны жыццяў і адноўлены мір. Важкі ўклад у разгром гітлераўскай Германіі ўнеслі і беларусы: на франтах змагалася амаль паўтара мільёна нашых землякоў. А на акупіраванай тэрыторыі аб’явілі ворагу сваю вайну – народную. Барацьбу з ім вялі каля 400 тысяч партызан. Нездарма ў Беларусі ганаровае званне рэспублікі-партызанкі.
Мы шануем агульную гісторыю. Не толькі падтрымліваем у належным стане месцы, звязаныя с Вялікай Айчыннай, але і павялічваем іх колькасць.
Як пацвярджэнне – за апошнія пяць гадоў устаноўлена 338 твораў манументальнага мастацтва, прысвечаных падзеям ваеннай гісторыі. Ажыццяўляюцца будаўнічыя і рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на аб’ектах, якія з’яўляюцца помнікамі гісторыі і архітэктуры.
У час адкрыцця музея Славы Магілёўшчыны ў ліпені мінулага года кіраўнік нашай дзяржавы заклікаў людзей прыходзіць да такіх памятных месцаў: «Яшчэ ёсць пакаленне савецкіх людзей, якія шануюць гэтую памяць аб Вялікай Айчыннай. І гэтыя людзі могуць моладзі перадаць гэты вопыт. Каб яны разумелі, навошта мы гэта робім».
Працягваецца і пошукавая дзейнасць, устанаўліваюцца імёны герояў, якія раней лічыліся невядомымі, знаходзяць спакой загінуўшыя салдаты, а іх сем’і – доўгачаканую праўду.
Усё гэта важна, каб захаваць у сваёй краіне мір, традыцыі, духоўны стрыжань.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook, Viber.
